Антысавецкі фальклёр: Хавайцеся, бальшавікі, бо Нілёнак блізка!

Станіслаў Булак-Балаховіч. Братам Нілёнкам у Вяліскім паўстаньні дапамагалі і балахоўцы

Беларуская народная творчасьць пра камуністычную эпоху не безасабовая, яна зьберагла імёны канкрэтных гістарычных постацяў. З прыпевак і показак добра відаць, на чыім баку народная сымпатыя.

Паўлюк і Іван Нілёнкі

У Вяліжы дождж ідзе,
А ў Віцебску сьлізка,
Хавайцеся, бальшавікі,
Бо Нілёнак блізка.

Запісаў беларускі пісьменьнік Юрка Віцьбіч, удзельнік і дасьледнік антыбальшавіцкіх паўстаньняў, у сваім родным Вяліжы (цяпер у складзе РФ). Браты Паўлюк і Іван Нілёнкі зь вёскі Вароніна — адны з кіраўнікоў Вяліскага антыкамуністычнага паўстаньня дзясяткаў тысяч сялянаў і мяшчанаў у лістападзе 1918 г. Паўстанцы мелі сувязь з аддзеламі С. Булак-Балаховіча. Паўстаньне патапілі ў крыві бальшавікі рукамі аддзелаў ЧК.

Станіслаў Булак-Балаховіч

Ой-жа і сынкі былі ў бацькі Булака,
Ой-жа і коні былі ў бацькі Булака!
Там, дзе праляталі тыя птахі-коні,
Тры гады трава не расла.

Паводле Юркі Віцьбіча

Едзе, едзе продразьвёрстка,
Ужо вёска блізка,
А на самым першым возе
Едзе камуністы.

Едзе, едзе камуністы,
У равольвар сьвішча —
Хавай, баба, хлеб ды сала,
Жыта на гарышча!

Цьвіце, цьвіце чарамшына,
А ў ёй балахоўцы —
Парубалі продразьвёрстку
Маладыя хлопцы.

Бяжыць, бяжыць камуністы,
Сэрца занялося,
Балаховец бомбу кінуў —
Усё і сканчылося!

Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч узначальваў Асобны атрад БНР, зьдзейсніў Палескі паход 1920 г. Продразьвёрстка — бальшавіцкая сыстэма канфіскацыяў харчу ў сялян. Песьню сьпявалі ўдзельнікі „Талакі“ ў БССР у сярэдзіне 1980-х.

Юрка Лістапад

Юрка Лістапад

Студэнт-іншаземец здае ў БДУ беларускую мову, а ягоны сябра-беларус падказвае з аўдыторыі на мігі.

Экзамэнатар:
— Першы месяц году?
Сябра трасецца як ад холаду.
Іншаземец:
— Студзень!
— Добра. Восьмы месяц?
Сябра імітуе рухі сярпом.
— Жнівень!
— Добра! Адзінаццаты месяц?
Сябра кідае ліст на падлогу.
— Лістапад! – радасна кажа студэнт. Тут заходзіць сакратар парткаму і, пачуўшы „Лістапад!“, ад жаху траціць прытомнасьць.
Студэнт, засумняваўшыся ў ранейшым адказе, прыглядаецца да партыйнага чыноўніка:
— Падзень? Не, ужо трупень...

Паводле пераказу Сяргея Крапівіна. Юрка Лістапад — адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну БНР 1920 г. Пэдагог, пісьменьнік. Арыштаваны ГПУ ў 1925, расстраляны ў 1938. Пакуль няма зьвестак, каторая вэрсія гэтай спэцыфічна беларускай показкі была перш — „унівэрсытэцкая“ палітычная ці агульнавядомая непалітычная.