Віцебскі блогер, якому спалілі машыну: «Я ведаў, што раблю небясьпечную справу»

Яўген Куляшоў, архіўнае фота

Відэаблогер Яўген Куляшоў, які здымае ролікі аб парушэньнях на віцебскіх СТА, тры дні таму сам трапіў у навіны беларускіх і замежных СМІ: нехта падпаліў ягоны Volkswagen Passat CC, прыпаркаваны каля дома. Хлопец не выключае, што гэта помста за крытыку; гэтаксама лічаць і ягоныя падпісанты.

Ідзе сьледзтва, у падпале машыны падазраюць дырэктара адной з раскрытыкаваных блогерам станцый тэхабслугоўваньня. Ён затрыманы. Блогер Яўген Куляшоў ходзіць у Сьледчы камітэт на допыты, ягоныя паказаньні ўжо праверылі на паліграфе.

У камэнтарах да навіны пра здарэньне часам фігуруе думка, што з падпалам справа нячыстая. Маўляў, Куляшоў абвясьціў, што разыграе аўтамабіль сярод падпісчыкаў ягоных каналаў на Youtube, калі ня здолее заробіць 50 тысяч даляраў за паўтара года. А зарабіў толькі каля паловы.

Ці ня стала яму шкада аддаваць абяцанае? Да такіх разважаньняў сам блогер ставіцца крытычна.

«Я ўсё разьлічыў, перш чым абвясьціць розыгрыш. Усё ў мяне мусіла быць добра! Аддаць машыну праз уласнае глупства я не зьбіраўся! Вельмі адказна стаўлюся да грошай. Але я чалавек слова: сказаў, што аддам, значыць аддам. Калі сказаў, што заплачу 5 тысяч даляраў за інфармацыю пра падпал, то так і будзе. Мне ўжо напісалі 5 чалавек, але нічога карыснага ў гэтых допісах пакуль няма», — кажа Куляшоў.

Яўгену Куляшову 26 гадоў. Ён скончыў тэхналягічны ўнівэрсытэт, шмат вольнага часу аддае свайму хобі: ён заўзяты аўтамабіліст. Захапленьне даўняе, за стырно марыў сесьці зь дзяцінства, быў шчасьлівы, калі бацька дазваляў «паруліць». Ён перакананы, што любоў да машын — гэта ў кожнага хлопца ў крыві. Зь цягам часу Яўген захапіўся вывучэньнем тэхнічнай будовы аўтамабіляў, і свой канал на youtube.com ад пачатку зарэгістраваў, каб дзяліцца сваімі думкамі зь іншымі аўтааматарамі.

«Не сказаць, каб я да гэтага „доўга ішоў“. Проста падумаў: а чаму б і не? Чаму не здымаць відэаролікі, каб іх паглядзелі і ацанілі іншыя? Узяў свой айфон і папрасіў сябра, каб ён мяне зьняў. Мне было цікава, ці змагу я гаварыць перад камэрай бяз дубляў. І мой аповед пра аўтамабіль мы запісалі зь першага разу! А на гэты момант мае ролікі маюць такі фармат, што апэратар мне не патрэбен. Калі ж бываюць акалічнасьці, што безь яго ніяк, то пагаджаюцца дапамагчы сябры», — распавядае пра сваю творчасьць Куляшоў.

Цяпер у хлопца ёсьць два каналы на Youtube (адзін мае 137 тысяч падпісантаў, другі 10 тысяч, самае папулярнае відэа набрала 2 млн праглядаў), дзе робіць транспартныя агляды і выкрывае парушэньні на станцыях тэхнічнага абслугоўваньня. У лістападзе 2016 году ён распачаў адмысловы прыватны праект «Как нас разводят на СТО».

Машына Куляшова да падпалу

Навошта? З пачуцьця справядлівасьці, мяркуе Куляшоў.

«Напэўна, гэта ў мяне ўнутры! Я не магу прайсьці міма, калі пяцёра лупцуюць аднаго. Калі бабка ў трамваі стаіць, а здаровыя мужыкі побач сядзяць. І калі я ўбачыў, што робіцца на СТА, як падманваюць кліентаў, вымагаючы зь іх грошы, але пра гэта ўсе маўчаць, то зразумеў: я маўчаць не змагу. Проста страчу сябе, калі прамаўчу. І я пачаў пра гэта расказваць», — гаворыць хлопец.

І прызнаецца: ад самага пачатку выдатна разумеў, што гэта небясьпечны занятак.

«Безумоўна, было зразумела: калі ты замінаеш камусьці браць грошы, наступствы могуць быць якія заўгодна! Калі б гэта было цалкам бясьпечна, ніхто б не маўчаў, усе пратэставалі б! Але ў большасьці сваёй у нас людзі ледзь што — мая хата з краю, рабіце што хочаце, толькі мяне не чапайце. Я не з такіх», — разважае Куляшоў.

Паводле хлопца, ён быў гатовы, што яго калі-небудзь могуць пабіць у цёмным завулку. Але каб падпалілі машыну, такога нават уявіць ня мог.

«Той ноччу я спаў. Прачнуўся ад крыкаў у двары. У мяне адразу шок. Я проста аслупянеў! Толькі потым усьвядоміў: дзейнічаць такім чынам могуць толькі слабыя людзі, якія баяцца нешта выказаць табе проста ў твар. Вядома, у мяне былі канфлікты на СТА, супраць мяне падавалі судовыя пазовы. Але, каб падпаліць машыну, такога я ніколі не чакаў. Нават ня думаў, што такое магчыма ў Беларусі», — абураецца Куляшоў.

Ён перакананы, што сьледчыя зробяць усё магчымае, каб разабрацца і знайсьці вінаватых. Да пажару Volkswagen Passat CC, паводле яго, каштаваў 12 тысяч даляраў. Цяпер агнём пашкоджаныя пярэдняя левая частка машыны і маторны адсек. Але гэтага камусьці здалося мала: нехта разьмясьціў на «Куфары» абвестку ад імя Куляшова, што аўтамабіль прадаецца за названую вышэй суму. Блогер запатрабаваў, каб абвестку зьнялі. Сваё аўта ён прадаваць не зьбіраецца.