Яўген Куляшоў мае некалькі каналаў на Youtube, дзе выкрывае парушэньні ў працы віцебскіх СТА. Уночы з 26-га на 27 студзеня невядомыя падпалілі ягоны Volkswagen, прыпаркаваны каля дома. Блогер не выключае, што галоўны матыў падпальшчыкаў — помста за выкрывальніцкія відэаролікі, і просіць дапамогі ў іншых аўтааматараў.
Здымак абгарэлага аўтамабіля Яўген Куляшоў апублікаваў на сваёй старонцы «УКантакце» і паабяцаў інфармаваць падпісчыкаў пра хаду справы.
Паводле відэаблогера, пошукі злачынцаў ужо ідуць, але ён ня мае права раскрываць таямніцу сьледзтва. Каб дапамагчы знайсьці падпальшчыкаў, ён зьвярнуўся да ўладальнікаў відэарэгістратараў, якія маглі зафіксаваць факт падпалу.
Пазьней блогер дадаў і відэазварот да жыхароў Віцебску, гатовых дапамагчы ў расьсьледаваньні. І не бясплатна, а за грашовую ўзнагароду.
«Я безумоўна веру ў тое, што нашы праваахоўныя органы прыкладуць усе намаганьні, каб злавіць зламысьнікаў. Але са свайго боку абвяшчаю пра ўзнагароду 5 тысяч даляраў за любую вартую даверу інфармацыю пра тых, хто гэта зрабіў», — гаворыць блогер.
Ён кажа, што не зьбіраецца пакідаць справу з падпалам без увагі і што зламаць яго нікому ня ўдасца — ён і надалей будзе «паказваць праўду».
Блогер мае два каналы на Youtube (адзін мае 137 тысяч падпісантаў, другі 10 тысяч, самае папулярнае відэа набрала 2 млн праглядаў), дзе робіць транспартныя агляды і выкрывае парушэньні на станцыях тэхнічнага абслугоўваньня. У лістападзе 2016 году ён распачаў адмысловы прыватны праект «Как нас разводят на СТО» — цыкль відэаролікаў, прысьвечаных гэтай праблеме. Далучыцца да выкрываньня ён прапанаваў і сваім падпісантам, каб яны паведамлялі яму пра падобныя факты. Часам інцыдэнты з СТА заканчваліся судамі, ініцыяванымі супраць відэаблогера; ён прайграваў, але гэта не спыняла ягонага імпэту.
Што да спаленай машыны, то яна мусіла стаць лотам розыгрышу, абвешчанага Куляшовым паўтара года таму. Паводле блогера, ён зьбіраўся разыграць яе сярод сваіх падпісчыкаў, калі ён ня здолее зарабіць на праглядах 50 тысяч даляраў за паўтара года. Да таго часу, як машыну падпалілі, відэаблогер сабраў каля паловы гэтай сумы. Да сканчэньня тэрміну заставалася амаль 9 месяцаў.
Інфармацыя пра падпал шырока разышлася па інтэрнэце, адзначае блогер, і адразу павысіла колькасьць ягоных падпісчыкаў. Некаторыя зь іх нават пералічваюць грошы на рамонт пашкоджанага аўто.