Аляксандар Лукашэнка прызначыў Уладзіслава Будзіка начальнікам 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў, перадае БЕЛТА.
Уладзіслаў Будзік — палкоўнік, былы начальнік упраўленьня службы войскаў Узброеных сілаў Беларусі. Лукашэнка паабяцаў яму, што раней ці пазьней прыедзе ў Печы.
Таксама Лукашэнка пракамэнтаваў справу Аляксандра Коржыча, які загінуў у гэтым цэнтры:
Усялякае ў войску бывае, але ў беларускім войску гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына.
«Тое, што адбылося ў вашай частцы, гэта катастрофа, — сказаў Аляксандар Лукашэнка Будзіку. — Я не перабольшваю. Усялякае ў войску бывае, але ў беларускім войску гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына. Яно сапраўды так.
Я далёкі ад таго, каб гэтая пляма легла на ўсё войска, як там некаторыя нашы апанэнты папісвалі ў інтэрнэце. Гэта войска. Зразумела, што гэта адмысловая, суворая служба, і яна заўсёды будзе такой. Але дзедаўшчына непрымальная».
Зьвярнуўшыся да міністра абароны Андрэя Раўкова, Лукашэнка сказаў:
«Я спадзяваўся, што вы з гэтымі пытаньнямі справіцеся, а вы іх ня бачылі пад бокам, у Барысаве. Гэта катэгарычна непрымальна. Ніколі не было такой плямы на войску, як у сувязі з гэтым».
Ён прыгразіў вайсковым начальнікам, што калі падобныя выпадкі будуць паўтарацца, «потым і разьбірацца ня будзе».
Паводле Лукашэнкі, прыклад таго, «як трэба з моладзьдзю размаўляць», варта браць з МУС, бо ў структуры МУС «дзедаўшчыны не адзначаецца», бо там па-людзку ставяцца да людзей і «амапаўцы, дзякуй богу, падрыхтаваныя».
Не забіраць у войска адзінага сына ў сям’і
Лукашэнка прапанаваў часьцей адпускаць хлапцоў з «вучэбкі» дамоў («раз-два на месяц») і не прызываць у войска мужчыну, калі ён — адзінае дзіця ў сям’і, бо «адзіны сын — адзіная апора, надзея». Але Лукашэнка мяркуе, што многія бацькі з задавальненьнем аддаюць дзяцей служыць, бо войска — «добрая школа жыцьця».
«У мяне дзеці служылі ў спэцпадразьдзяленьнях і поўзалі на мяжы так, як мае быць, — дадаў Лукашэнка. — Але яны прайшлі праз гэта».
* * *
Як разьвіваюцца падзеі ў Печах
Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
У сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных спраў
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Коржычавы таварышы па службе цяпер атрымліваюць пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вядуць альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў пяць службовых асобаў 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, чатыры службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».
Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасадаў камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.