Апытаньне «Свабоды»: «Як вы лічыце, ці насьпелі ў Беларусі палітычныя зьмены? Пры якіх умовах яны могуць адбыцца?». Адказвалі жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
Малады спадар: «Насьпелі! Прамысловасьць у нас уся стаіць. Нічога не працуе. Па тэлебачаньні паказваюць, як усім, выбачайце, устаўляюць па пятае чысло. Аднак у Магілёве, па сутнасьці, хоць адно прадпрыемства, якое нармальна працуе, ці ёсьць? Людзі па два мільёны зарабляюць. У адпачынках за ўласны кошт 70 працэнтаў людзей сядзяць. Вось вам і сытуацыя, у якой рэформы насьпелі. Эканоміка і палітыка — яны ж узаемазьвязаныя. Іначай не павінна быць».
Спадар сталага веку: «Я ня бачу замены нашаму прэзыдэнту. Урэшце, простыя прыклады — аўтобусы ходзяць, дзеці ў школы ходзяць, крамы працуюць, на вуліцах парадак. Мы ж бачым тое, што бачым, і карыстаемся тым, што маем».
Спадар сталага веку: «Рэформы? Якія рэформы? Беларусь у палітычным пляне — гэта могілкі, дзе мае голас адзін чалавек. Палітычныя рэформы — гэта калі ёсьць незалежная прэса і суды, і апазыцыя. Гэта ўсё нарошчваецца гадамі. Тут патрэбны чалавек, які пачаў бы гэтыя рэформы».
Малады спадар: «Я ня думаю, што ў нас адзін чалавек здольны кіраваць. У нас даволі разумных людзей, але ім наўрад ці даюць магчымасьць кіраваць. Калі ў нас Канстытуцыя цяпер ня ставіцца вышэй, чым указ прэзыдэнта, то што тут можна яшчэ сказаць?»
Спадар: «У маім разуменьні прэзыдэнт наш дужа дбае пра народ. Усе высілкі прыкладае, каб было ціха, спакойна ў нас. Не як ва Ўкраіне. І палітычных рэформаў ня трэба».
Малады спадар: «Такі час надышоў гадоў пяць як. Народ хоча нечага новага, нейкіх зьменаў. Вядома ж, я супраць такіх рэформаў, якія праходзілі, напрыклад, ва Ўкраіне, у Данецку, Луганску — нам такое не патрэбна. Я разумею, што наша кіраўніцтва краіны такога не дапусьціць. Гэта слушна. Я з гэтым згодны».
Юнак: «Думаю, што не. Мне ўсё падабаецца ў Беларусі. Я люблю сваю краіну. Усё».
Спадар: «Якія рэформы? Галоўнае, што ціха ў нас. Вось галоўная рэформа».
Спадар: «Палітычныя перамены ў любой краіне на парадку дня. Толькі трэба выбраць лепшыя перамены, каб яны прынесьлі дабрабыт народу. Калі пра нас казаць, то яны дужа слабыя. Але трэба мець храбрасьць рабіць гэтыя перамены».
Спадар: «Гэта толькі неразумны чалавек скажа, што мяняць нічога ня варта. З палітычнага гледзішча трэба мяняць і кіраўніцтва, а не сядзець і не глядзець гадамі на аднаго і таго ж чалавека».