Насупраць прахадной Міністэрства абароны Беларусі невядомы паставіў машыну, пад шклом якой быў плякат са словамі «Армія, дзе вешаюць нашых дзяцей — гэта ня армія. Гэта г***о. Чый сын наступны?».
Пра гэта першым паведаміў блогер Антон Матолька.
Празь некаторы час у рэдакцыю Свабоды даслалі новае фота, зробленае ля опэрнага тэатру ў Менску. Выглядае, што аўтамабіль перамяшчаўся з плякатам па горадзе.
На плякаце згадваюцца Аляксандар Коржыч, знойдзены ў вайсковай частцы павешаным са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай (першай вэрсіяй быў суіцыд, цяпер разглядаецца таксама вэрсія забойства), а таксама Арцём Басьцюк, які яшчэ ў сакавіку быў знойдзены павешаным у Барысаве за паўгода да Коржыча (крымінальную справу спачатку закрылі, цяпер аднавілі).
Беларусы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны праз сытуацыю з ахвярамі «дзедаўшчыны», але сайт для збору подпісаў «павалілі». На збор подпісаў Мінабароны адрэагавала заявай пра «антыармейскую кампанію» і скаргай на сайт у глябальны сэрвіс барацьбы са спамам. Днём раней баранавіцкі актывіст Партыі БНФ Мікола Чарнавус выйшаў зь плякатам з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з выпадкам гібелі салдата ў Печах.