15 сьнежня ў Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя «Пошук новага балянсу: як зрабіць сыстэму дзяржаўнага кіраваньня адпаведнай выклікам, што стаяць перад Беларусьсю». Досьведам рэформаў зь беларускімі калегамі падзяліліся экспэрты з Грузіі, Казахстану, Літвы, Расеі, Эстоніі.
У сваіх выступах беларускія аналітыкі акцэнтавалі ўвагу на тым, што для ўлады і недзяржаўнага сэктару важна зразумець і прааналізаваць, як рэгуляваўся балянс сілаў паміж рознымі групамі інтарэсаў у дзяржапаратах постсавецкіх краінаў, якія саюзьнікі прыцягваліся звонку. Бо адно не выклікае сумневу: рэформа сыстэмы дзяржкіраваньня ў Беларусі насьпела даўно і безь яе не абысьціся.
Як ацэньваюць якасьць рэформаў, праведзеных цягам чвэрці стагодзьдзя незалежнасьці, беларускія суседзі? Што могуць параіць і якія памылкі бачаць на адлегласьці? Свабода пацікавілася меркаваньнем літоўскага экспэрта, кансультанта кампаніі Toleco UAB Нэруса Ясінавічуса. Дык што беларуская сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня можа запазычыць з эўрапейскага, літоўскага досьведу ў прыватнасьці?
«Вельмі цяжка параўноўваць апэльсыны зь яблыкамі — у кожнага свае густы. У самым пачатку 1990-х, калі разваліўся СССР, усе мы пачыналі прыкладна ў аднолькавых стартавых умовах. Але эстонцам зарыентавацца дапамаглі фіны, латышам і літоўцам — па большай частцы швэды. Лічыцца, што Беларусі дапамагала Расея, хоць я ня ўпэўнены, што менавіта дапамагала, хутчэй — уплывала. Бо гэта краіна само паняцьце дапамогі трактуе як татальны ўплыў. Адсюль нават зьнешняя розьніца ў мадэлі дзяржаўнага кіраваньня».
Паводле суразмоўцы, асноўная праблема любых уладаў — нежаданьне карэнных пераменаў, што апрыёры мае на ўвазе зьмену звыклых умоваў існаваньня на нешта невядомае. А невядомасьць чыноўнікаў палохае:
«Самы важны момант у тым, што амаль ва ўсіх краінах надзвычай цяжка даходзіць да работнікаў дзяржсэктару, што жыцьцё не стаіць на месцы і трэба пастаянна мяняцца. Вось у бізнэсе гэта вельмі хутка адчуваецца: крыху прыпыніўся, крыху перастаў разьвівацца — адразу ж апярэдзілі канкурэнты і цябе як гульца на рынку папросту ня стала. У дзяржсэктары часам думаюць, што канкурэнцыі няма, можна адседзецца. Але ўсё ж канкурэнцыя існуе: людзі зараз куды больш мабільныя, чым яшчэ нядаўна. Тым ня меней, на дзяржаўным узроўні любыя зьмены адбываюцца нашмат павольней, у зьвязку з чым нэгатыўныя наступствы ня так адчуваюцца. Паўтаруся, калі ў бізнэсе імгненна адчуваеш, што траціш канкурэнтаздольнасьць, гнуткасьць, што спыніўся і не абнаўляесься, то ў дзяржструктурах такога няма».
Калі ў бізнэсе імгненна адчуваеш, што траціш канкурэнтаздольнасьць, гнуткасьць, што спыніўся і не абнаўляесься, то ў дзяржструктурах такога няма
Ці ёсьць у літоўскіх аналітыкаў адчуваньне, што Беларусь закансэрвавалася ў савецкім мінулым, дэманструючы адданасьць састарэламу стылю кіраваньня? Усё тая ж плянавая эканоміка, жорстка выбудаваная вэртыкаль улады. На колькі хопіць запасу падобнай мадэлі?
«Любы мэтад кіраваньня прымальны ў пэўных умовах. Але калі ўмовы мяняюцца, старыя падыходы ўжо не эфэктыўныя: тое, што спрацоўвала 15-20 гадоў таму, зараз можа не працаваць зусім. Не таму, што сыстэма дрэнная, а таму, што абставіны зьмяніліся, сыстэма ўжо не пасуе да рытму жыцьця. Узяць татальнае пранікненьне інтэрнэту, мабільнай сувязі — нават гэтыя рэчы як зьмянілі ўсё наша жыцьцё. Тое, пра што мы казалі: сьвет стаў нашмат больш мабільным, людзі рухаюцца, імігруюць, эмігруюць, перамяшчаюцца патокі капіталу. Нават калі зірнуць на ваенную сфэру — як памяняліся мэтады падрыхтоўкі апэрацый, сама ваенная парадыгма. З-за чаго? З-за таго, што мяняюцца абставіны. Альбо прыстасуесься пад новыя ўмовы, альбо будзеш дыназаўрам. А дыназаўр якім бы ні быў вялікім, якім ні быў моцным, вымер. Чаму? Своечасова не зьмяніўся, не прыстасаваўся, не рэфармаваўся. Прыклад зь бізнэсу: была кампанія, якую ведаў кожны — Nokia, колішні ўсясьветны лідэр у галіне мабільнай сувязі. Дзе яна зараз? Нават назвы на засталося. А ўсяго толькі своечасова не падстроіліся да нібыта невялікай зьмены — „разумных“ тэлефонаў. Думалі, што яшчэ доўга змогуць зарабляць на „неразумных“. І вось зь бюджэтам, большым за бюджэт Літвы ці Беларусі — зьніклі. Закон прыроды: ці ты прыстасоўваесься да новых умоваў, разьвіваесься, ці паміраеш».
У якой ступені на тле Беларусі рэфармавалася Літва? Наколькі дзяржаўны апарат краіны эўрапеізаваўся, стаў іншым у параўнаньні з суседкай, якая гатовая і далей карыстацца бюракратызаванай спадчынай?
Рэформы, зьмены — гэта працэс няспынны. Бо альбо ты разьвіваесься, альбо не
«Рэформы, зьмены — гэта працэс няспынны. Бо, як мы ўжо казалі, альбо ты разьвіваесься, альбо не. Зноў жа, мне па працы, як кансультанту, даводзіцца кантактаваць з прадстаўнікамі ўлады, кампаніямі і ў Заходняй Эўропе, і на постсавецкай прасторы. Калі параўноўваеш некаторыя рэчы — прыкладам, як робіцца бізнэс у Брытаніі — думаеш, якое ў нас у некаторых сфэрах яшчэ пячорнае стагодзьдзе, якая страшная бюракратыя. Але калі прыяжджаеш у такія краіны як Беларусь, Малдова, Украіна, разумееш, што мы на іх фоне адышлі даволі далёка. То бок, усё пазнаецца ў параўнаньні. Таму ў нечым у нас лепш, чым нават у заходніх краінах, бо мы маглі сабе дазволіць прапусьціць некаторыя этапы разьвіцьця, але ёсьць моманты, у якіх мы істотна адстаём. Ну, а ёсьць сфэры, у якіх нашмат пакінулі ззаду іншыя постсавецкія краіны. Прынамсі, у дзяржкіраваньні мы прасунуліся нашмат далей, чым Беларусь ці іншыя постсавецкія дзяржавы».
У падобным фармаце мерапрыемства праходзіла ўпершыню і складалася з тэматычных панэляў: «Этыка, празрыстасьць і „мяккія“ мэтады папярэджаньня карупцыі», «Інфармацыйныя тэхналёгіі ў дзяржкіраваньні: наўпроставая сувязь і адказнасьць», а таксама круглага стала «Дзяржаўнае кіраваньне: неабходная ўмова структурных рэформаў».
Арганізатарамі дыскусіі — Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня (BIPART) і Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).