Навошта ўлады рэанімуюць «Белы легіён»?

Дзяржаўныя мэдыі паведамляюць пра раскрыцьцё экстрэмісцкай арганізацыі «Белы легіён». Навошта ўлады запужваюць насельніцтва ўзброенымі баевікамі? Ці сапраўды сілавікі дэзынфармуюць Аляксандра Лукашэнку? Як працуе тэхналёгія стварэньня вобразу ворага?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Народная Воля» Аляксандар Фядута і палітоляг Юры Чавусаў.

Навошта ўлады запужваюць насельніцтва ўзброенымі баевікамі?

Валер Карбалевіч: «Напярэдадні апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка ўлады рэзка памянялі сваю рыторыку. Калі яшчэ 9 сакавіка Лукашэнка казаў, што людзі маюць права выходзіць на вуліцу, то цяпер зь ягоных вуснаў гучыць, што ўсе, хто выходзіць на акцыі пратэсту, — гэта ворагі, „пятая калёна“, яны імкнуцца да ўзброеных дзеяньняў. Мірная акцыя пратэсту атаясамліваецца выключна з „крывавым Майданам“. Чаму так рэзка ўсё памянялася, чаму ўлады вярнуліся да рыторыкі 1990–2000-х гадоў?»

Аляксандар Фядута: «Лукашэнка зразумеў, што вырашыць тое пытаньне, дзеля якога ён распачаў усю гэтую „адлігу“, немагчыма. Бо гэта пытаньне грашовае. А Захад грошы дае вельмі марудна, невялічкімі порцыямі.

Цяпер галоўнае, каб дзяржапарат і ягоны электарат бачылі, што ён кантралюе сытуацыю. І дзеля гэтага трэба зрабіць усё, каб галоўная апазыцыйная акцыя на Дзень Волі была нешматлюднай. А значыць — запалохаць тых, хто зьбіраўся на яе прыйсьці. Але ўсё гэта сьведчыць пра няўпэўненасьць Лукашэнкі».

Аляксандар Фядута

Юры Чавусаў: «Я б не сказаў, што рыторыка памянялася вельмі рэзка. Прынамсі, яе нельга параўнаць з ноччу 19 сьнежня 2010 г. Ёсьць пэўная пасьлядоўнасьць падзеяў, якая сьведчыць пра гульню некалькіх субʼектаў, якія рэалізуюць розныя стратэгіі. Тут дзейнічаюць і некалькі апазыцыйных субʼектаў, якія схільныя па-рознаму выкарыстоўваць гэтыя сацыяльныя пратэсты. Таксама некалькі груповак у атачэньні Лукашэнкі, якія робяць стаўку на розныя стратэгіі.

Першая акцыя 17 лютага адбылася ня тое што без затрыманьняў. Спачатку нават пратаколаў ні на кога не было складзена. Потым былі заявы Лукашэнкі, каб, з аднаго боку, сьцішыць маштаб народнага незадаволеньня, а з другога боку — санкцыянаваць рэпрэсіі супраць апазыцыі. І вось гэтае апошняе актывізавала сілавыя структуры. Яны ўмела скарысталіся настроем Лукашэнкі, каб узмацніць уласную ролю ў ягоным атачэньні.

Я не лічу, што гэта нейкая новая стратэгічная лінія рэжыму. Хоць пры пэўнай эскаляцыі канфлікту гэта можа прывесьці да ахаладжэньня адносін Беларусі з Захадам. Але пакуль гэта не назіраецца. Вітаецца спэцдакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы сп. Рыгоні. Не адмяняюцца іншыя сустрэчы з заходнімі палітыкамі. Сп. Фядута казаў, што беларуская лібэралізацыя можа скончыцца пасьля заканчэньня сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пройдзе летам у Менску. Таму канчатковай замарозкі сытуацыі да гэтай падзеі ня будзе. Вядома, па-рознаму могуць разьвівацца тыя крымінальныя справы, якія абвешчаныя. Але, думаю, пасьля 25 сакавіка махавік рэпрэсій у нейкай ступені перастане раскручвацца».

Юры Чавусаў

Ці верыць сам Лукашэнка ў існаваньне баевікоў?

Карбалевіч: «Вось, сп. Чавусаў, вы выказалі думку, што вялікая роля сілавікоў у гэтым росьце рэпрэсій. У асяродзьдзі аналітычнай супольнасьці, у блогасфэры існуе пункт гледжаньня, што сілавікі дэзынфармуюць Лукашэнку, пужаюць яго, кашмараць рознымі страшылкамі, выкарыстоўваюць „уцёмную“. Ці сапраўды сам Лукашэнка верыць у арышты дзясяткаў баевікоў, якія рыхтуюць збройнае паўстаньне?»

Чавусаў: «Ня трэба зводзіць да экстрэмальных вэрсіяў гэтыя два падыходы: ці зьмена пазыцыі самога Лукашэнкі, ці змова сілавікоў. Апошнія вядуць рэй, прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Ці верыць Лукашэнка ў сапраўднае існаваньне гэтых баевікоў? Складанае пытаньне. Больш важна тое, што на ролю сілавых пагрозаў рэжыму прызначаныя звыклыя нацыянальна-дэмакратычныя колы, а не прарасейскія сілы».

Фядута: «Ня думаю, што сілавікам патрэбна дзеля нейкіх уласных мэтаў запужваць Лукашэнку. Яны проста карыстаюцца тымі настроямі, якія ў яго ёсьць. А ён прызвычаіўся вырашаць палітычныя пытаньні сілавым чынам. А сілавікі выконваюць загад. Нават калі гэта не адпавядае закону і рэчаіснасьці. Вось, напрыклад, возьмем гэтую гісторыю з аўтамабілем, які нібыта вёз зброю з Украіны. І Ўкраіна абвергла гэтую вэрсію, і беларускія памежнікі прызналі, што гэтага факту не было.

Чаму „Белы легіён“? Бо адзін з стваральнікаў гэтай арганізацыі Міраслаў Лазоўскі пісаў, што незалежна ад прозьвішча прэзыдэнта Беларусі ён будзе абараняць Беларусь

Цяпер Лукашэнку трэба стварыць сытуацыю небясьпекі і паказаць электарату, што толькі ён захоўвае бясьпеку і стабільнасьць у Беларусі. І дзеля гэтага можна стварыць уяўленьне, што існуе тэрарыстычная пагроза.

Чаму „Белы легіён“? Бо адзін з стваральнікаў гэтай арганізацыі Міраслаў Лазоўскі пісаў, што незалежна ад прозьвішча прэзыдэнта Беларусі ён будзе абараняць Беларусь. Вось у такіх патрыётах Лукашэнка цяпер бачыць пагрозу».

Чаму баевікоў «лепяць» зь «Белага легіёну»?

Карбалевіч: «Сапраўды, чаму „Белы легіён“? Чаму нейкі патрыятычны клюб з Бабруйску, які ладзіць летнікі, абвясьцілі групай баевікоў? Навошта? Не знайшлі нічога іншага? Чаму на гэтую ролю не падышлі анархісты? Вось жа паведамлялася, што нібыта ў іх знайшлі халодную зброю».

Чавусаў: «Сілавыя структуры дзейнічаюць па старых мэтадычках, напісаных яшчэ ў сталінскія часы. Галоўная пагроза — гэта буржуазныя нацыяналісты. І вось нібыта беларускія сілавыя структуры бачаць па-ранейшаму пагрозы ў беларускіх нацыяналістах.

Вось незалежныя мэдыі, найперш „Наша Ніва“, шмат пісалі пра летнікі, якія арганізоўвалі прарасейскія арганізацыі, напрыклад, казакі. Дык вось яны не падыходзяць, каб абвясьціць іх баевікамі, якія хочуць зрынуць рэжым, каб пужаць імі Лукашэнку. Бо сацыяльныя пратэсты ачолілі прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнага лягера. Тыя ж анархісты сёньня ня маюць структураў, схільных да сілавога дзеяньня.

Таму давялося браць старую арганізацыю „Белы легіён“, якая зьнікла на пачатку 2000-х гадоў, шукаць у архівах старыя сьпісы яе чальцоў. Дарэчы, у 2008 годзе пасьля выбуху на Дзень Незалежнасьці затрымлівалі тых жа людзей, што і цяпер. І гэта дае надзею, што і цяпер справа ня дойдзе да прысудаў і доўгатэрміновага зьняволеньня».

Карбалевіч: «Хачу заўважыць, што спачатку ўзламалі акаўнт „Белага легіёну“ і зь яго накіроўвалі пасланьне з заклікам да збройнага супраціву. І толькі празь нейкі час перайшлі да арыштаў. То бок камбінацыя шматхадовая».

Фядута: «Наконт анархістаў. У абывацеля з савецкіх часоў, фільмаў існуе такая асацыяцыя: анархісты — гэта нешта сьмешнае. Хапун сярод анархістаў быў арыентаваны не на беларускую аўдыторыю, а на заходнюю. І на Захадзе анархістаў і антыглябалістаў, якія праводзяць скандальныя акцыі, таксама затрымліваюць. Таму, лічыцца, рэакцыя заходніх палітыкаў на затрыманьні анархістаў будзе спакойная.

А вобраз „Белага легіёну“ падобны да вобразу ўкраінскага „Правага сэктару“. Назва павінна палохаць. Лідэры патрэбныя ня вельмі вядомыя, але такія, у якіх ёсьць пэўная палітычная біяграфія. Плюс нацыяналістычны бэкграўнд, каб пужаць, у тым ліку і Захад. Таму „Белы легіён“ больш прыдатны для ролі пужалкі, чым „Малады Фронт“. Але, гледзячы па арышце Дзьмітрыя Дашкевіча, гэтыя арганізацыі будуць зьвязваць».

Сёньня быць беларускім патрыётам і працаваць у сілавых структурах гэтаксама небясьпечна, як і раней

Чавусаў: «Ёсьць адна новая акалічнасьць. У гэтую крымінальную справу прыцягнутыя чальцы афіцыйнага патрыятычнага клюбу, які быў арганізаваны Бабруйскім выканкамам. І сярод іх ёсьць прадстаўнікі сілавых структураў. То бок сёньня быць беларускім патрыётам і працаваць у сілавых структурах гэтаксама небясьпечна, як і раней. Увесь флёр размоў пра мяккую беларусізацыю, пра паварот да беларускага погляду на разьвіцьцё нашай краіны зьлятае. Можа, у нейкіх уладных структурах такі паварот і ёсьць, але на сілавікоў ён не распаўсюджваецца».

Наколькі прафэсійна рэалізуецца тэхналёгія стварэньня вобразу ворага?

Карбалевіч: «Наколькі прафэсійна з паліттэхналягічнага гледзішча працуюць улады? Вось я зьвярнуў увагу, што па розных дзяржаўных тэлеканалах паказалі розныя вэрсіі затрыманьня нейкага Віктара Данілава. На БТ-1 паказалі, што ў яго знайшлі гранаты, запалы, драбавік, карабіны, аўтамат Калашнікава. А на АНТ гаворка ідзе толькі пра тры карабіны. Вам не падаецца, што ўся гэтая машына з спэцслужбаў і прапаганды дрэнна працуе, няўзгоднена? Ці гэта і ня важна? Факты ня маюць значэньня?»

Фядута: «Я не кажу пра прафэсіяналізм. Я кажу пра лягічнасьць той схемы, якую рэалізуюць улады. А ў сілавікоў і прапагандыстаў няма часу падрыхтавацца. Вось вядома, што той жа Данілаў меў зарэгістраваную зброю».

Чавусаў: «Чальцоў клюбу „Патрыёт“ з Бабруйску здымалі на відэакамэру на летніку мінулым годам. А цяпер, калі зьявілася нагода, гэтыя кадры і выкарысталі. Хоць гэтыя людзі з гэтага клюбу ня мелі ніякага дачыненьня да „маршаў недармаедаў“».