Улады Беларусі часта і ахвотна называюць тую дзяржаўную мадэль, якую яны стварылі, — сацыяльна арыентаванай, гэта значыць, накіраванай на справядлівае разьмеркаваньне ўсіх грамадзкіх дабротаў, на падтрымку абяздоленых і неабароненых. Аднак, мяркуючы па пошце Свабоды, значная частка беларускіх грамадзянаў мае вялікі сумнеў у слушнасьці гэтых сьцьвярджэньняў.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго са шматлікіх лістоў на тэму сацыяльных ільготаў ды прывілеяў у сёньняшняй Беларусі. Наш слухач Іван Баранкоў — былы міліцыянт з Горадні — піша:
«Калі ў 1981 годзе я выходзіў на пэнсію, то марыў зажыць шчасьлівым бесклапотным жыцьцём. Я — інвалід, вэтэран Міністэрства ўнутраных спраў СССР. І савецкая ўлада дала мне тады пажыцьцёвыя льготы — права на бясплатныя лекі і камунальныя паслугі.
Але бесклапотнага жыцьця не атрымалася. Вось ужо сем гадоў я хаджу па пакутах, абіваючы чыноўніцкія парогі. Група нягоднікаў з управы ўнутраных спраў у 2008 годзе льготы ў мяне адабрала, сапсаваўшы ўсё жыцьцё, якое мне яшчэ засталося. Гэтым самым мне нанесена вялікая маральная і матэрыяльная шкода. Матэрыяльныя страты я ацэньваю ў 15 тысяч даляраў. І як жыць у такіх умовах? Ня ведаю».
Наўрад ці варта, спадар Баранкоў, наракаць на сваіх былых калегаў, якіх вы называеце «нягоднікамі». Сем гадоў таму, 17 сьнежня 2007 году, сацыяльныя льготы адабралі ня толькі ў вас, але і яшчэ ў сямі мільёнаў беларусаў. І зроблена гэта было ў адпаведнасьці з указам Лукашэнкі, нормы якога потым аўтаматычна былі перанесеныя ў адпаведныя законы. Што праўда, ільготнікаў у Беларусі на той час было ўжо столькі, што дзяржаўны бюджэт быў проста ня ў стане забясьпечваць іх усіх. Так, бясплатным альбо льготным праездам у грамадзкім транспарце карысталіся каля 6 млн чалавек, бясплатнымі лекамі — 2 мільёны 800 тысяч, бясплатнымі камунальнымі паслугамі — каля мільёна.
✉ ✉ ✉Вялікі розгалас у Беларусі выклікаў нядаўна падпісаны Лукашэнкам дэкрэт аб так званых «дармаедах», якія цяпер павінны будуць плаціць падатак за тое, што ня маюць легальнай працы. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў вырашыў зрабіць уласны ўнёсак у барацьбу з дармаедамі. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:
«Уношу прапанову ў справе зьмяншэньня колькасьці дармаедаў у нашай краіне. А менавіта: ці не прывесьці нам колькасьць так званых „народных абраньнікаў“ у адпаведнасьць са здаровым сэнсам і колькасьцю насельніцтва Рэспублікі Беларусь, абапіраючыся на багаты досьвед ЗША?
Дык вось, заканадаўчы орган ЗША — Кангрэс — складаецца зь дзьвюх палат — Сэнату і Палаты прадстаўнікоў. Сэнат налічвае 100 сэнатараў, Палата прадстаўнікоў — 435. Насельніцтва ЗША — 320 мільёнаў чалавек.
Заканадаўчы орган Беларусі таксама складаецца зь дзьвюх палат — Савету Рэспублікі, які налічвае 64 сябры, і Палаты прадстаўнікоў — 110. Насельніцтва нашай краіны — каля 9,5 мільёна чалавек, або ў 33,6 раза меншае, чым у ЗША.
Гэта значыць, што Савет Рэспублікі павінен налічваць 100 : 33,6 = 3 чалавекі, а Палата прадстаўнікоў — 435 : 33,6 = 13 чалавек. Канкрэтызуючы гэтыя лічбы, прапаную абіраць у Палату прадстаўнікоў па 2 чалавекі ад кожнай вобласьці + 1 чалавека ад гораду Менску, агулам 13. З трох сяброў Савету Рэспублікі абіраюцца віцэ-прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь і два ягоныя намесьнікі.
Эфэктыўнасьць працы заканадаўчага органа гарантую.
Я разумею, што беларускі парлямэнт можна было б скараціць і больш, улічваючы, што ў нас няма ваенна-марскога флёту, індзейскіх плямёнаў і яшчэ шмат чаго іншага, што ёсьць у ЗША. Але пакуль можна было б папрацаваць і ў такім, пашыраным складзе».
Можна было б пайсьці нават далей, спадар Кастусь, — напрыклад, увогуле скасаваць Савет Рэспублікі. Краіна маленькая, вялікіх рэгіянальных адрозьненьняў ня мае, нацыянальных аўтаноміяў — таксама. Дзеля чаго патрэбна верхняя палата? Згадайма, што ў БССР ніякіх так званых сэнатараў не было — і насельніцтва з гэтай нагоды зусім не турбавалася.
Але шанцы на тое, што такія прапановы могуць быць рэалізаваныя ў сёньняшняй Беларусі, — практычна нулявыя. Чаму? Ды таму, што ўсе чыноўнікі і дэпутаты катэгарычна выступяць супраць. Бо цяпер у Беларусі якая завядзёнка? Вось, напрыклад, адставілі міністра ці генэрала з пасады за развал у галіне ці з прычыны старэчага ўзросту. І куды яго звычайна пасьля гэтага ўладкоўваюць? Правільна, у сэнатары ці дэпутаты. Адказнасьці ды абавязкаў — мінімум, заробак — міністэрскі, плюс — усе магчымыя льготы ды прывілеі. Іншую такую ж сынэкуру цяжка нават уявіць. Хто ж ад яе добраахвотна адмовіцца?
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.