«Наўрад ці справа дойдзе да суду». Фігуранта «справы патрыётаў» Уладзімера Румянцава выклікалі да сьледчых

Уладзімер Румянцаў

Прадстаўляючыся, старшы лейтэнант беларускага войска Ўладзімер Румянцаў удакладняе, што ён ужо ў запасе.

«Як вызвалілі, дык акурат падыходзіў да заканчэньня кантракт, і цяпер службу ў войску я скончыў. Але арышт да гэтага ня меў дачыненьня, працягваць кантракт я ўсё роўна не зьбіраўся, і ў маёй вайсковай частцы на мяне ня ціснулі. Засталіся апошнія фармальнасьці, і недзе праз тыдзень пачну шукаць новую працу. Якую, яшчэ сам не ўяўляю, але, спадзяюся, у Менску што знайду, гэта ж не ў правінцыі», — кажа фігурант «справы патрыётаў» Уладзімер Румянцаў.

Пра сваё абвінавачаньне Ўладзімер расказаў толькі самае асноўнае, без дэталяў, бо папярэджаны аб адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў сьледзтва.

«Абвінавачаньне ва ўдзеле ва ўзброеным фармаваньні зь мяне не зьнялі, я па-ранейшаму пад сьледзтвам, хоць і на свабодзе. Сьледчыя дзеяньні? Вось якраз сёньня хадзіў да сьледчага, але што гэта было, падрабязна сказаць не магу. Якія пэрспэктывы ў сьледзтва? Ці дойдзе справа да суду? На маю думку, наўрад ці. Але нават калі сьледчыя і хочуць справу згарнуць, дык гэта ня будзе зроблена валам, адначасова адносна ўсіх абвінавачаных. Пакрыху, пакрыху, і толькі тады справу закрыюць. Так, паступова. Але ўсё ж пра гэта рана казаць. Яшчэ на сто адсоткаў я не перакананы, што ўсё ў выніку спыняць. Спадзяюся, але... Зрэшты, шукаць лёгікі ва ўсім гэтым — няўдзячная справа, адразу гэта была нейкая лухта. Калі ўзяць асобна кожны з эпізодаў, там няма нічога супрацьзаконнага, але сьледчыя спрабуюць гэтыя эпізоды скласьці і ў выніку атрымаць справу. Хіба гэта магчыма? Думаю, не».

Уладзімер Румянцаў сказаў, што не прызнаваў і ніколі не прызнае сябе вінаватым ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні.

За кратамі Ўладзімер Румянцаў правёў 99 дзён: тры дні ў вязьніцы КДБ, астатнія — на «Валадарцы». Румянцаў сказаў што ў «амэрыканцы» публіка была больш прыстойная, у СІЗА № 1 — «хапала розных».

«Ня мог заснуць першую ноч на волі, гэтак усё стала нязвыкла. А потым прызвычаіўся», — сказаў пра першы дзень на волі Ўладзімер Румянцаў.

Ён падзякаваў журналістам, якія інфармавалі грамадзтва пра лёсы фігурантаў «справы патрыётаў»: «Можа, таму нас і вызвалілі».

Паводле грамадзкай актывісткі Ніны Шыдлоўскай, пад сьледзтвам па гэтым абвінавачаньні цяпер 16 чалавек. У канцы сакавіка было арыштавана больш за 30, потым іх паступова вызвалялі.

Ніна Шыдлоўская

«І цяпер некаторых час ад часу выклікаюць да сьледчых. Ведаю прынамсі пра трох, каго нядаўна выклікалі. Але што гэта было — допыт, вочная стаўка ці нешта іншае — ня кажуць. За час, як вызвалілі апошняга з арыштаваных, Міраслава Лазоўскага, нікому зь іх цалкам абвінавачаньня не зьнялі», — сказала актывістка.

Паводле Ніны Шыдлоўскай, фігурант «справы патрыётаў» Міраслаў Лазоўскі аднавіў працу ў выдавецтве, дзе раней працаваў. Гісторык Аляксандар Зімніцкі з дазволу сьледчых паехаў у археалягічную экспэдыцыю. Але ў некаторых фігурантаў пасьля вызваленьня ўзьніклі праблемы на працы, кажа Ніна Шыдлоўская:

«Гэта тычыцца некаторых з тых, хто, прыкладам, працуе ў камэрцыйных установах. У іх узьніклі праблемы з прычыны нэгатыўнага розгаласу. Бо дзяржаўныя мэдыі напачатку пасьпелі зрабіць сваю справу, павылівалі бруду на хлопцаў. Не, яны працуюць, але праблемы ёсьць. Прозьвішчы ня буду называць, каб не нашкодзіць».

Некаторыя зь фігурантаў «справы патрыётаў» ня могуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця не з прычыны працадаўцаў. З канца чэрвеня ня можа аднавіць працу гандляр кнігамі Алесь Яўдаха. Яго бацька кажа, што сыну яшчэ не вярнулі ня толькі працоўнае абсталяваньне і кампутар, неабходныя ў працы, але нават і мабільны тэлефон.

«Ён наконт гэтага клапоціцца, але пакуль зрухаў няма», — сказаў карэспандэнту Свабоды Анатоль Яўдаха.