Актывістка «Маладой Беларусі» зь Берасьця Натальля Папкова, якую даставілі сёньня на псыхіятрычную экспэртызу, ужо на волі. На яе склалі чарговы пратакол за акцыю «недармаедаў» 19 лютага ў Берасьці.
Натальля Папкова сёньня адбыла 7 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Аднак адразу на выхадзе з ізалятара часовага ўтрыманьня яе схапілі міліцыянты на чале з маёрам Сяргеем Шчаперкай і сілком павезьлі на псыхіятрычную экспэртызу. Празь некаторы час адпусьцілі.
Карэспандэнту Свабоды яна расказала, як гэта было:
«Сказалі выходзіць праз гаражы. Я зразумела, што, хутчэй за ўсё, участковы мяне там чакае. Калі адчынілі вароты, я ўбачыла, што стаіць машына ўчастковага, там сядзіць ён і яшчэ два супрацоўнікі міліцыі. Я пачала ўцякаць, яны мяне схапілі і пачалі за рукі цягнуць у машыну».
Натальлю завезьлі ва ўпраўленьне дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз па Берасьцейскай вобласьці. Яна кажа, што там «паразмаўляла зь лекаркай, лекарка сказала, што ўсё добра», і яе адпусьцілі.
Натальля Папкова кажа, што на яе складзены чарговы пратакол, і 31 сакавіка аб 11 гадзіне яе зноў будуць судзіць. Гэтым разам — за ўдзел у несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Берасьці 19 лютага.
Напярэдадні іншага «Маршу недармаедаў», 3 сакавіка, Папкову ўжо адвозілі ў псыхіятрычны дыспансэр, але дыягназу не назвалі. Там яна абвясьціла галадоўку. Пазьней яе выпусьцілі, не назваўшы ні дыягназу, ні прычыны затрыманьня.
Пазьней яе зноў затрымалі — 22 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Берасьці. Праз два дні прысудзілі 7 сутак арышту за «Марш недармаедаў» 12 сакавіка.