Віцэ-прэм’ер Натальля Качанава на гэтым тыдні ўразіла грамадзтва сваімі выказваньнямі пра заробкі мэдыкаў і трэнэраў.
«Вось прыходзіць малады трэнэр на заробак 1,3 мільёна. Ну што зрабіць, такая зарплата! Наогул, чалавек, які скончыў школу, выразна павінен уяўляць, які заробак яго чакае на месцы трэнэра нізавога зьвяна. Разьлічваць на тое, што там яго чакаюць велізарныя фінансавыя бонусы, наўрад ці варта...
Вы ўсе „гасударавы людзі“ і павінны разумець сытуацыю ў краіне», — заявіла Натальля Качанава на паседжаньні калегіі Міністэрства спорту і турызму.
Дарэчы, муж Качанавай працуе настаўнікам фізкультуры.
Маладых трэнэраў заявы чыноўніцы абурылі.
Мікалай — трэнэр па акрабатыцы, займаецца ў дзіцячай спартовай школе зь дзеткамі-шасьцігодкамі. У групе павінна быць мінімум 12 чалавек, інакш групу не зацьвердзяць, кажа Мікалай.
«У мяне толькі адна група, занятасьць 6 гадзін на тыдзень, таму заробак у ДЮСШ — 800 тысяч рублёў у месяц. Ну, а стаўка — 18 гадзін на тыдзень, тады можна зарабіць 2 мільёны ў месяц. Максымум зарабляюць трэнэры са стажам, працуючы па 32 гадзіны на тыдзень — атрымліваюць 3 мільёны 600 тысяч. Пэрспэктывы ніякай, бо калі ты гадуеш пэрспэктыўнага спартоўца, ён паказвае вынікі, яго потым забяруць у нацыянальную зборную.
Я адпрацоўваю другі год па разьмеркаваньні пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту фізычнай культуры.
Засталося адпрацаваць паўгода. Натуральна, працаваць у ДЮСШ не застануся.
Я пакуль жыву з бацькамі».
Дзьмітры — у мінулым прызэр чэмпіянатаў сьвету і Эўропы па фрыстайле. З-за траўмы вялікі спорт давялося пакінуць. На паўстаўкі працуе трэнэрам:
«Гэта ў мяне не асноўная праца, я займаюся бізнэсам, а трэнэрам падпрацоўваю на палову стаўкі. Палова стаўкі — гэта 950 тысяч.
Трэнэр працуе на вынік. Дапусьцім, 10 гадоў ён трэніруе дзяцей, і яны паказваюць вынікі — здаюць на майстра спорту, займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах. Тады трэнэр атрымлівае катэгорыю, даплаты. Але гэтага можа і ня здарыцца. Справа ў тым, што ў нас відовішчны від спорту.
Часьцяком бацькі проста аддаюць сваё дзіця ў спорт, каб яно загартавалася, падужэла, і працэнтаў 80 у старэйшых клясах са спорту сыходзяць.
Бацькі хочуць, каб яны атрымлівалі адукацыю, а не ішлі ў вялікі спорт.
У мяне група пачатковай падрыхтоўкі, дзеткі 6–7 гадоў. Яны прыходзяць пасьля школы стомленыя, бачаць у спартовай залі батут, дарожкі, мяккія сьцены, хочуць пабегаць-паскакаць, а ад іх трэнэр нешта хоча. Цяжка з пачаткоўцамі. Першыя два гады ты вымушаны займацца зь імі ня спортам, а выхаваньнем. Мяне папрасілі мае былыя трэнэры, таму адмовіцца няёмка. Да таго ж самому трэба сьпіну ўмацоўваць, займацца спортам. Так што асноўная праца ў мяне — дзеля заробку, а трэнэрскія палова стаўкі — для задавальненьня. Але за калег-трэнэраў вельмі крыўдна, бо сярод іх шмат самаадданых добрасумленных людзей, якія рыхтуюць чэмпіёнаў, а працуюць за капейкі».
На калегіі Міністэрства аховы здароўя Натальля Качанава выказалася і пра мэдыкаў — што тыя «як працуюць, так і зарабляюць».
Яна адзначыла, што «малады чалавек, які прыходзіць вучыцца ў мэдычную ВНУ, наўрад ці разьлічвае атрымліваць велізарную зарплату».
«Калі чалавек прыняў для сябе рашэньне ісьці вучыцца ў няпростай ВНУ, значыць, прыняў рашэньне працаваць на карысьць людзей, на карысьць народа. З гэтага пункту гледжаньня і трэба рыхтаваць будучых мэдыкаў», — сказала намесьніца прэм’ер-міністра.
Лекараў такія заявы высокапастаўленай чыноўніцы не зьдзівілі. Малады лекар-нарколяг кажа, што нічога новага ад нядаўна прызначанай віцэ-прэм’еркі Качанавай ён не чакаў:
«Мы ўжо прызвычаіліся да такіх заяваў. Аналягічная заява прагучала ня так даўно і ад міністра аховы здароўя Васіля Жарко, што лекары не павінны чакаць павышэньня заробкаў, бо яны давалі клятву Гіпакрата. Таму мы на чарговую заяву віцэ-прэм’ера Качанавай нават і ўвагі не зьвярнулі. І так усе выдатна ведаюць, што нічога добрага чакаць ня варта.
Зразумела, што лекарам чакаць павышэньня заробкаў не выпадае, таму што мы ж ня МУС, не сілавыя структуры, на нас улада не трымаецца, таму і плацяць нам па рэшткавым прынцыпе.
Лекары — гэта ж даволі інтэлігентная супольнасьць. Верагоднасьць, што яны пойдуць баставаць, невялікая. Але лекары паступова галасуюць нагамі — яны проста сыходзяць з працы па профілі. Гэта вельмі добра бачна па недахопе лекараў нават па Менску».
Магілёўскі лекар-нэўроляг зь вялікім стажам працы кажа:
«Я ня ведаю, як высокапастаўленай чыноўніцы трэба адарвацца ад гэтага жыцьця, каб казаць, што на 1 мільён 300 можна пражыць! Што яна — ня ходзіць па крамах, не жыве ў гэтай краіне? Гэта ўжо нават ня сьмешна і ня сумна, гэта ніжэй за ўсялякую крытыку. Я асабіста стараюся не чытаць такое глупства, але ў загалоўках артыкулаў бачыў гэтыя бязглуздыя заявы.
А лекару, каб зарабіць на годнае жыцьцё, трэба з бальніцы не вылазіць, працаваць на паўтары-дзьве стаўкі, рабіць высокатэхналягічныя апэрацыі, умець шмат чаго. Тады можна зарабіць 10–12 мільёнаў. А шараговы лекар зарабляе ў лепшым выпадку 6 мільёнаў, пачатковец — менш за 4 мільёны. Год назад на такія заробкі, магчыма, яшчэ можна было пражыць, але цяпер цяжкавата. А заробкі год не павышаліся.
Думаю, чыноўнікам проста загадана цяпер так казаць, у мэтах папулярызацыі эканоміі.
Нядаўна былая старшыня Нацбанку, уладальніца двух катэджаў, раіла з двух зношаных камплектаў пасьцельнай бялізны перашыць адзін. Няхай бы паказала майстар-кляс, як дзьве прасьціны абрэзаць, прастрачыць, і выклала ў інтэрнэт. Але ж самі яны не паказваюць прыклады эканоміі, будуючы палацы ў Драздах».