Нараджэнец Украіны хацеў пераназваць вёску ў Дзятлаўскім раёне і прасіў дапамогі ў Зюганава

Вёску Зарой, зьвесткі пра якую пачынаюцца з 1528 году, нараджэнец Украіны Віктар Церайкоўскі прапаноўвае назваць — Вікторыя. Нібыта ў гонар перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Дзеля падтрымкі сваёй ініцыятывы Церайкоўскі зьвяртаўся да лідэра расейскіх камуністаў Зюганава.

Віктар Церайкоўскі родам з Украіны. Больш за дзесяць гадоў таму набыў хату блізу Наваградка ў вёсцы Зарой. Але сам кажа, што жыве ў Беларусі з 1976 году, а працуе цяпер у Маскве. Паводле Церайкоўскага, ён ня проста так хацеў зьмяніць назву вёскі. Пачалося ўсё з таго, што вёску зрабілі непэрспэктыўнай, ня стала працы, крамы, клюба. І каб нейкім чынам адрадзіць вёску, і прыйшла такая думка.

Церайкоўскі прыводзіць прыклад, што яшчэ за савецкім часам у Наваградзкім раёне былі зьменены «непрыглядныя» назвы такіх вёсак, як Кабыльнікі, Мондзіна, Драчылава — маўляў, людзі нешта рабілі, зь нечага пачыналі.

«Назва Зарой, наколькі мне вядома, зьявілася ад таго, што існаваў нейкі роў, а за ім было паселішча, — тлумачыць Церайкоўскі. — Ну і пра якую гісторыю тут вядзецца мова? Я не магу зразумець, што гэта азначае. Ну вось прыходжу плаціць у банк і кажу, што зь вёскі Зарой. А ў мяне перапытваюць: а што вы там зарываеце? Ну, я ня бачу ў гэтай назьве сэнсу. Ну добра, а чаму тады не захавалі назвы Драчылава — гэта ж таксама гісторыя? Ну, раз Мондзіна, то няхай і будзе Мондзіна, Кабыльнікі — няхай будуць Кабыльнікі».

Стараста вёскі Сьвятаслаў Сас апавёў Свабодзе, што ініцыятыва Церайкоўскага яго зьдзівіла. Тым болей той сьцьвярджаў, што назву вёскі варта зьмяніць, бо яна нейкая заганная. Паводле Саса, Церайкоўскі напісаў ліст да лідэра расейскіх камуністаў Зюганава, каб той паспрыяў ягонай ініцыятыве і паведаміў пра яе прэзыдэнту Лукашэнку, бо, маўляў, мясцовыя чыноўнікі чыняць перашкоды.

Лідэру расейскіх камуністаў Церайкоўскі ўжо давёў, што жыхары вёскі вырашылі зьмяніць яе назву ў гонар перамогі над фашыстамі. Маўляў, ва Ўкраіне зноў падымаюць галовы фашысцкія сілы, і каб не забыць значэньне той перамогі, варта яе ўвекавечваць. Больш за тое, у лісьце Церайкоўскі сьцьвярджае, што вёска ня мае гісторыі, жыхары яе (гісторыі сваёй вёскі) ня ведаюць і ня могуць дазнацца нават пры жаданьні.

Сас: «Я зьвярнуўся ва ўсе інстанцыі, і да гісторыкаў, і да археолягаў, і было ўстаноўлена, што назва вёскі ніякая не заганная. Пасьля правялі сход і вырашылі пакінуць назву».

Мясцовыя людзі прынялі ініцыятыву Церайкоўскага ў штыкі. Распавялі, што былі выпадкі, калі некаторыя нават хацелі зь ім біцца. Мясцовая жыхарка спадарыня Вера кажа, што гэтая авантурная ініцыятыва — ужо ня першая. Раней, паводле спадарыні Веры, у размовах зь местачкоўцамі Церайкоўскі прапаноўваў даць вёсцы назву Вэнэсуэла, а пазьней знайшоў новую — Вікторыя.

«Я супраць гэтага, няхай будзе як ёсьць, — кажа Вера. — Тут і карані нашы, і дзяды, бабы, і прабабы — усе тут. Назвалі яе так — і няхай будзе так. Дый хто тут ужо застаўся — жывуць недзе 30 чалавек старых. Навошта і дзеля каго мяняць назву...»

Такой самай думкі трымаюцца і іншыя жыхары вёскі.

Няхай будзе Зарой наша вёска, бо яна заўсёды так называлася і ніхто ніколі яе не пераназываў

«Няхай будзе Зарой наша вёска, бо яна заўсёды так называлася і ніхто ніколі яе не пераназываў, — кажа іншая спадарыня. — Як я помню, усё сваё жыцьцё яна так называлася, і я цяпер за Зарой».

«Я не падтрымліваю пераназваньня, — далучаецца яшчэ аднавяскоўка. — Я тут нарадзілася, расла без бацькоў, і я да гэтага Зароя настолькі прырасла...»

«Мая думка такая, што трэба каб назва Зарой засталася, — кажа спадар. — Трэба вёску XVI стагодзьдзя захаваць. Трэба неяк зрабіць, каб людзі навокал ведалі, што гэтая вёска старажытная, у нас павінна быць памяць. Мы тут нарадзіліся і будзем жыць, і нашы нашчадкі павінны пра гэта ведаць. Трэба хадзіць у архівы, даведвацца, калі наша вёска ўзьнікла, што тут было, каб людзі ёю ганарыліся».

У Круцілавіцкім сельсавеце, да якога адносіцца вёска Зарой, сакратар спадарыня Ірына патлумачыла, што заяву ад Церайкоўскага яны атрымалі і правялі сход з насельніцтвам вёскі наконт наданьня ёй новай назвы. Было прынята рашэньне: пакінуць былую назву для вёскі Зарой.

«Людзі, карэнныя жыхары, катэгарычна супраць гэтага, — заяўляе сакратар сельсавету. — Аргумэнтуюць тым, што там нарадзіліся, жывуць, усё жыцьцё працавалі, там нарадзіліся дзеці, унукі, і ўсіх задавальняе гэтая назва».

Я б мог распавесьці гэтаму Церайкоўскаму, што ў 1528 годзе земляўласьнік Герасім Калантай заснаваў нашу вёску, ён пастаўляў ад яе да княскага двара шэсьць коней

Церайкоўскі паўсюль сьцьвярджаў, што ў вёскі Зарой няма гісторыі, людзі яе ня ведаюць і нават ня маюць магчымасьці даведвацца. Аднак існуе кніга — «Вёска Зарой». Напісаў яе Георгі Шараў, сам родам з гэтае вёскі, прафэсійны гісторык, былы супрацоўнік Наваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю. Ён быў вельмі расхваляваны, калі даведаўся, што нехта Церайкоўскі захацеў зьмяніць гэтую цудоўную назву.

Спадар Шараў патлумачыў, што назва вёскі паходзіць з 1528 году, у вёскі вялікая і насычаная гісторыя, якую ён і выклаў на старонках сваёй кнігі.

«Я б мог распавесьці гэтаму Церайкоўскаму, што ў 1528 годзе земляўласьнік Герасім Калантай заснаваў нашу вёску, ён пастаўляў ад яе да княскага двара шэсьць коней, — распавядае Шараў. — І чаго толькі гэтая вёска не перажыла далей у сваёй гісторыі: у нас і швэды былі — маем Швэдзкую гару, і татары — ёсьць татарскія могілкі. І царскі час памятаем, і войны Першая і Другая сусьветныя праз нас прайшлі...»

А яшчэ спадар Шараў хацеў патлумачыць спадару Церайкоўскаму і іншым, хто ня ведае, адкуль узялася такая прыгожая назва вёскі — Зарой:

«Былі на нашых землях тады вельмі густыя лясы, у якіх было шмат дзікіх пчол. І вось людзі калі там ішлі, то казалі, што яны ідуць нібыта за роем гэтых пчол. І так адзін аднаму казалі, што нехта пайшоў у той бок, за роем...»