У Магілёве ўдзельнікі першай тапанімічнай экскурсіі «Па сьлядах гістарычных назваў» падтрымалі ідэю вяртаньня гістарычных назваў вуліцам і плошчам горада. Піша БелаПАН.
На першую тапанімічную экскурсію прыйшлі прыкладна 15 чалавек, сярод якіх былі грамадзкія актывісты, навучэнцы, выкладнікі, сябры гарадзкой тапанімічнай камісіі. Экскурсаводам выступіў дэкан факультэту прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ігар Шаруха. Пачынаючы падарожжа недалёка ад цяперашняга тэатру лялек, ён расказаў прысутным, што раней гэты будынак належаў жандармэрыі, а разьмешчаная побач вуліца Язерская насіла назву Жандармскай.
Цяперашняя цэнтральная плошча Леніна некалі была на самай ускраіне Магілёва і называлася Сеннай ці Базарнай, сказаў Шаруха. На месцы ж цяперашняга Дома Саветаў праходзіла вуліца Лядзькоўская.
Прысутныя зазначалі, што ў Магілёве тапонімаў, якія ўтрымліваюць імя Леніна, больш чым дастаткова — апрача плошчы Леніна ёсьць яшчэ бульвар Леніна і вуліца Ленінская. Прычым апошнюю можна сьмела разьдзяліць на тры, пакінуўшы пры гэтым як уласна Ленінскую, так і вярнуць яе старой частцы назвы Вялікая Садовая — ад будынка Тэхнапарку да вуліцы Болдзіна, а далей да плошчы Славы называць Ветранай.
Выказваліся меркаваньні, што цяперашнюю вуліцу Боткіна каля гарадзкога шпіталя трэба называць Гваздоўкай. Гэта назва паходзіць нібыта ад Гвазда — «правай рукі» разбойніка Машэкі, апісанага ў паэме Янкі Купалы «Магіла льва». Плошчу ж Арджанікідзэ ці хоць бы яе частку трэба называць гістарычнай назвай Касьцерня — у XVII ст. там былі пахаваныя маскоўскія стральцы, зь якімі расправіліся гараджане ў адказ на бясчынствы і прыніжэньні.
Падчас экскурсіі зазначалася, што ў Магілёве вяртаньне гістарычных назваў вуліцам хоць марудна, але ідзе. Так, завулак Карла Лібкнехта стаў Пажарным, а Вал Чырвонай зоркі — Архіерэйскім Валам Каніскага. Зьявіўся Спаскі завулак, які, праўда, дагэтуль не агрэсьлены аншлягамі.
Апошняе перайменаванне ў горадзе адбылося сёлета, калі па ініцыятыве цяперашняга гораданачальніка Уладзіміра Цумарава Савецкая плошча стала плошчай Славы. На ёй зараз знаходзіцца Ратуша, якая стала адным з сымбалеў Магілёва. «Любую плошчу можна дзяліць. Тэрыторыю вакол Ратушы можна было б назваць Ратушнай плошчай», — зазначыў Ігар Шаруха.
Пасьля экскурсіі яе ўдзельнікі абмеркавалі пачутае і прыйшлі да адзінага меркаваньня, што гістарычнаму цэнтру неабходна вяртаць ранейшыя назвы вуліц. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца вуліцы Ленінскай, вуліцы Карла Маркса (былая Зялёная). Апрача таго, было выказана меркаваньне аб неабходнасьці ўстаноўкі дублюючых аншлягаў з указаньнямі гістарычных назваў на вуліцах старога горада.
Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы, што неабходна ўвекавечваць імёны вядомых асоб, якія так ці іншак мелі дачыненьне да горада, у прыватнасьці каралевы Ядзьвігі, якой некаторы час у XIV стагодзьдзі належаў Магілёў, каталіцкага мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестранцэвіча і іншым пэрсонам.
Прысутныя таксама абмеркавалі магчымыя назвы для двух гарадзкіх раёнаў — Ленінскага і Кастрычніцкага. Для Кастрычніцкага прапаноўваліся назвы «Задняпроўскі», «Луполаўскі», а для Ленінскага — «Старамесцкі», «Машэкаўскі», «Дубровенскі».
Апрача таго, было выказана пажаданьне абазначыць памятнымі знакамі мясьціны, дзе раней стаялі храмы.
Арганізатарам першай тапанімічнай экскурсіі выступіў магілёўскі Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў.