Інвэстыцыі ў рэальны сэктар эканомікі Беларусі (акрамя банкаў) зь іншых краінаў за 2017 год склалі 9,7 млрд даляраў, зь іх 7,6 млрд — наўпроставыя інвэстыцыі, паведаміў Белстат. 38% інвэстыцыяў прыйшло з Расеі, 26,6% зь Вялікай Брытаніі, 7,2% зь Кіпру.
Да 2005 году замежныя інвэстыцыі ў Беларусь не перавышалі 2 млрд даляраў, затым пачалі адчувальна расьці: 4 млрд у 2006 годзе, 5,4 млрд у 2007-м, 6,5 млрд у 2008-м, больш за 9 млрд у 2009 і 2010 гадах. У 2011 годзе аб’ём інвэстыцыяў падскочыў удвая, да 18,88 млрд даляраў. Але затым зьменшыўся да 14–15 млрд у 2012–2014 гадах. У 2015-м інвэстыцыі абваліліся да 11,3 млрд, у 2016-м — яшчэ зьменшыліся да 8,6 млрд.
Цяпер інвэстыцыі ў Беларусь вырасьлі на 13%, вярнуліся да аб’ёмаў 2009–2010 гадоў.
Беларускія арганізацыі (акрамя банкаў) за 2017 год інвэставалі ў замежныя кампаніі 5,5 млрд даляраў: 66,9% ў Расею, 17,3% ва Ўкраіну, 7,6% у Вялікую Брытанію. 93,8% гэтых інвэстыцыяў былі наўпроставымі.
Таксама ў 2017 годзе пачаў аднаўляць рост зьнешні гандаль — вырас на 24% да 2016 году пасьля падзеньня ад 2012 па 2016 год на амаль 45%.