Год таму Азэрбайджан пачаў наступ, у выніку якога вярнуў поўны кантроль над тэрыторыяй Нагорнага Карабаху. Больш за 100 000 этнічных армян, якія былі вымушаныя ўцякаць, застаюцца ў падвешаным стане, тым часам як Азэрбайджан пакрысе пачаў засяляць адваяваныя тэрыторыі.
Карэспандэнты Свабоды Эва Багдасар’ян, Джошуа Кучэра і Азэрбайджанская служба Радыё Свабода зрабілі рэпартаж з нагоды гадавіны апошняй вайны ў Нагорным Карабаху, пасьля якой рэгіён вярнуўся пад уладу Баку.
У той час як Татэвік Хачатр’ян была вымушаная пакінуць усё нажытае год таму, Васіла Мамадава спадзявалася, што ўпершыню за 30 гадоў у яе зьявіўся шанец усё вярнуць.
19 верасьня 2023 году Азэрбайджан пачаў наступ, каб вярнуць Нагорны Карабах — тэрыторыю, якую ён страціў у армяна-азэрбайджанскай вайне ў 1990-я гады. На працягу 24 гадзін армянскае дэ-факта кіраўніцтва Карабаху капітулявала, і ў наступныя дні амаль усё насельніцтва тэрыторыі, практычна ўсе этнічныя армяне, мусіла ўцякаць. Сярод іх былі журналістка Хачатр’ян, яе муж і малы сын.
Падобнае адбывалася і ў 90-я гады. Калі армянскія сілы выйгралі першую вайну паміж двума бакамі ў 1990-я, уцякаць мусіла ўсё этнічнае азэрбайджанскае насельніцтва. Сярод уцекачоў былі Мамадава і яе сям’я, фэрмэры зь вёскі Ходжалі (яна ж Хаджалы) — месца, дзе ў першую вайну адбылося страшэннае забойства мірных жыхароў.
Цяпер Азэрбайджан спрабуе аднавіць і засяліць адваяваныя ім тэрыторыі. Мамадава, якая з 1990-х гадоў жыла ў паселішчы для перамешчаных асоб у Піршагі, прыкладна за 30 кілямэтраў на поўнач ад Баку, наведала Хаджалы падчас паездкі, якую спансаваў урад, пасьля леташняга наступу.
«Я ўяўляла сабе Хаджалы як горад прывідаў, дзе ў небе лётаюць прывіды людзей, якія былі там забітыя. І дзе ні капяні, косткі людзей выходзяць на паверхню, — сказала яна. — Але ўражаньне ад першага візыту ў мяне інакшае і ў асноўным станоўчае. За апошні год пабудавалі шмат новых будынкаў. Усё зьмянілася».
Мамадава спадзяецца вярнуцца ў наступным годзе.
Тым часам армяне, якія ўцяклі з Карабаху, спрабуюць наладзіць сваё жыцьцё. Хачатр’ян і шэсьць чальцоў яе вялікай сям’і жывуць у далёкім прыгарадзе Ерэвана, у кватэры, якая не рамантавалася з савецкіх часоў і плата за якую значна зьмяншае іх бюджэт. У яе складаецца ўражаньне, што ўрад Армэніі спрабуе прымусіць людзей забыць пра іх.
«Пасьля ўсіх гэтых трагічных падзей у Армэніі ня быў абвешчаны нават дзень жалобы. Няма ні дня памяці, ні сьвята па Арцаху», — сказала яна, выкарыстоўваючы альтэрнатыўную армянскую назву Карабаху.
«Ствараецца ўражаньне, што робіцца спроба канчаткова загарнуць старонку пра Рэспубліку Арцах».
Адбудова Карабаху
Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць была часткай савецкага Азэрбайджану, але яе насельніцтва на 75 працэнтаў складалася з этнічных армян. Калі Савецкі Саюз разваліўся, пачалася вайна за тэрыторыю, і сэпаратысты, якія падтрымліваліся Армэніяй, здолелі захапіць кантроль над Карабахам. Яны таксама ўзялі пад свой кантроль сем сумежных азэрбайджанскіх раёнаў, населеных амаль толькі этнічнымі азэрбайджанцамі, прымусіўшы да ўцёкаў усё больш як 600-тысячнае насельніцтва.
Дыпляматычныя намаганьні дзеля ўрэгуляваньня канфлікту прынесьлі невялікі прагрэс. Яшчэ адна вайна, у 2020 годзе, доўжылася шэсьць тыдняў, пакуль агонь не спынілі пры пасярэдніцтве Расеі, у выніку чаго Армэнія страціла кантроль над часткамі рэгіёну і сямю прылеглымі раёнамі.
Абодва бакі пачалі перамовы аб поўным вырашэньні канфлікту, але ў 2023 годзе Азэрбайджан, не дачакаўшыся канца гэтых перамоў, пачаў аднадзённы наступ, які прывёў да поўнай капітуляцыі карабаскага кіраўніцтва і сыходу больш як 100 000 этнічных армян.
Азэрбайджанская рэканструкцыя сямі раёнаў за межамі Карабаху пачалася ў 2020 годзе, але ўскладнілася тым, што былыя гарады і вёскі з 1990-х гадоў ляжалі збольшага ў руінах, а вялікая частка тэрыторыі была замінаваная. Часткі Карабаху, якія Азэрбайджан вярнуў сабе ў 2023 годзе, у значнай ступені ўсё яшчэ былі заселеныя, таму інфраструктура была амаль некранутая, і Азэрбайджану было лёгка перапрафіляваць яе за апошні год.
Рабочыя выдалілі армянскія надпісы над будынкамі былога Арцаскага дзяржаўнага ўніверсытэту ў рамках падрыхтоўкі да адкрыцьця новага Карабаскага ўніверсытэту. (Пры савецкай уладзе гэта быў Стэпанакерцкі дзяржаўны пэдагагічны інстытут.) Яны разбурылі будынкі, пабудаваныя былымі сэпаратысцкімі ўладамі, такія як дэ-факта парлямэнт і Дом вэтэранаў.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў адзначыў разбурэньне гэтых двух будынкаў падчас візыту ў сакавіку на сьвята Наўруза. «Сэпаратыстаў тут ужо няма і сьледу», — сказаў ён.
«Вогнішча Наўруза робіць апошнюю ўборку».
Іншыя зносы адбываліся ў большай таямніцы. Армянская царква XIX стагодзьдзя ў горадзе Суса (вядомы армянам як Шушы) была разбураная, згодна са спадарожнікавымі здымкамі, дасьледаванымі Caucasus Heritage Watch — акадэмічнай арганізацыяй, якая дакумэнтуе лёс культурнай спадчыны ў рэгіёне. Іншыя аб’екты армянскай спадчыны таксама былі зьнішчаныя, у прыватнасьці тыя, якія стаялі на шляху амбітных праектаў будаўніцтва дарог у Азэрбайджане, паведамляе арганізацыя.
Нягледзячы на хуткае будаўніцтва, засяленьне Карабаху ішло павольна. Па стане на канец ліпеня каля 8000 былых жыхароў вярнуліся, паводле азэрбайджанскіх дзяржаўных дзеячоў, на тэрыторыі, якія Азэрбайджан адваяваў з 2020 году — амаль усе яны перасяліліся ў раёны за межамі Нагорнага Карабаху. Яшчэ каля 3000 пераехалі ў галоўны горад рэгіёну Ханкендзі, вядомы армянам як Стэпанакерт, каб працаваць, у тым ліку ва ўнівэрсытэце Ханкендзі, дзе ў восеньскім сэмэстры плянуецца пачаць навучаньне яшчэ 1100 студэнтаў.
Адной зь нямногіх раней населеных азэрбайджанцамі тэрыторый, якую Азэрбайджан вярнуў у 2023 годзе, была родная вёска Мамадавай Хаджалы. Па стане на чэрвень туды вярнуліся 50 сем’яў, і чыноўнікі паабяцалі, што яшчэ 228 зробяць гэта да канца году.
Рэканструкцыя суправаджалася крытыкай за карупцыю, неэфэктыўнасьць і няздольнасьць улічыць жаданьні жыхароў. У маі Аліеў наведаў Хаджалы, каб паказаць новы шматпавярховы жылы комплекс. Але Мамадава хоча вясковага жыцьця, якое было ў яе раней. Яе сын наведаў Хаджалы неўзабаве пасьля наступу ў верасьні 2023 году і ўбачыў, што падмурак іхнага дому ўсё яшчэ стаіць. Але калі празь некалькі месяцаў сям’я вярнулася яшчэ раз, то на месцы, дзе быў іх дом, знайшлі будаўнічую пляцоўку; засталося толькі некалькі дрэваў арэшніку.
«Мяне гэта не задавальняла, і я папрасіла ўрад вярнуць нам наш двор», — сказала яна.
«Але яны сказалі нам, што горад аднаўляецца ў адпаведнасьці з плянам ураду і яны могуць даць нам пляц параўнальнага памеру ў любой іншай частцы Хаджалы». Тое, што ўлады будуюць, «прыгожа, але нават адну курыцу трымаць не даюць», сказала яна.
«Мы не ў Маскве жылі, мы жылі ў Хаджалы, у вёсцы». Яна жэстам паказала на свой двор у Пірсагах.
«Вы ж бачыце, колькі ў мяне тут курэй, я за яйкі не плачу. Зарэжу курыцу, дзеці ядуць. Мы хочам, каб там было так, але для гэтага няма ўмоў».
Жыцьцё ў якасьці бежанца
За некалькі дзён пасьля леташняга наступу ў Армэнію выехалі больш за 100 тысяч армян. Хоць гэта каля 4 працэнтаў ад усяго насельніцтва Армэніі, прыняць іх удалося адносна лёгка: яны альбо спыніліся ў сваякоў, альбо нанялі жыльлё, альбо засталіся ў дзяржаўным жыльлі для бежанцаў.
Аднак праз год карабаскія ўцекачы ўсё яшчэ ня вызначыліся наконт сваёй будучыні. Урад абвясьціў, што з пачатку наступнага году скароціць субсыдыі на арэнду жыльля, якія выдзяляюцца бежанцам. Урад запусьціў праграму аднаразовых выплат бежанцам, каб дапамагчы ім купіць дамы, але праваабарончыя групы яе крытыкуюць.
Хачатр’ян, якая вядзе відэападкаст аб праблемах, зьвязаных з Нагорным Карабахам, сказала, што яе сям’я, напрыклад, ня будзе мець права на атрыманьне грошай да трэцяй фазы праграмы, гэта значыць да 2027 году. «Людзі цалкам страцілі веру [ва ўладу] і зьмірыліся з тым, што так яно і ёсьць», — сказала яна. «Гэта таксама азначае, што людзям давядзецца эміграваць, таму што наняць жыльлё дзе-небудзь у Ціхарэцку [у Расеі] будзе таньней, чым у Армэніі».
Уцекачы з Карабаху таксама сутыкаюцца з сацыяльнай дыскрымінацыяй, у прыватнасьці, з крыўдай на тое, што яны сталі цяжарам для і без таго беднай краіны. «Існуе відавочная дыскрымінацыя выхадцаў з Арцаху, — сказала Хачатр’ян. — На гэта ўплываюць сродкі масавай інфармацыі, урадавая прапаганда, што „мы даём тое ці тое людзям з Арцаху“, а на самой справе яны нам нічога не даюць».
Больш за 10 тысяч уцекачоў з Карабаху ўжо пакінулі Армэнію, многія накіраваліся ў Расею. Тым ня менш Хачатр’ян мае намер застацца ў Армэніі, калі толькі будзе ў змозе. «Гэта наша радзіма, і знайсьці сябе ў сваім моўным і культурным асяродзьдзі нашмат лягчэй, чым на чужыне», — сказала яна.
Бежанцы і многія іншыя армяне таксама былі расчараваныя відавочнай незацікаўленасьцю ўраду ў прасоўваньні правоў карабаскіх армян па вяртаньні ў свае дамы. Афіцыйныя асобы з ЗША, Эўропы і Расеі ў сваіх заявах аб вырашэньні канфлікту згадвалі пра правы армянскага насельніцтва на вяртаньне ў Карабах. Але сам урад Армэніі астудзіў гарачыя галовы.
«Усе тыя, хто спрабуе пераканаць народ Нагорнага Карабаху ў магчымасьці вяртаньня, — авантурнікі, якія спрабуюць стварыць напружанасьць у Армэніі... каб надзець на шыю Армэніі новы палітычны павадок», — заявіў дэпутат ад кіроўнай партыі «Грамадзянская дамова» Артур Хаванісян, паведаміла Армянская служба Радыё Свабода.
Адмаўленьне ўрадам Армэніі права карабаскіх армян на вяртаньне заахвоціла Азэрбайджан працягваць поўным ходам засяленьне Карабаху, уключаючы раней населеныя армянамі мясцовасьці, такія як Ханкендзі, кажа ўпаўнаважаны па правах чалавека былога дэ-факта ўраду Карабаху Гегам Стэпаньян.
«Яны цалкам закрылі гэтую тэму, і калі б яны гэтага не зрабілі, сёньня [азэрбайджанцы] не засялялі б Стэпанакерт такімі хуткімі тэмпамі і не захоплівалі дамы жыхароў Стэпанакерту», — сказаў ён у інтэрвію мясцоваму сайту навін «Армэнія сёньня».
Нявызначаная будучыня
Нягледзячы на тое, што ўрад Армэніі можа спрабаваць закрыць гэтую тэму, сярод саміх бежанцаў яна не закрытая. У першыя дні пасьля сыходу сярод некаторых бежанцаў ішлі размовы, што калі ўмовы ў Армэніі застануцца цяжкімі, яны могуць паспрабаваць вярнуцца ў Карабах, нават калі гэта азначала б падпарадкаваньне азэрбайджанскаму кіраваньню. Цяпер гэтыя размовы сьціхлі.
«Я ня ведаю ніводнага армяніна, які б сказаў, што гатовы жыць у Арцаху ў такіх умовах», — сказала Хачатр’ян. Аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве яна і іншыя армяне спадзяюцца, што палітычны і ваенны лёс можа зноў павярнуцца. «Ніхто з нас ня ведае, чаго чакаць у будучыні, якія геапалітычныя зьмены могуць адбыцца. Можа, усё зьменіцца такім чынам, што тое, што здаецца немагчымым сёньня, стане магчымым заўтра», — сказала яна.
«І, можа, калі-небудзь Арцах зноў стане армянскім. Прынамсі, у мяне такая мара ёсьць, і свайму дзіцяці я яе прышчапляю таксама».
Азэрбайджан тым часам расцэньвае такія настроі як рэваншысцкія і спрабуе заглушыць любыя рэшткі армянскіх амбіцый вярнуць Карабах. Сюды ўваходзіць ціск на Армэнію, каб тая зьмяніла сваю Канстытуцыю, у якой дагэтуль застаюцца фармулёўкі, якія заклікаюць да «ўзьяднаньня» Армэніі і Карабаху. І хоць да верасьня 2023 году Аліеў заяўляў, што мірныя армянскія жыхары Карабаху павінны застацца, пра такія намеры таксама больш не чуваць: цяпер Аліеў старанна пазьбягае любых згадак пра армянскае насельніцтва, акрамя кіраўніцтва сэпаратыстаў.
Сярод азэрбайджанскіх рэпатрыянтаў таксама мала цікавасьці да вяртаньня былых армянскіх суседзяў. Мамедава сказала, што да першай вайны паміж армянамі і азэрбайджанцамі было шмат сяброўскіх кантактаў.
«Але не цяпер, — сказала яна. Яе муж Раміль загінуў на першай вайне, у 1992 годзе. — Чацьвёра маіх дзяцей засталіся бяз бацькі, і я засталася без прытулку», — сказала яна.
«Як мне зь імі сябраваць? Можа, час вырашыць праблему. Ня ведаю. Але сэрца майго ня вылечыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі заявілі аб папярэджаньні спробы ўзброенага захопу ўлады. Трох зь сямі падазраваных затрымалі