Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, зьменшыла ў Расею. Гэта могуць расцаніць як здраду і пакараць – Раманчук

©Shutterstock

У першым паўгодзьдзі Беларусь істотна зьнізіла экспарт нафтапрадуктаў на расейскі рынак, але пры гэтым рэзка павялічыла іх пастаўкі ва Ўкраіну. Пра гэта сьведчыць афіцыйная статыстыка, паведамляе БелаПАН.

Экспарт нафтапрадуктаў у Расею склаў 163,6 тысяч тон. Гэта на 56% менш параўнальна з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Ва Ўкраіну, наадварот, Беларусь на 64% павялічыла экспарт нафтапрадуктаў: за студзень-чэрвень іх рэалізавана звыш 2,2 млн тон.

У ліпені ўкраінскія СМІ паведамлялі, што Беларусь прыпыняла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну з прычыны рашэньня Расеі зьменшыць пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Пасьля невялікай паўзы пастаўкі на ўкраінскі рынак былі адноўленыя.

«Украіна застаецца для Беларусі самым ліквідным рынкам. Таму нават у выпадку абмежаваньня імпарту расейскай нафты Беларусь будзе зацікаўленая прадаваць нафтапрадукты Ўкраіне проста таму, што за беларускае паліва мы плацім больш, чым іншыя пакупнікі», — заявіў БелаПАН дырэктар украінскай кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

У інтэрвію Свабодзе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук патлумачыў паводзіны беларускага боку тым, што ва Ўкраіне прапануюць лепшую цану:

«Беларускія ўлады мяркуюць наступным чынам. Расея яшчэ ніколі не прымала меры, калі Беларусь не выконвала свае абавязаньні па пастаўках нафтапрадуктаў на расейскі рынак. І калі ёсьць такая магчымасьць перапрацоўваць танную расейскую нафту і пастаўляць нафтапрадукты ва Ўкраіну па цэнах, якія амаль у два разы лепшыя, чым у Расеі, то чаму ёй не карыстацца? Таму, як толькі Расея пачне прымушаць Беларусь да выкананьня гэтага пункту дамоўленасьцяў па нафце і нафтапрадуктах, тады Беларусь можа і перагледзець сваю пазыцыю. Але пакуль мераў пакараньня няма — куй жалеза, пакуль гарачае».

Паводле Раманчука, на гэтых пастаўках ва Ўкраіну зарабляюць ня толькі беларускія дылеры, але і пэўныя расейскія структуры:

«Калі гэта будзе інтэрпрэтавана Крамлём як здрада саюзьніцкім інтарэсам, тады карныя захады — перагляд цэнаў, скарачэньне паставак нафты — могуць быць яшчэ сёлета. У гэтым сэнсе Крэмль зусім непрадказальны. Таму, пакуль даюць магчымасьць зарабляць, — зарабляюць».

З расейскага боку ўжо гучалі пагрозы скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь. Аднак, паводле Раманчука, «пагроза — гэта не рэальнасьць».

«Пакуль гэта толькі размовы, і ніякіх мераў няма. Крэмль бачыць, што сёньня пакуль не з рукі сварыцца з Лукашэнкам, гэта ж амаль апошні фармальны саюзьнік. Гэтым афіцыйны Менск і карыстаецца».

У ліпені Расея прыняла рашэньне скараціць на траціну пастаўкі нафты ў Беларусь. Падставай стала ўсё большая запазычанасьць Менску за газ. Акрамя таго, Мінэнэрга Расеі матывавала прынятае рашэньне тым, што беларускі бок не выконвае абавязаньні па пастаўках нафтапрадуктаў на расейскі рынак. Меркавалася, што Беларусь паставіць у 2016 годзе Расеі 1 млн тон бэнзіну. Аднак беларускі ўрад на пачатку гэтага году заявіў, што цэнавыя ўмовы паставак паліва на расейскі рынак Беларусі нявыгадныя.