Баевікі атраду расейскіх нацыяналістаў «Русіч» выклалі ў сваёй суполцы «УКантакце» фота невядомых байцоў з беларускім дзяржаўным сьцягам.
«На мінулым тыдні інструктары ДШВБ «Русіч» правялі камэрцыйную трэніроўку па тактыцы і агнявой падрыхтоўцы для нашых сяброў з Беларусі», – паведамляюць баевікі.
Хто канкрэтна гэтыя «сябры з Беларусі», не ўдакладняецца.
На фотаздымку з беларускім сьцягам 14 чалавек, але пабачыць твары можна толькі двух зь іх – камандзіра «Русіча» Аляксея Мільчакова і, хутчэй за ўсё, ягонага намесьніка Яна Пятроўскага. Твары 11 байцоў на фота замазаныя (сярод іх, відавочна, ёсьць дзяўчына), яшчэ адзін чалавек апусьціў галаву. Хутчэй за ўсё, гэтыя 12 чалавек і ёсьць «сябры з Беларусі».
Дывэрсійна-штурмавая выведвальная група «Русіч» – баявы атрад расейскіх нацыяналістаў, які прымаў удзел у вайне на Данбасе. За камандзірам «Русіча», 25-гадовым ураджэнцам Пецярбургу Аляксеем Мільчаковым (пазыўны «Сэрб», мянушка «Фрыц») цьвёрда замацавалася рэпутацыя нэанацыста і садыста.
У траўні вялікі розгалас набыла гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына вазілі ў Расею на ваенныя зборы, дзе інструктарамі працавалі баевікі групы «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Сам 25-гадовы Мільчакоў заявіў тады Свабодзе, што ў «Русіча» «вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю».