Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і Сьледчы камітэт вывучаюць інфармацыю адносна ўдзелу беларускіх дзяцей у лягерах баевікоў


Кіраўнік баявога атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў
Кіраўнік баявога атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў

Ці валодаюць праваахоўныя і сілавыя структуры інфармацыяй пра тое, што беларускія падлеткі ўдзельнічаюць у ваенных зборах, якія ладзяць у Расеі баевікі дывэрсійна-штурмавой брыгады «Русіч»?

Гэты факт сёньня пацьвердзіў Свабодзе камандзір ваенізаванага падразьдзяленьня, якое брала ўдзел у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў з так званай ДНР, Аляксей Мільчакоў.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў Cвабодзе, што такія зьвесткі ведамству вядомыя са СМІ, але ініцыяваць нейкія канкрэтныя дзеяньні павінны іншыя дзяржаўныя структуры:

«Перадусім такой інфармацыяй павінны зацікавіцца органы бясьпекі нашай дзяржавы ці органы ўнутраных спраў. Сьледчы камітэт расьсьледуе крымінальныя справы, гэта ўжо наступны альгарытм дзеяньняў. То бок спачатку працуюць органы дазнаньня, а потым справа перадаецца ў Сьледчы камітэт і ўжо камітэт займаецца расьсьледаваньнем. Але магу сказаць, што сьледчыя інфармацыю ведаюць і вывучаюць».

У Камітэце дзяржбясьпекі пацьвердзілі, што па факце выезду дзяцей зь Беларусі на зборы ў Падмаскоўе да іх зьвяртаўся карэспандэнт «Нашай Нівы», аўтар артыкула «Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расею ў трэніровачныя лягеры пад кіраўніцтвам нэанацыстаў» Арцём Гарбацэвіч.

Начальнік прэс-службы КДБ Дзьмітры Пабяржын запэўніў, што зьвесткі наконт гэтага правяраюцца і вывучаюцца:

«Мы падчас размовы дамовіліся, што калі ад нас будуць камэнтары, то крыху пазьней. Наколькі я ведаю, запыт накіраваны таксама ў пракуратуру. Але інфармацыя нам вядомая, журналіст Арцём Гарбацэвіч затэлефанаваў практычна адразу ж».

Аляксей Мільчакоў у размове са Свабодай пацьвердзіў, што брыгада «Русіч» займаецца вайсковай падрыхтоўкай дзяцей. Пры гэтым ён зазначыў, што ўлады Беларусі ніяк не перашкаджалі ні адпраўцы беларускіх школьнікаў на трэніровачныя зборы, ні супрацоўніцтву зь беларускімі ваенна-патрыятычнымі клюбамі ды іншымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG