Пра прыняцьце пляну паведаміла на мерапрыемстве, прысьвечаным Дню ААН, намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына.
Нацыянальны плян падтрыманы кіраўніком Беларусі, зацьверджаны пастановай Савету міністраў, перадае БелТА.
«Гэты Нацыянальны плян — палітычны дакумэнт, які зьяўляецца своеасаблівай «дарожнай картай», які вызначае асноўныя напрамкі дзеяньняў дзеля імплемэнтацыі нашых абавязаньняў у справе выкананьня правоў чалавека.
Для мяне асаблівы гонар абвясьціць аб прыняцьці Нацыянальнага пляну ў дзень старту кампаніі «Інклюзіўная Беларусь», — сказала Алена Купчына.
Кампанія накіраваная на павышэньне абазнанасьці грамадзтва наконт барʼераў і няроўнасьці, на барацьбу са стыгматызацыяй уразьлівых груп насельніцтва.
Што ўяўляе сабой Нацыянальны плян па правах чалавека? Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў:
«Тут ня трэба мець занадта ружовых акуляраў. Усё ж такі праваабаронцы заўсёды чакаюць лепшага. На жаль, жыцьцё такія падарункі дае рэдка, і ў дадзеным выпадку я ўпэўнены, што гэты дакумэнт атрымае шмат крытыкі.
Як і што там будзе зафіксавана, пакуль можна толькі гадаць. Але ў любым выпадку добра, што ён зьявіўся, бо, як ні круці, гэта першы такі прававы акт, у якім пытаньне правоў чалавека пастаўлена ў нейкую дзяржаўную палітыку. Такога кшталту пляну ў нас пакуль не было. Наадварот, слова гэтае было лаянкай.
Я спадзяюся, што гэта нам усё ж будзе дапамагаць выводзіць у людзкае рэчышча правы чалавека».
Алег Гулак мяркуе, што аснову дакумэнту складаюць рэкамэндацыі, якія былі атрыманыя летась у межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, і што гэты плян будзе дзейнічаць да 2019 году.
«Грамадзянская супольнасьць была пэўным чынам прыцягнутая да фармаваньня гэтага пляну. Якім чынам? У траўні гэтага году была канфэрэнцыя, якую арганізоўвалі МЗС і ААН, дзе была магчымасьць даць свае прапановы. Тады гэта называлася „Міжведамасны плян па рэалізацыі рэкамэндацый Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду“.
Да гэтага пляну давалі рэкамэндацыі, у тым ліку і беларускія праваабаронцы. Мы сфармавалі набор індыкатараў, якіх можна і важна дасягнуць, каб гаварыць пра прагрэс у гэтай галіне. Але зваротнай сувязі мы не атрымалі.
Добра, што гэты працэс быў, раней гэтага не было. Дрэнна, што мы не атрымалі зваротнай сувязі.
Цяпер цяжка казаць, што ў гэтым пляне ў выніку зьявілася, бо тэксту мы яшчэ ня бачылі».