Дзяржаўныя эколягі са Смаргоні бралі хабар бульбай

© Flickr

Сьледчыя з Горадзенскай вобласьці расказалі БелаПАН пра расьследаваньне справы двух работнікаў смаргонскай міжраённай лябараторыі кантролю навакольнага асяродзьдзя.

Іх падазраюць у атрыманьні незаконных узнагарод ад парушальнікаў нормаў забруджаньня зямлі і пры афармленьні пратаколаў вымярэньняў — узамен на тое, каб апошніх не прыцягвалі да адказнасьці.

Так, у верасьні 2017 году яны атрымалі за фальсыфікацыю аналізаў глебы 200 кг бульбы, а за тое, што бралі пробы па-за межамі забруджанага ўчастку — 240 кг бульбы, 120 кг пшаніцы і 120 кг ячменю. Цягам 2008–2013 гадоў яны прымалі хабар рознымі бакалейнымі таварамі, у 2016 годзе ўзялі ў якасьці хабару стол і іншыя драўляныя вырабы.

Частка тавараў канфіскаваная. Сьледчыя выяўляюць іншыя эпізоды злачыннай дзейнасьці затрыманых. Паводле ч.2 арт. 433 КК затрыманым пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.


Царкоўныя сьвечкі, дрылі, каўбасы, вагонка, каньяк…

Рада Эўропы называла нездавальняльнымі цяперашнія высілкі беларускіх уладаў у барацьбе з карупцыяй. У рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі Беларусь займае 68-е месца са 180-ці.

Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе. Пазьней ён адзначыў, што барацьба з карупцыяй па-ранейшаму ідзе недастаткова эфэктыўна, у Беларусі застаюцца «паборы, адкаты, падарункі і махінацыі» ў тым ліку зь бюджэтнымі сродкамі.

15 лютага Лукашэнка вызваліў ад пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко з фармулёўкай за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».

Днём пазьней стала вядома пра затрыманьне дырэктара менскага Палацу спорту Сяргей Прановіч. КДБ сьцьвярджае, што ён браў хабар «чым заўгодна, ад дрыля і шрубавёрта да мікрахвалёвай печы, ад квітка на канцэрт да бутэлькі алькаголю», а Лукашэнка заяўляў, нібы той браў хабар нават царкоўнымі сьвечкамі.

Летась у кастрычніку на тры гады пазбаўленьня волі асудзілі былую намесьніцу начальніка ўпраўленьня прымусовага выкананьня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму, якая атрымлівала ў якасьці хабару бульбу, сьвініну, памідоры, перац, яблыкі, зялёны гарошак і павідла, цукеркі і шампанскае.

У сярэдзіне мінулага году стала вядома, што начальнік у Буда-Кашалёве браў хабар ноўтбукам, вагонкай і мяккай мэбляй. Год таму паведамлялася, што гомельскі судовы выканаўца браў хабар дызэльным палівам і каўбасамі. У лютым футбольнага арбітра асудзілі ў тым ліку за прызначэньне «правільнага» судзьдзі на футбольны матч за 28 даляраў і бутэльку каньяку.