Афіцыйныя продажы смартфона Apple iPhone X стартавалі ў Беларусі 8 сьнежня. Да таго гэты смартфон у Беларусі ўжо можна было купіць, але не ў афіцыйных пастаўшчыкоў. Цяпер жа можна і ў гандлёвых сетках, і ў апэратараў, з афіцыйнай гарантыяй.
Новыя айфоны пастаўляюцца ў серабрыстым і цёмна-шэрым колерах (маюць каштаваць аднолькава), з аб’ёмам унутранай памяці 64 і 256 Гб.
Вэрсія на 64 Гб каштуе 2999 рублёў (каля 1473 даляраў). Сярэдні налічаны заробак беларусаў да выманьня падаткаў і збораў у лістападзе склаў 841 рубель, самы танны iPhone X каштуе тры з паловай такіх заробкі. Або 6,36 заробка беларускага бібліятэкара (калі не плаціць падаткі і зборы). Вэрсія на 265 Гб каштуе 3449 рублёў (каля 1718 даляраў) — гэта больш за чатыры сярэднія налічаныя заробкі, або роўна шэсьць заробкаў настаўніка.
80 дзён працы беларуса, ці 3 тоны бульбы: колькі каштуе новы iPhone X
Цэны на «айфоны» ў Беларусі, як звычайна, адны з самых высокіх у сьвеце: беларускія цэны на iPhone X адстаюць ад бразыльскіх, дзе малодшая мадэль будзе каштаваць больш за 2150 даляраў (праз складаную сыстэму падаткаў і вядзеньня бізнэсу), і ад турэцкіх, дзе за новы iPhone X на 64 Гб папросяць амаль 1600 даляраў. Беларускія цэны таксама прыблізна роўныя вугорскім — а ў астатнім сьвеце iPhone таньнейшыя.
На сваёй «радзіме» новыя «айфоны» каштуюць меней: у ЗША за вэрсію на 64 Гб без прывязкі да апэратара просяць 999 даляраў (каля 2033 рублёў), за вэрсію на 256 Гб — 1149 даляраў (каля 2339 рублёў).
Як перадае Onliner.by, чэргаў па новыя «айфоны» ў Менску на старце продажаў не было
Сярэдні заробак беларусаў далёкі ад рэальнага даходу: паводле розных мэтодык, сярэднестатыстычны беларус мае крыху больш за 500 рублёў рэальнага даходу. Але тых, хто мае 500 і больш рублёў, няшмат — 72,2% беларусаў маюць меней. Даходы ў 500 даляраў на месяц цяпер мае сярэднестатыстычная беларуская гаспадарка (якая складаецца не з аднаго чалавека).