Аляксандр Лукашэнка прызначыў урад. З чым была зьвязаная затрымка зь яго зацьвярджэньнем? Чаму кіраўнік дзяржавы захаваў стары склад ураду? Якіх дзеяньняў можна ад яго чакаць?
Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
З чым была зьвязаная затрымка з прызначэньнем ураду?
Валер Карбалевіч: «Нарэшце, праз амаль паўтара месяца пасьля інаўгурацыі Лукашэнка прызначыў урад. У пятніцу прэм’ер-міністра, паводле патрабаваньня Канстытуцыі, зацьвердзіла Палата прадстаўнікоў. У чым прычыны такой затрымкі? Лукашэнка вагаўся, чагосьці чакаў?
Хачу зьвярнуць увагу, што на адной з нарадаў з кіраўніцтвам ураду адразу пасьля прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнка запатрабаваў, каб кожны з чальцоў Савету Міністраў распрацаваў плян, як ён зьбіраецца працаваць у новых умовах. Хоць, здавалася б, павінна быць усё наадварот, прэзыдэнт вызначае курс, у межах якога ўрадоўцы павінны дзейнічаць. Пра што гэта сьведчыць?
Леў Марголін: «Можа, і насамрэч Лукашэнка чакаў нейкіх прапановаў ад чальцоў ураду. Усё было зроблена па старых бюракратычных законах. Вось пляны прадстаўлены, Лукашэнка там нічога новага не знаходзіць. Бо ўсе чыноўнікі добра ведаюць, чаго ад іх чакаюць. І вось пасьля гэтага адбываецца прызначэньне ўраду. Але праблема ў тым, што ў Лукашэнкі кароткая лаўка запасных. Таму мала ў каго быў сумнеў, што стары ўрад будзе пераназначаны. Тут яшчэ быў момант псыхалягічнага ціску. Трэба, каб чыноўнікі хваляваліся. Мо тады, лічыць Лукашэнка, яны будуць лепш працаваць».
Андрэй Паротнікаў: «Згодзен, што гэта была такая бюракратычная гульня. Каб напружыць чальцоў ураду, аказаць на іх дадатковы ціск».
Чаму кіраўнік дзяржава захаваў стары склад ураду?
Карбалевіч: «Пра што сьведчыць тое, што склад ураду, з адным выключэньнем, не памяняўся. У пэрыяд крызісу ў кампанію прызначаюць антыкрызыснага мэнэджэра. Атрымліваецца, што ўрад Кабякова — калектыўны антыкрызісны мэнэджэр. Ці адпавядае такой задачы цяперашні ўрад? Ці здольны ён вывесьці краіну з крызісу?»
Марголін: «Не. Можа, ён і быў бы здольны, калі б яму далі магчымасьць, свабоду рук. Але Лукашэнка вызначыўся, што крызісу ў краіне няма, нашая палітыка найлепшая і нічога мяняць ня трэба. Адзінае, што патрабуецца ад ўраду, гэта знайсьці грошы. А гэта рабіць ён умее. Трэба перачакаць, пакуль Расея выйдзе з крызісу, і ўсё прыйдзе ў норму. Таму і ня варта экспэрымэнтаваць з урадам, лічыць Лукашэнка».
Паротнікаў: «Тое, што ўрад застаўся ў ранейшым складзе, сьведчыць аб адным: Лукашэнка ня вызначыўся са стратэгіяй выхаду з крызісу. Ва ўрадзе існуюць дзьве групоўкі. Адна, зьвязаная з рэальным сэктарам, выступае за захаваньне старой мадэлі, бюджэтную падтрымку дзяржсэктару за кошт інфляцыі. Другая групоўка выступае за фінансавую стабілізацыю, коштам спаду ў рэальным сэктары. Лукашэнка пакуль ня вырашыў, каму аддаць перавагу. Таму і захаваўся ранейшы склад ураду
Чаму камандзір дыскутуе з жаўнерамі?
Карбалевіч: «Выступаючы з прамовай падчас інаўгурацыі, Лукашэнка абрынуся на „рэфарматараў з уладных кабінэтаў“, якія прапануюць структурныя рэформы. Чаму ён іх проста ня зволіць? Бо дзіўна выглядае, калі камандзір дыскутуе з жаўнерамі. Але Лукашэнка ня зволіў іх, а пакінуў ранейшы склад ураду». Што гэта значыць?
Марголін: «Лукашэнка жыве ў іншай парадыгме. Ён глядзіць на эканоміку з гледзішча пагрозы сваёй уладзе. Ён убачыць крызіс тады, калі пачнуцца сацыяльныя пратэсты. А пакуль грамадзтва спакойнае, то, лічыць ён, ня трэба рабіць рэзкіх рухаў. Таму і пакінуты стары ўрад. Тым больш, што яго чальцы могуць размаўляць на замежных мовах, весьці перамовы з МВФ».
Рэфарматары пакінутыя ва ўрадзе таму, што замежныя фонды калі і выдадуць крэдыт, то якраз пад гэтых рэфарматараў, а не пад «моцных гаспадарнікаў»
Паротнікаў: «Замест таго, каб спрачацца з жаўнерамі, камандзіру ўжо варта было б прыняць нейкае рашэньне. А рэфарматары пакінутыя ва ўрадзе таму, што замежныя фонды калі і выдадуць крэдыт, то якраз пад гэтых рэфарматараў, а не пад «моцных гаспадарнікаў».
Як доўга праіснуе гэты ўрад?
Карбалевіч: «Урад Мясьніковіча пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2014 году праіснаваў чатыры гады. І колькі гэты ўрад праіснуе?»
Марголін: «Урад будзе існаваць да таго часу, пакуль сытуацыя не пагоршыцца. Маю на ўвазе, пакуль не пачнуцца сацыяльныя пратэсты, і ня ўзьнікне пагроза ўладзе Лукашэнкі. Вось тады ён будзе змушаны рабіць радыкальныя крокі.
Ён да рэформаў псыхалягічна не гатовы. І пойдзе на іх толькі пад вонкавым прымусам, пад ціскам міжнародных фондаў, якія выдаюць крэдыты».
Паротнікаў: «Гэты ўрад будзе захоўвацца да супадзеньня двух момантаў. Па-першае, пакуль ня будзе прынятае канчатковае рашэньне па крэдытах ад міжнародных фінансавых арганізацый. Па-другое, пакуль ня скончацца рэсурсы ў пазабюджэтных фондах. Гэта высьветліцца цягам 12-15 месяцаў».
Марголін: «Уся праблема ў тым, ці здолее ўрад пераканаць Лукашэнку, што адсутнасьць рэформаў зьяўляецца большай пагрозай для ягонай улады, чым самі рэформы».