На радзіме Лукашэнкі сырыец адраджае тое, што занядбалі беларусы, — авечкагадоўлю

Хамід Фарадж

Натхнёны словамі кіраўніка Беларусі і верай у плянавую эканоміку, фэрмэр Хамід Фарадж на Шклоўшчыне гадуе авечак і дзівіцца, што беларусы не гавораць па-беларуску.

Аляксандар Лукашэнка калісьці заявіў, што авечкагадоўля мае стаць прыярытэтным напрамкам, і даў загад «выпускаць нармальную ваўняную тканіну.

А ў сьвятле праблемаў з сыравінай на менскім камвольным камбінаце чыноўнікі ўспомнілі і пра авечкагадоўлю. Лукашэнка тады загадаў у сьціслыя тэрміны стварыць новае перапрацоўчае прадпрыемства альбо мадэрнізаваць старое.

Аўчарня Хаміда Фараджа — за дзясятак кілямэтраў ад Шклова, каля вёскі Сапронькі. На агароджанай пляцоўцы фэрмэр адрамантаваў кінутыя калгасам кароўнікі. У загарадках — тры сотні жывёл.

Спадар Фарадж прызнаецца, што прыбытку пакуль ня мае. Кажа: паводле ягоных разьлікаў, каб фэрма была рэнтабэльная, авечак павінна быць за дзьве тысячы.

На пытаньне, навошта яму на схіле веку займацца няпростай справай, адказвае: гэта ягоная даніна спэцыяльнасьці. Вучыўся ён у Горацкай акадэміі. Дыплёмную пісаў па авечкагадоўлі. Займаўся ёю ў сябе на радзіме ў Сырыі.

А ў гэты час у Беларусі перапрацоўчая галіна прыйшла ў заняпад:

«Усе прамысловыя арганізацыі, якія займаліся апрацоўкай воўны, скуры, разваліліся ў дзевяностых гадах. Нават у Шклове была часалка. Калі ж пачынаць разводзіць авечак, то трэба адраджаць тэхналёгію апрацоўкі прадукцыі авечкагадоўлі. На жаль, на сёньняшні дзень, акрамя мяса, нічога не апрацоўваецца».

Хамід Фарадж адчыняе вароты сваёй гаспадаркі

Па словах фэрмэра, у яго на складзе назапашана не адна тона прадукцыі са сваёй гаспадаркі. Куды падзець яе, ён пакуль ня ведае. Шукае выйсьця.

«Перакананы ўсё ж, што авечкагадоўля патрэбная для нас і нашай краіны», — цьвердзіць фэрмэр.

У Беларусі, акрамя прыватных сялянскіх гаспадарак і аднаго сельгаспрадпрыемства ў Ляхавіцкім раёне, у якім тры тысячы авечак, асаблівых дасягненьняў у адраджэньні авечкагадоўлі няма. Агульнае пагалоўе авечак цяпер — каля 52 тысяч. Спэцыялісты адзначаюць: каб забясьпечыць патрэбы прамысловасьці, іх павінна быць больш за адзін мільён дзьвесьце тысяч.

Між тым да 1940 гадоў у Беларусі, паводле спэцыялістаў, авечак налічвалася да трох мільёнаў. Пасьля ж аварыі на Чарнобыльскай АЭС авечкагадоўля ў Беларусі заняпала. Бо авечая поўсьць назапашвае радыенукліды.

Былы дырэктар саўгасу «Дрыбінскі» Мікалай Юркоў адзначае, што ў ягонай гаспадарцы авечак было каля тысячы галоў. Прыбытку яны не давалі, і пакрысе ён іх зьвёў, яшчэ да 1986 году. Гэтаксама, кажа суразмоўца, зрабілі і ягоныя калегі ў іншых гаспадарках.

«Калі палічыць, колькі каштуе воўна ды мяса і ў колькі мне гэтыя авечкі абыходзяцца, то нават тэарэтычна яны мне прыбытку даць ня могуць. Яшчэ троху па інэрцыі авечак трымалі, але потым і на сёлах паадмаўляліся ад іх», — згадвае Мікалай Юркоў.

Хаміду Фараджу ён жадае посьпеху, але на высілкі ўлады па адраджэньні занядбанай у Беларусі авечкагадоўлі глядзіць крытычна. Кажа, што беларускія сяляне гадавалі авечак, аднак з эканамічнага гледзішча мала хто зь іх думаў пра рэнтабэльнасьць. Тады думалі пра патрэбы.

Калі палічыць, колькі каштуе воўна ды мяса і ў колькі мне гэтыя авечкі абыходзяцца, то нават тэарэтычна яны мне прыбытку даць ня могуць

Цяпер наша воўна, — адзначае Мікалай Юркоў, — ня вытрымае канкурэнцыі з той, якая вырабляецца ў іншых краях, больш прыдатных для авечкагадоўлі:

«У кожным двары была патрэба валёнкі зьбіць ці шкарпэткі, панчохі зьвязаць ды кажух пашыць. І гэта ўсё ўладкоўвалася ў такі сялянскі лад натуральным чынам. І пашы былі тады — карова ідзе, за ёй конь і авечкі. Цяпер шырокага распаўсюджаньня авечкагадоўля пакуль ня мае ў нас. Я таксама чытаў, што недзе робяць у некалькі тысяч фэрмы. Але мне здаецца, што гэта ня надта пасуе нашай гаспадарцы».

У 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу падрыхтаваць плян разьвіцьця авечкагадоўлі ў Беларусі і стварыць прадпрыемства, каб перапрацоўваць прадукцыю гэтай галіны. На ягоную думку, авечкагадоўля павінна нават стаць прыярытэтным напрамкам у жывёлагадоўлі. У 2013 годзе прынялі рэспубліканскую праграму разьвіцьця авечкагадоўлі. У ёй адзначана, што дзеля адраджэньня галіны трэба актыўна падключаць да справы фэрмэраў і асабістыя гаспадаркі грамадзян. За прамінулы час, аднак, масавага памкненьня да авечкагадоўлі не заўважана. Спэцыялісты пра адраджэньне айчынай авечкагадоўлі выказваюцца з асьцярожным аптымізмам. Кажуць, што зь цягам часу яна можа даць прыбытак і што беларускія авечкі могуць зэканоміць да 4,5 мільёнаў валютных сродкаў.

Хамід Фарадж

Хамід Фарадж спадзяецца на дапамогу дзяржавы. На ягоную думку, пры плянавай эканоміцы ўлада мае падтрымліваць грамадзян у ажыцьцяўленьні патрэбных для краіны задумаў. Яму ж дзяржава пакуль дапамагла атрымаць крэдыт з малым працэнтам, каб набыць трактар. Па ільготнай цане ён купіў у сваю гаспадарку авечак.

Хамід Фарадж называе сябе савецкім чалавекам. Тлумачыць: яго станаўленьне як асобы прыпала на часы існаваньня СССР, і каштоўнасьці савецкай ідэалёгіі яму блізкія. На радзіме яшчэ юнаком уступіў у Камуністычную партыю Сырыі. Адзначае, што яна была ў апазыцыі да пануючай там партыі Баас («Адраджэньне»), кіраванай тады Хафезам Асадам. Паводле суразмоўцы, апазыцыйнасьць не дазволіла б яму зрабіць кар’еру на радзіме.

«У мяне была там няўдача невялікая па працы, бо я быў у апазыцыі, — тлумачыць ён. — Я не кажу, што мяне там улада ціснула наагул, але калі я ня ў партыі «Адраджэньня», то на кіроўную пасаду мне дарогі не было. Улада ў Сырыі, аднак, ня дрэнная. Партыя Баас — сацыялістычнай скіраванасьці. Шмат дасягненьняў было, але мы хацелі камунізм будаваць».

Двор аўчарні

Пражыўшы сем гадоў у Сырыі па вяртаньні з вучобы ў Саюзе, Хамід Фарадж вырашыў пакінуць родны край і асесьці там, дзе вучыўся, — у Беларусі. Тут жыве з 1988 году. Беларусаў называе сваімі землякамі. Праблемаў у стасунках зь імі, цьвердзіць, у яго ніколі не было. Кажа, што беларусы працавітыя і задужа цярплівыя:

«Беларускі чалавек адрозьніваецца дабрадушнасьцю. Я б сказаў, завялікай дабрадушнасьцю. Беларусы — эўрапейскі народ зь мяккім і добрым характарам, — адзначае ён. — Хацелася б, каб яго больш шанавалі і цанілі краіны-суседзі, бо ніхто ня мае права добрага чалавека крыўдзіць».

Для авечак Хамід Фарадж свой

На пытаньне, ці кідаецца ў вочы, што беларусы не гавораць на беларускай мове, адказвае, што так.

«Мова патрэбная для любой нацыі, — кажа спадар Фарадж. — Яе трэба паважаць, вывучаць і выкарыстоўваць у жыцьці. Той, хто аддаляецца ад беларускай мовы і не прызнае яе за дзяржаўную, той памыляецца. Аднак нельга мову выкарыстоўваць для рознагалосься людзей».

Сам па-беларуску не гаворыць, але раз-пораз устаўляе ў гаворку беларускія словы.

«Я асабіста дужа паважаю беларускую мову. Мне шмат падабаецца беларускіх слоў. Яны прыемна гучаць, і мне падабаецца, калі мне кажуць „дзякуй“, „цудоўна“. Я выкарыстоўваю часта слова „калі ласка“. Гэтыя словы гучаць прыгожа».

Пра вядомага земляка, які стаў прэзыдэнтам Беларусі, спадар Фарадж разважаў доўга. Казаў, што Лукашэнка сваёй пасады дамогся справядліва. Калі ж ёсьць у краіне праблемы, лічыць суразмоўца, то за гэта мусіць адказваць не адзін Лукашэнка:

«Калі ёсьць нейкая недапрацоўка, то адказнасьць ня толькі на прэзыдэнце, але ў гэтым вінаватыя і мясцовыя ўлады ды дэпутаты, якія выбраныя, каб бараніць інтарэсы дзяржавы. Галоўнае, каб ніякіх пераваротаў не было, — тлумачыць сваю пазыцыю спадар Фарадж і дадае: — Але недахопы трэба заўжды прызнаваць, бо калі чалавек заплюшчвае вочы, дык ён празь нейкі час трапіць у яміну, зь якой будзе цяжка вылезьці».

Ужо на разьвітаньне Хамід Фарадж, нібыта падводзячы рысу пад гутаркай каля шклоўскай ратушы, зазначыў: стараюся адрадзіць авечкагадоўлю, каб пакінуць добрую памяць пра сябе беларусам.