На актывіста грамадзянскай кампаніі «Zмена» склалі два пратаколы за акцыю, якую ён разам з паплечнікамі зладзіў 26 чэрвеня.
Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і абразе службовай асобы. Падчас акцыі было зьнята відэа, на якім Павал Вінаградаў перадаў прывітаньне асобам, адказным за нагляд над ім.
26 чэрвеня актывісты вывесілі на прыпынках грамадзкага транспарту ў Менску нацыянальныя сьцягі і плякаты з партрэтам свайго лідэра Паўла Вінаградава.
На плякаце Павал Вінаградаў паказвае сярэднія пальцы на абедзьвюх руках. Побач надпіс: «Дзякуй за нагляд».
«Перадаю прывет тым, хто прыдумаў усталяваць за мной нагляд. А менавіта: крымінальна-папраўчай інспэкцыі Маскоўскага РУУС і судзьдзі Сушко з Маскоўскага суду», — зьвярнуўся Павал Вінаградаў да судзьдзі і міліцыянтаў.
Калі адбудзецца суд, пакуль невядома.
У 2011 годзе грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Пазьней Вінаградава вызвалілі з калёніі праз памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам, але неўзабаве паставілі пад прэвэнтыўны нагляд. З лістапада 2015 году Вінаградаў стаяў на ўліку ў Маскоўскім РУУС сталіцы.