На ўсходзе Магілёўшчыны ў пасёлку Леніна 9 верасьня прыняла прысягу асобная стралковая рота тэрытарыяльных войскаў Горацкага раёну. У шыхце з аўтаматамі стаялі вайскоўцы рознага веку. Да 22 верасьня іх будуць вучыць узаемадзеяньню з памежнымі войскамі. Да мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй ад Леніна паўтара дзясятка кілямэтраў.
«Людзі, якія стаялі ў шыхце, больш за дзесяць год не трымалі ў руках зброю, але за два-тры заняткі ў складзе штатных падразьдзяленьняў навыкі ў іх вяртаюцца», — казаў пра баяздольнасьць падразьдзяленьня вайсковы камісар Магілёўскай вобласьці палкоўнік Аляксандар Гарошкін.
«Гэта ж вайсковае падразьдзяленьне не такое, як ва Ўзброеных сілах — гэта асобная стралковая рота тэрытарыяльных войскаў, і задача ў яе спэцыфічная. Яна будзе бараніць свой дом, сваіх родных і блізкіх, свае прадпрыемствы. І гэтую задачу яны выканаюць, — запэўніў вайсковец. — Для мяне самае дарагое, што ў людзей, якія стаялі ў шыхце, ёсьць разуменьне, што ніхто, акрамя нас, ня будзе бараніць нашу радзіму».
Паводле Аляксандра Гарошкіна, на зборы выкліканыя працоўныя, службоўцы і прадпрымальнікі.
Разьмясьцілі роту ў спартовай залі пэдагагічнага каледжу. Месца дысьлякацыі абнесенае агароджай і калючым дротам. Прысягалі вайскоўцы непадалёк ад сваёй казармы на пляцы перад помнікам салдатам, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну.
«Учора езьдзілі на стрэльбішча. Там стралялі. Узгадаць маладосьць, вядома ж, цікава», — казаў журналісту адзін з вайскоўцаў пасьля прыняцьця прысягі.
«Мінула трыццаць гадоў, як я служыў у савецкіх войсках. Адчуваньні нармальныя, таму можна паслужыць. Буду родным казаць, што дзед прысягнуў Рэспубліцы Беларусь. Усё будзе добра. Абаронім радзіму, але нас і так ніхто не кране», — сказаў суразмоўца.
Бальшыня прызыўнікоў прысягалі на расейскай мове. Былі і тыя, хто выбраў беларускі тэкст прысягі.
«Наша дактрына — усенародна бараніць краіну», — дадаў яшчэ адзін вайсковец. Паводле яго, сфармаваная рота — зладжаны калектыў, і цяжкасьцяў вайсковай службы ў ім не адчуваецца. Сфармавалі роту 6 верасьня з жыхароў Горацкага раёну.
Жыхары Леніна на вайскоўцаў не наракаюць. Кажуць, што зь імі жыцьцё ў пасёлку стала весялейшым. Некаторыя выпытвалі ў журналіста, чым выкліканыя такія зборы. «А можа, што мяжа з Расеяй недалёка?» — выказаў здагадку адзін з суразмоўцаў. Яшчэ адзін пад вялікім сакрэтам сказаў, што на мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй стаіць пост і правяраюць дакумэнты. Спраўдзіць гэтую інфармацыю не ўдалося.
На пачатку году Аляксандар Лукашэнка даручыў правесьці праверку гатоўнасьці войскаў тэрытарыяльнай абароны. Мясцовыя ўлады павінны быць гатовыя дзейнічаць у ваенных умовах, наказваў ён. Дзяржава павінна быць упэўненая, што ў выпадку пагрозы сытуацыя ў раёнах будзе пад кантролем.
«Дзяржсакратарыяту даручаю, каб у нейкі прамежак часу (трэба выбраць гэты час) мы маглі па маёй камандзе задзейнічаць войскі тэрытарыяльнай абароны ў раёне, горадзе і на іншай тэрыторыі ў маштабах вобласьці. Паглядзім, як дзейнічаюць войскі тэрытарыяльнай абароны», — сказаў Лукашэнка ўдзельнікам збору па тэрытарыяльнай абароне.
Your browser doesn’t support HTML5