Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская база ў Беларусі — ужо неактуальнае пытаньне», — дасьледчыкі


Аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня і супрацоўнік Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Дзьмітры Балкунец падрыхтавалі сумеснае дасьледаваньне «Беларуска-расейскія дачыненьні пасьля канфлікту ва Ўкраіне».

Аўтары пішуць: вайсковае супрацоўніцтва заўсёды было «сьвятой каровай» беларуска-расейскай інтэграцыі, на падставе чаго журналісты і заходнія экспэрты дазвалялі сабе сьцьвярджэньні, што беларускае войска — частка расейскага.

Аднак сытуацыя паступова зьмяняецца. Так, Менск адмовіўся ад стварэньня расейскай авіябазы на беларускай тэрыторыі, бо гэта аслабіла б пазыцыю Менску ў дачыненьнях з Масквой, паказала б Захаду несамастойнасьць Беларусі і прывяло б да яшчэ большай вайсковай залежнасьці Беларусі ад Расеі. Праўдападобна, што адмова беларускага кіраўніцтва ад зьяўленьня на тэрыторыі краіны базы была абумоўленая жаданьнем не ўскладняць дачыненьні са Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам. Да таго ж беларускія ўлады могуць усьведамляць небясьпеку: стварэньне базы можа ўцягнуць краіну ў расейска-заходняе супрацьстаяньне.

У сваім дасьледаваньні аналітыкі падкрэсьліваюць: дагэтуль афіцыйны Менск пасьпяхова блякуе разьмяшчэньне авіябазы, пра што сьведчыць зьнікненьне заяваў расейскіх афіцыйных прадстаўнікоў наконт стварэньня дадатковага вайсковага абʼекта ў Беларусі, а таксама фінансавыя інвэстыцыі Менску ў сваю вайсковую авіяцыю. Выглядае, што сёньня пытаньне вайсковай базы страціла сваю актуальнасьць. Пры тым, што ў выпадку неабходнасьці Расея можа разьмясьціць базу на сваёй тэрыторыі ў Калінінградзе зь меншымі выдаткамі.

Адмова ад стварэньня авіябазы адлюстроўвае шырэйшы трэнд спробаў Беларусі зьменшыць вайсковую залежнасьць. Так, навучаньне беларускіх вайскоўцаў у Расеі заўсёды мэнтальна зьвязвала беларускае і расейскае войскі — цяжка знайсьці сярод найвышэйшых вайсковых чыноў Беларусі хоць каго, хто не вучыўся ў Расеі. Аднак цяпер колькасьць беларускіх вайскоўцаў-студэнтаў у расейскіх вайсковых ВНУ зьмяншаецца. У мінулым навучальным годзе іх было 447, а сёлета — 374. Як тлумачыць адзін зь беларускіх вайсковых чыноўнікаў, «паколькі мы паступова адкрываем спэцыяльнасьці, якіх у нас раней не было, колькасьць тых, хто атрымлівае вайсковую адукацыю за межамі нашай краіны, штогод зьмяншаецца».

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях у Горадні ў 2013 годзе
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на вучэньнях у Горадні ў 2013 годзе

У супольных беларуска-расейскіх вучэньнях «Шчыт саюзу» ў 2015 годзе ўдзельнічала ў паўтара раза менш вайскоўцаў, чым у «Шчыце саюзу — 2011» ці «Захадзе-2013» (8 тысяч вайскоўцаў супраць 12 тысяч). Калі раней вучэньні без Расеі выглядалі ледзь не немагчымымі, то цяпер беларускія дэсантнікі штогод практыкуюцца разам з кітайскімі вайскоўцамі. Хоць памер гэтых вучэньняў выглядае мізэрным у параўнаньні з практыкаваньнямі з Расеяй, усё ж ён паказвае жаданьне Беларусі адшукаць для сябе новых партнэраў. Кітай наагул стаў заўважным вайсковым партнэрам для Беларусі. Найбольш гэта відаць у супольным распрацоўваньні зброі, якім займаюцца Менск і Пэкін. Прыклад — сыстэма залпавага пуску «Палянэз».

Беларусь абрала кірунак распрацоўваньня як мага большай колькасьці ўласнага вайсковага абсталяваньня, уключна са стварэньнем уласных ракетаў, якія, праўдападобна, робяцца з дапамогай украінскіх адмыслоўцаў.

Спадары Астапеня і Балкунец прыходзяць да высновы:

«На міжнароднай арэне вайсковыя інтарэсы Беларусі ўсё больш разыходзяцца з інтарэсамі Расеі. Беларусь, апроч супрацоўніцтва з Кітаем, дапамагае ўкраінскаму войску і супрацоўнічае з праціўнікамі Расеі на Блізкім Усходзе, за што некаторыя расейскія экспэрты нават абвінавачваюць Беларусь у падтрымцы „Ісламскай дзяржавы“».

Аўтары дасьледаваньня таксама зьвяртаюць увагу на тое, што празьмерная вайсковая інтэграцыя можа быць непапулярнай сярод беларускіх уладных колаў ня толькі з прычыны геапалітычных чыньнікаў, але і эканамічных. Напрыклад, заробкі ў беларускім войску ў некалькі разоў меншыя, чым у расейскім, і даволі натуральна, што павелічэньне кантактаў будзе нараджаць пачуцьцё несправядлівасьці сярод беларускіх вайскоўцаў адносна стаўленьня да іх беларускай дзяржавы і нават другаснасьці ў параўнаньні з расейскімі афіцэрамі. Праз гэта «Аляксандар Лукашэнка і беларуская дзяржава могуць страціць папулярнасьць у вачах айчынных вайскоўцаў», — пішуць аўтары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG