У Бельску-Падляскім зьбіраюцца перайменаваць вуліцу Браніслава Тарашкевіча і беларускі ліцэй, названы ў яго гонар. У Гайнаўцы, хутчэй за ўсё, зьнікне вуліца Якуба Коласа. Якуб Колас і Браніслаў Тарашкевіч могуць стаць ахвярамі закону аб дэкамунізацыі, які ўступіў у дзеяньне ў Польшчы.
Як беларускія ўлады, гісторыкі, палякі, якія жывуць у Беларусі, увогуле ставяцца да працягу дэкамунізацыі ў Польшчы і да перайменаваньня вуліц Тарашкевіча і Коласа?
Начальнік Упраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык паведаміў Свабодзе:
«МЗС адсочвае гэтую сытуацыю і зьбірае інфармацыю на гэты конт».
Гісторык Анатоль Сідарэвіч назваў працяг кампаніі перайменаваньня вуліц нацыянальнаю хваробаю Польшчы:
«Гэта польскі антыкамунізм. У іх цяпер такая нацыянальная хвароба ёсьць — антыкамунізм. Палякі разабраліся са сваімі камуністамі — Берутам, Гамулкам, Герэкам, Ярузэльскім — і цяпер дабраліся да нашых камуністаў. А сваю віну ў тым, што Тарашкевіч стаў камуністам, палякі не прызнаюць. Самае ж вялікае злачынства міжваенных польскіх урадаў перад беларусамі ў тым, што яны камунізавалі заходніх беларусаў! Гэта яшчэ ў 1919 годзе адзначыў у сваім дзёньніку Антон Луцкевіч.
Браніслаў Тарашкевіч быў выхаваны ў польскай культуры зь дзяцінства. Ён свабодна валодаў польскай мовай, яшчэ ў гімназіі вучыўся з будучымі дзеячамі міжваеннай Польскай рэспублікі, сябраваў з многімі.
А сваю віну ў тым, што Тарашкевіч стаў камуністам, палякі не прызнаюць
Палітыкам ён быў слабым — наіўным і даверлівым, доўга верыў польскім абяцанкам у дачыненьні да Беларусі: вось прызнаюць незалежнасьць, вось прызнаюць аўтаномію, дадуць шырокія культурныя правы, дазволяць сетку асьветніцкіх установаў... Калі палякі ўвялі закон аб мовах у школах у 1925 годзе, закон аб асадніцтве, іншыя — гэта ўсё прывяло Тарашкевіча ў камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Дарэчы, ён не прасіўся, нават сам не ўступаў у партыю — яго туды запіхалі. Адам Славінскі, між іншым, паляк, дзеяч камуністычнай партыі Беларусі (імем якога названая вуліца ў Менску), паведаміў Тарашкевічу, што ён прыняты ў камуністычную партыю. А сам Тарашкевіч заяву ў партыю не пісаў. Бальшавікам было выгадна мець у партыі і Браніслава Тарашкевіча, і Пятра Мятлу, і Сымона Рака-Міхайлоўскага, і Радаслава Астроўскага, і яны самі запісалі гэтых людзей у сваю партыю. Тарашкевіч ня меў сілы волі сказаць „не“. А потым зразумеў, куды трапіў...
Так што, паўтаруся, гэта польская антыкамуністычная хвароба».
Гісторык Алесь Пашкевіч кажа, што калі зыходзіць зь літары польскага закону наконт працягу дэкамунізацыі і перайменаваньня рэшты вуліц, названых у гонар дзеячоў, зьвязаных з камунізмам, то Тарашкевіч пад гэта рэальна падпадае:
«Вядома, даказаць, што ён ня быў камуністам, не займаўся палітычнай дзейнасьцю, шанцаў у нас ніякіх няма. Бо шмат захавалася сьведчаньняў і іншых людзей, і самога Тарашкевіча, ён сам сябе канкрэтна называе камуністам, і камуністычныя ўлёткі пад ягоным подпісам распаўсюджваліся ў міжваенны пэрыяд. Другі раз яго арыштавалі ў 1931 годзе, бо затрымалі ў цягніку пры перавозе камуністычнай літаратуры. Таму, думаю, беспэрспэктыўна адмаўляць сам факт таго, што Тарашкевіч быў камуністам, прытрымліваўся камуністычнай ідэалёгіі і сьвядома належаў да камуністычнай партыі.
У той жа час, я лічу, трэба было ўлічыць таксама і іншыя нюансы: Тарашкевіч у першую чаргу быў дзеячом нацыянальным. Гэта стваральнік першай беларускай граматыкі, знакавая фігура для беларусаў і ўвогуле заслужаны чалавек. Калі праводзіць абарону Тарашкевіча, адстойваць назву вуліцы, то трэба ціснуць хутчэй на тое, што яго роля як камуністычнага дзеяча другасная.
Тарашкевіч у першую чаргу быў дзеячом нацыянальным
З увагі на тое, што гэта даволі значная фігура для беларусаў як на Беласточчыне, так і ў самой Беларусі, дзеля захаваньня добрых міжнацыянальных, міждзяржаўных адносінаў палякам ня варта было гэтага рабіць.
Што да Якуба Коласа, тут наагул даволі дзіўная сытуацыя, бо яго наўрад ці можна ўстрымаць як камуністычнага пісьменьніка. Чальцом камуністычнай партыі ён быў ужо толькі пасьля вайны. Вядома, якія ў Савецкім Саюзе былі ўмовы для знакамітых пісьменьнікаў, цяжка было ўнікнуць сяброўства ў партыі. І гэтага ня варта настолькі сурʼёзна ўспрымаць. Але наконт Якуба Коласа, наколькі я разумею, яшчэ рашэньне не прынятае. Варта спадзявацца, што тут здаровы сэнс пераможа.
Увогуле я дастаткова скептычна стаўлюся да гэтай чарговай хвалі дэкамунізацыі. Зважаючы на тое, імёны якіх дзеячоў цяпер разглядаюцца, неабавязкова праводзіць такую агульнадзяржаўную кампанію. Калі хтосьці заслугоўвае выдаленьня з публічнай прасторы, гэта можна рабіць у індывідуальным парадку. Пагатоў у Польшчы ўжо не стаіць гэтая праблема, няшмат ужо засталося спрэчных вуліц».
Старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс вітае працяг дэкамунізацыі ў Польшчы:
«Я асабіста стаўлюся вельмі нэгатыўна да камуністаў рознага кшталту. Таму я лічу, што калі праводзіцца дэкамунізацыя — то гэта нармальна і не павінна быць ніякіх выключэньняў. А польскі ўрад прыняў цалкам правільнае рашэньне аб дэкамунізацыі. Дай Бог, каб і ў Беларусі дайшлі да дэкамунізацыі. Nie będę broniła komunistów».