Беларускі музычны партал Tuzin.fm выдасьць узнагароды прэміі «Героі году» 12 сьнежня (у дзень народзінаў парталу) у менскім клюбе «Грай». Традыцыйна прэміямі ўганароўваюць найлепшых выканаўцаў у намінацыях «Адкрыцьцё году» і «Героі году».
На цырымоніі грацьмуць намінанты і пераможцы прэміі. Але намінанты пакуль не абвешчаныя.
У розныя гады прэміі давалі гуртам Akute, Dzieciuki, N.R.M., Re1ikt, Zet, «Ляпіс Трубяцкі» ды іншым, летась героямі году назвалі «Крамбамбулю», а адкрыцьцём году — сьпявачку Pauline (Паліна Цімохіна).
У верасьні Tuzin.fm падвёў вынікі музычнага сэзону 2015-2016 і назваў песьняй году «Быў. Ёсьць. Буду» на верш Караткевіча ў выкананьні Irdorath з альбому Dreamcatcher, які, у сваю чаргу, стаў альбомам году. Кліпам году быў названы «Грэй мяне» гурту Rahis, зьняты пры ўдзеле фатографа Віктара Малышчыца. Таксама партал ладзіў конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай 3.0», у якім перамаглі Pauline, гурт Leibonik і дуэт Дзьмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.