Міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заявіла ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», што «дармаедам» абмяжуюць выезд за мяжу. Маўляў, гэтыя пытаньні ўжо адпрацаваныя. Ёсьць так званае «міжведамаснае ўзаемадзеяньне», базы дадзеных. Сьпісы «дармаедаў» Міністэрства па падатках і зборах накіруе ў свае тэрытарыяльныя органы, і ў сацыяльных дармаедаў, якія маюць даўгі перад падатковымі органамі, будуць складанасьці пры выезьдзе за мяжу.
Ці адпавядаюць такія абмежаваньні ў праве на выезд беларускаму і міжнароднаму заканадаўству?
Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун растлумачыў, што для абмежаваньня ў выезьдзе за мяжу павінна быць толькі рашэньне суду:
«Падатковыя органы самастойнага рашэньня аб абмежаваньні права на выезд грамадзяніна за мяжу не прымаюць — гэта адназначна. Толькі суд можа вынесьці такое рашэньне».
На пытаньне Радыё Свабода, ці патрэбна для выкананьня дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» прымаць нейкія дадатковыя законы ці ўносіць зьмены ў заканадаўства, Аляксей Бягун адказаў так:
«Па-першае, у Савету Міністраў ёсьць час, каб прывесьці ў адпаведнасьць заканадаўства ці падрыхтаваць цэлы шэраг новых нарматыўна-прававых актаў у межах рэалізацыі дэкрэту — у трохмесячны тэрмін. Ёсьць адпаведнае даручэньне. І гэтыя ўсе палажэньні будуць яшчэ дадаткова абмяркоўвацца — якім чынам выстаўляць абмежаваньні ў дачыненьні да гэтай катэгорыі асобаў. Цяпер гэтае пытаньне ў прапрацоўцы. Міністар працы гэта агучыла як адну з прапановаў для таго, каб паставіць дадатковыя абмежаваньні ў праве на выезд за мяжу».
Юрыст Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова кажа, што дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» — гэта чарговае беларускае наватворства, аналягаў якому няма ў ніводнай краіне сьвету. Гэта супярэчыць і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і Дэклярацыі правоў чалавека. Нават расейскія СМІ ўжо іранізавалі з дэкрэту і асуджалі яго, кажа Алена Яськова:
«Падаткі людзі павінны плаціць з прыбыткаў. А тут бярэцца катэгорыя, якая прыбыткаў ня мае, а павінна сплачваць збор. Тут наагул уключана катэгорыя, якой нідзе аналягаў няма — хатнія гаспадыні, жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце больш за 7 гадоў. То бок калі жанчына мае дваіх дзяцей і не працуе, яна павінна плаціць дзяржаве гэты збор! Гэта абсурд.
Да таго ж захады, якія прадугледжаныя за парушэньне дэкрэту — адміністрацыйны арышт з прыцягненьнем да грамадзкіх працаў — не вытрымліваюць ніякай крытыкі. То бок гэта прымусовая праца і бясплатнае выкарыстаньне працоўнай сілы.
Калі паводле Канстытуцыі ў чалавека ёсьць права на працу, то ў дзяржавы ёсьць абавязак забясьпечыць поўную занятасьць, прыстойную занятасьць насельніцтва, чаго наша дзяржава не выконвае. Па-першае, у нас наагул нізкія даходы. Па-другое, зараз прадпрыемствы стаяць, людзям не выплачваюць заробкі, даводзіцца падпрацоўваць, сярод моладзі вялікае беспрацоўе, яна зьяжджае, таму што рэалізавацца ня можа. А гэты дэкрэт накіраваны на тое, каб нешта яшчэ ад гэтага гаротнага люду „ўрваць“, прымусіць плаціць».
І ў фінансавым пляне — ніякіх дадатковых прыбыткаў дзяржава не атрымае
Што тычыцца абмежаваньня так званых «дармаедаў» у выезьдзе за мяжу, юрыст Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова патлумачыла, што па аналёгіі са злоснымі няплатнікамі алімэнтаў ці іншымі даўжнікамі перад дзяржавай гэта цалкам магчыма — чалавека занясуць у адпаведныя сьпісы і могуць ня выпусьціць за мяжу. То бок такім чынам людзей будуць запалохваць.
Але ніякай фінансавай выгады дзяржава ад гэтага дэкрэту не атрымае, перакананая Алена Яськова:
«Мы памятаем дэкрэт № 9 пра прыгоннае права, наагул бязглузды, які Камітэт дзяржкантролю рыхтаваў, што, маўляў, міліцыя будзе вяртаць людзей на месцы працы... І ён быў прыняты! А тут даручылі Міністэрству працы, і яны паспрабавалі нейкую больш-менш прыстойную слоўную форму надаць бязглуздай ідэі. І яна будзе рэалізаваная. Але ў сацыяльным пляне ня будзе ніякіх станоўчых наступстваў ад гэтага дэкрэту. І ў фінансавым пляне — ніякіх дадатковых прыбыткаў дзяржава не атрымае. А патрачана будзе шмат часу і сродкаў на гэтыя сьпісы, на выяўленьне гэтых «дармаедаў».
Перад Міністэрствам падаткаў і збораў пастаўлена задача — стварыць адмысловую базу дадзеных, зь якой можна будзе даведацца, хто працуе, а хто — не. А цягам трох месяцаў Савет Міністраў павінен вызначыць парадак узаемадзеяньня дзяржаўных органаў у мэтах рэалізацыі дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».