Facebook дазволіў пісаць пасты адначасова на беларускай ды іншых мовах

Год таму ў сацыяльнай сетцы Facebook зьявілася магчымасьць публікаваць адзін і той жа пост адначасова на розных мовах: напрыклад, напісаць тэкст па-ангельску і даць ягоны дублікат па-гішпанску. Адпаведна, карыстальнікі Facebook, якія выбралі мовай інтэрфэйсу гішпанскую, бачылі б пост па-гішпанску.

Але спачатку ў сьпісе моваў не было беларускай, хоць былі расейская і ўкраінская, баскская, басьнійская і брэтонская. Цяпер беларуская зьявілася ў сьпісе.

Уключыць або адключыць функцыю пастоў на некалькіх мовах можна ў наладах у разьдзеле «Мова» (пункт «Multilingual Posts»). Там жа можна выбраць сваю асноўную мову, пазначыць іншыя зразумелыя вам і ўключыць або выключыць аўтаматычны пераклад зь незразумелых моваў. Таксама функцыю можна ўключыць для публічных старонак (у асноўным разьдзеле наладаў старонкі пункт «Post in Multiple Languages»).

Каб зрабіць пост на некалькіх мовах, трэба пачаць пісаць на любой, пад тэкстам паста націснуць на шэры надпіс «Write post in another language», выбраць асноўную мову паста (default) і пад шэрай рысай — другую (пры жаданьні — хоць дзясятак іншых моваў) і напісаць дублікат паста на другой мове. Калі іншы карыстальнік выбраў асноўнай мовай такую, якой няма ў пасьце, ён пабачыць яго на асноўнай мове.

Пры гэтым можна даваць не даслоўны пераклад арыгінальнага паста, а зусім іншы зьмест. Напрыклад, за надпіс «Жыве Беларусь!», перакладзены як «Слава Україні!», ніхто не пакарае.

Таксама на Facebook можна пазначыць сваё імя на розных мовах. У наладах у разьдзеле «Агульнае» націсьніце на «Рэдагаваць» побач з пунктам «Імя» і на «add or change your language-specific name».