Беларуская рэжысэрка Марына Карпава апублікавала на Facebook 2-хвілінны мультфільм «Культурная спадчына Беларусі», які яе сын зрабіў для школьнага конкурсу. Там ён не прайшоў нават першы этап, але хутка разьляцеўся па сацсетцы.
Цяпер — празь няпоўныя два дні пасьля публікацыі відэа — мультфільм мае тры тысячы праглядаў, дзьве сотні ўпадабаньняў і шэсьць дзясяткаў перапостаў. На дзьве хвіліны роліка пайшлі два тыдні працы па вечарах. Большую частку рабіў 9-гадовы Міша, якога анімацыі навучала маці — Марына Карпава, рэжысэрка анімацыйнага кіно, мастачка-пастаноўшчыца, аніматарка і сцэнарыстка расейскіх студыяў «Пилот» і «Союзмультфильм».
Як расказала Марына Карпава Свабодзе, малодшы сын Міша вучыцца ў 3-й клясе звычайнай менскай школы і ня хоча прысьвячаць сваё жыцьцё анімацыі — марыць быць архітэктарам, займаецца футболам і тхэквандо. Яна мяркуе, што яе дзеці бачаць, як маці «ад ранку да вечара» працуе над мультфільмамі, наколькі гэта марудная справа, як прафэсія «паглынае», таму пра стварэньне сваіх не задумваліся.
Але ў школе, дзе вучыцца Міша, абвясьцілі творчы конкурс — настаўніца прапанавала зрабіць анімацыйнае відэа. Важнай умовай конкурсу было тое, каб дзеці самі выконвалі заданьне, таму маці толькі падказвала, як што рабіць і брала на сябе хіба «чорную» працу — нават фатаграфавала працэс, каб даказаць, што відэа сапраўды зрабіў сын.
Сын сам выбраў тэму, склаў тэкст і запісаў яго на тэлефон, выбраў элемэнты арнамэнту і намаляваў іх на паперы, сфатаграфаваў. Маці паказала яму, як апрацаваць фота ў Adobe Photoshop і анімаваць у Sony Vegas (іншую праграму для відэа, Adobe After Effects, яна лічыць больш складанай для засваеньня), адшукаць музыку і змантаваць канчатковы варыянт. Карпава паказвала сыну прафэсійныя праграмы, бо прасьцейшыя «дзіцячыя», кажа яна, добрыя для стварэньня чагосьці «выпадковага», але рэалізаваць канкрэтную задуму ў іх цяжка.
Элемэнты арнамэнту Марына Карпава з сынам разглядалі ў тэматычным разьдзеле на сайце этнаэлектроннага гурту Šuma, ды наракае, што ў інтэрнэце цяжка знайсьці дастаткова інфармацыі пра беларускі арнамэнт.
«Калі я заглыбілася ў тэму, высьветлілася, што нейкіх сыстэматызаваных ведаў пра сымболіку ў шырокім доступе няма, ёсьць толькі нейкія ўрыўкі курсавых, дысэртацыяў, нарысы журналістаў, — наракае Карпава. — А сыстэмнай і даступнай інфармацыі бракуе, хоць цяпер гэтая тэма вельмі папулярная. У розных выданьнях адзін і той жа знак можа па-рознаму трактавацца».
У лік выбраных Мішам элемэнтаў арнамэнту трапіла свастыка (або калаўрот) — маці давялося тлумачыць сыну, што гэты знак старажытны, вядомы шмат тысяч гадоў, ужываўся ў тым ліку ў беларускім арнамэнце, але і выкарыстоўваўся нацыстамі. Знак, кажа яна, быў чысты, але «запэцканы» злымі людзьмі, ды ў беларускім арнамэнце ён выкарыстоўваўся ў іншых колерах і формах, чым у нацысцкай сымболіцы.