Аляксандар Лукашэнка паабяцаў трактарабудаўнікам «збалянсавацца»

Людзі ідуць зь зьмены на Менскім трактарным, архіўнае фота

«Мы паспрабуем пры адсутнасьці росту заробкаў збалянсавацца гэтак, каб кошт не захлістваў заробак», — заявіў 15 траўня Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Менскага трактарнага заводу. Раней паведамлялася, што кіраўнік Беларусі плянуе агледзець завод і сустрэцца з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.

Флягман беларускага машынабудаваньня МТЗ перажывае не найлепшыя часы. Нормай для МТЗ стала няпоўная занятасьць, падзеньне рэальных заробкаў, затаварваньне гатовай прадукцыяй,. Якія шляхі выпраўленьня становішча прапануе Аляксандар Лукашэнка? Незалежны эканаміст Леў Марголін гэтак ацаніў першыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на МТЗ:

Леў Марголін

— З гэтых словаў я ня бачу наагул жаданьня рэформаў. Тут можна зрабіць толькі тую выснову, што Лукашэнку вельмі непакоіць пагроза сацыяльнай нестабільнасьці і ён хоча любым чынам яе нэўтралізаваць. А паколькі падвысіць заробкі няма ніякай магчымасьці, нават калі ўдасца атрымаць нейкія пазыкі, то застаецца толькі адна магчымасьць — не дапусьціць росту коштаў. Што ён і абяцае.

— Хіба гэта магчыма?

— Тут можа быць што заўгодна, у тым ліку адміністрацыйныя захады, калі кошты пачнуць раптам рэзка расьці. Мы ўжо ведаем, што гэта магчыма, яшчэ з 1994 году, калі ён адкручваў кошты на хлеб. І некалькі месяцаў таму былі ўведзеныя абмежаваньні, якія, праўда, праіснавалі нядоўга, але ніхто ня дасьць гарантыі, што празь нейкі час іх не адновяць. Рэальна ёсьць толькі адзін спосаб утрымаць кошты — гэта далейшае зьніжэньне дабрабыту людзей, зьніжэньне заробкаў. Яны, можа, ня будуць заўважныя па статыстыцы, але ў рэальнасьці гэта будзе. Бо цяпер, калі людзі працуюць ня поўны працоўны тыдзень, а 4, 3 і нават 2 дні, то сярэдні заробак вылічаецца толькі ад працоўных дзён. Таму, калі афіцыйнага зьніжэньня сярэдняга заробку ня будзе, то фактычна людзі будуць атрымліваць на рукі ўсё меней грошай, і тады кошты можна будзе ўтрымаць. Але прадпрыемствы, асабліва машынабудаўнічыя і прыборабудаўнічыя, працуюць усё горш і горш, і пэрспэктываў няма.

— На вашу думку, а ў чым бы магла б быць пэрспэктыва?

— У карэнных рэформах. Трэба прыцягваць сюды стратэгічных інвэстараў, якім было б выгадна прыдбаць той жа МТЗ і ня проста яго выратаваць, уклаўшы грошы, але і зарабіць на гэтым. Прыкладам, як той жа вытворца трактароў Caterpillar ці John Deere. Але гэта немагчыма, пакуль тут няма незалежнай судовай сыстэмы і рэальнай выбарчай сыстэмы. Усё зноў упіраецца ў палітыку.

— Якое дачыненьне да сытуацыі на МТЗ мае судовая сыстэма?

— Сувязь тут непасрэдная. Калі ў краіну прыходзіць інвэстар, першае, пра што ён думае, — гэта як захаваць свае грошы, а ўжо потым — як зарабіць на іх. А сёньня гарантаваць захаванасьць грошай, якія ўкладзеныя ў Беларусі, немагчыма. Бо для гэтага патрэбная незалежная судовая сыстэма, каб інвэстар мог пайсьці ў суд і абскардзіць дзеяньні любога, пачынаючы ад клерка і заканчваючы прэзыдэнтам краіны. У нас жа гэта немагчыма.