Падчас чарады сьвятаў патрэбныя беларускія формулы этыкету. У тым ліку для запрашэньня, гасьцяваньня, частаваньня. Традыцыйна паважныя, жартоўныя і зьедлівыя.
Сьцісла:
- Пратакольна абменьваемся ветлівымі рэплікамі: Ці жыў, ці дуж? — Нічога, дзякуй Богу.
- Сыгналаў для частаваньня маем на выбар: Смачнога! Сыць Божа! Смачна есьці!
- Зважаем на дамаганьні нацыянальна сьведамага госьця: Дай сала хлеб даесьці!
- Паважаем высокую культуру гасьцей: Госьцікі, калі вам мала, каб вас парвала!
- А госьці ў сваю чаргу дзякуюць: Дзякуй таму, хто еў і каму падавалі. І г. д. :-)
1. Як запрашаем у дом?
А менавіта так: запрашаю, запрашаем — унівэрсальная ветлівая форма. Яна не супадае, прынамсі граматычна, з запросінамі ў суседніх народаў, яна і традыцыйная, і сучасная, пра што сьведчыць ролік Арт Сядзібы:
Ад родных ніў, ад роднай хаты
Мы запрашаем на карпарáты!
(Значыць, відаць, на карпаратыў.)
Бываюць разбудаваныя рытмізаваныя запрашэньні:
Каб ты ласкаў быў, к нам зайшоў, хлеб-соль прыняў, чарку выпіў.
Старога сябру можна запрасіць па-свойску: Хадзі ў хату!
Можна пачуць Ласкáва просім! — падобна кажуць і ўкраінцы, аднак у нас гэта не ўкраінізм, бо ёсьць такі выраз і на паўночным захадзе Беларусі.
Але іншамоўныя формулы да нас усё ж пранікалі, як, скажам, Проша ў хату або Міласьці просім. На іншамоўе вострыя на язык беларусы мелі кплівыя адказы:
— Милости просим!
— Капеек на восем, а калі на сем, ня трэба саўсем!
Карацей, гасьцюйце ў нас!
2. Госьць вітаецца:
Дзень добры ў хату!
Пахвалёны ў хату!
Чалом-здароў!
Не без магічных зычэньняў:
Правінá ў хату, а крывінá ў лес!
Рэакцыя гаспадароў на госьця ў цэлым станоўчая. Госьць у хаце — Бог у хаце. Але бывае, што бурчым сабе пад нос: І кот ня мыўся, і госьць зьявіўся (так скажуць на Мядзельшчыне).
Сапраўды, гасьціннасьць не бязьмежная:
Наш дом з адкрытымі варотамі
На скрыжаваньні ўсіх дарог.
Але зь нявыцертымі ботамі
Не запрашаем на парог.
Хто з каменем ішоў за пазухай,
Зьбіраўся сесьці за наш стол
(Мо’ пабалюю ўволю раз няхай?),
I сёньня корміць цьвёрды дол.
(Сьцяпан Гаўрусёў. „Хлеб-соль“)
То далей гаворка пра гасьцей у чыстым абутку, бяз каменя за пазухай і не ў зялёнай уніформе.
***
Вітаньне спалучаецца з пратакольным абменам рэплікамі госьця і гаспадароў:
Ці жывенькі, ці дужэнькі? — Дзякуем, як ты там?
Ці жыў, ці дуж? — Нічога, дзякуй богу. Як ты?
Калі госьць засьпеў гаспадароў еўшы, ён абавязаны сказаць: Хлеб-соль! На што гаспадары: Просім есьці. А могуць і пакпіць: Ямо, ды свой, а ты ў парозе пастой.
3. Good Appetite!
Гаспадыня дае старт: Частуйцеся! або На добры спажыў!
Даўняе агульнабеларускае ўзаемнае зычэньне за сталом — Смачнога! Аналягічнае суседзкім польскаму, літоўскаму і ўкраінскаму.
Таксама было пашыранае Сыць, Божа! Сыць вам, людцы!
Пад савецкай уладай зь яе паранаідальным атэізмам, аднак, слова „Божа“ маргіналізавалася. Дый нацыянальна адметнае „Сыць“ прызабылася. І калі ў 1980-я спатрэбілася сталавальнае зычэньне, то мовазнаўца, перакладнік і журналіст «Свабоды» Сяргей Шупа стварыў яго наноў:
Смачна есьці.
І прыжылося. Ім Белавія падпісвае „пайкі“ ў самалёце, і расейскамоўныя энцыкляпэдыі так (для тубыльчай экзотыкі) называюць.
І мульцікі. „Смачна есьці, калматы прыяцель“ — у перакладзе на беларускую сэрыя польскага мультфільму пра Цюхцю на Белсаце.
4. Госьць асвойтаўся...
...і ведае свае правы:
Добрыя весьці, як запрашаюць есьці!
Маё дзела — хадзіць бела: памыў рукі і за стол.
Іду ад каміна да каміна, дзе пахне саланіна.
...і фармулюе нацыянальныя прыярытэты:
Няма лепшай рэчы, як сьвіныя плечы.
Дай сала хлеб даесьці.
Бяз сала куса няма жыцьця ў беларуса.
5. І вось такога гаспадары мусяць усё адно да яды запрашаць ды прымушаць:
а) Далікатна:
Не пагрэбуйце, госьці дарагія, піце, есьце на здаровейка.
Прабачайце, госьцікі, на болей: як кажуць — чым хата багата.
Прасіў пан Далецкі на кулеш грэцкі, на аўсяныя бліны, каб ласкавы былі.
б) Ня надта далікатна:
Хлеб на стале — рукі свае.
Госьць, ня дзьміся, еж, што ў місе!
Еж, хоць жыватом стол адапхні! (гэта пра патэнцыял аб’ёму зьедзенага).
Еж, пакуль рот сьвеж (са змрочным дадаткам «а як памрэш, то і калом не ўвапрэш»).
в) з намёкам на высокую ўнутраную культуру гасьцей:
Есьце вы, госьцікі, ужывайце, толькі ў кішэні не хавайце.
Госьцікі, калі вам мала, каб вас парвала!
г) і ўрэшце простыя і даступныя інструкцыі:
Еж, дурню, бо то з макам!
Ежце, госьцікі, ежце, усё адно сьвіньням выліваць!
6. Ветлівы госьць канечне скажа камплімэнт гаспадыні:
Адно еж ды пальцы ліжы.
Гэткі боршчык зьясі й горшчык.
Ой, ці зь перцам, ці ня зь перцам, абы з шчырым сэрцам.
Гаспадыня, ці яшчэ нясі, ці фартухом трасі!
7. Спозьнены госьць...
...прыйшоў у сьвіныя галасы (сьвіньні прачынаюцца пазьней за іншую жывёлу). Дык вось такі аставéц пачуе:
Астаўцý з аўцу — або ніяк.
Апошняму ці што, ці нічога.
Спазьніўся пан да абеду — а вячэра ня зараз!
8. Да добрага стала бывае і чарка
Гасьцінны гаспадар зычыць:
Пі Ваша здароў!
Спарынá вам у чарку! (гэта не пра споры і бактэрыі, а пра посьпех і багацьце))
І ветліва прымушае:
Ня будзем за адну чарку рабіць сварку!
Ня п’еш — хлебам макай!
Спачатку паўторым, а потым пагаворым!
Госьці, разьняволіўшыся, не застаюцца ў даўгу:
Цілілí, ці лілí, калі б яшчэ падлілí!
Чарачка-каточак, каціся ў раточак, каб не балеў жываточак!
Апошняя вершаванка чуваць у знакамітай сольнай песьні бубнача «Песьняроў» Аляксандра Дзямешкі:
Чарачка мая срэбраная,
залатымi беражкамi аблажоная...
А я буду пiцi-пiцi, як малыя дзецi-дзецi,
Забраўшыся у куток, кiну чарачку ў раток.
...Ой, хто п’e — той крывiцца, хто ня п’е — той дзiвiцца.
Як я цябе вып’ю — я вясёлы стану, як я цябе вылью — сораму дастану...
(І далей бясконцае віртуознае солё на барабанах...)
9. Нарэшце пара выганяць назолаў:
Народная мудрасьць піцьцё абмяжоўвала:
Ня пі бязь меры, каб трапіў у дзьверы!
Перш чарку, а потым па карку!
Каціся з застольля ды глядзі свайго падвор’я!
Але нават у гэтым выпадку належыць падзякаваць гаспадарам.Цікава, што ўжо ў ХІХ стагодзьдзі нашыя продкі прадбачылі вялікую ролю дармаедаў у беларускім грамадзтве. Яны разьвітваюцца-дзякуюць адмысловай формулай:
Дзякуй Богу за абед, што пад’еў дармаед!
Ты туняядзец, ты дармаед! Ты еў зашмат катлет!
(рэпэр Вінсэнт у праграме Свабоды „Цырк за дротам“)
Недармаеды дзякуюць інакш:
Дзякуй гэтаму столу, пойдзем к свайму дому.
Дзякуй вам за хлеб і кашу і яшчэ за міласьць вашу.
На разьвітаньне невялікі шэдэўр падзякі гасьцей (!):
Дзякуй таму, хто еў і каму падавалі.
(Карысны збор беларускіх народных формулаў этыкету ў томе „Выслоўі“ ўнікальнай сэрыі „Беларуская народная творчасьць“. А этнаграфічныя і дыялекталягічныя запісы запрашэньняў і іншага зрабілі ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях Насовіч, Фэдэроўскі, Шэйн, Ляцкі, Шырма, Дабравольскі, Нікіфароўскі, Раманаў, Шатэрнік, Бялькевіч, Касьпяровіч, Янкоўскі, Грынблат ды іншыя.)