Пацукі з аўтаматамі ў Парыжы, Эйфэлева вежа з паўмесяцам — міжнародная выстава карыкатур «Satyrykon» у Пружанскім палацыку

Пружанскі палацык

Прэстыжная міжнародная выстава карыкатур Satyrykon прыехала ў музэй «Пружанскі палацык». Таксама ў музэі можна паглядзець выставу рукапісаў перакладчыка Бібліі на беларускую мову Васіля Сёмухі.

Як апавёў Свабодзе дырэктар музэю «Пружанскі палацык» Юры Зялевіч, для яго вялікі гонар, што ўпершыню ў беларускай мастацкай прасторы міжнародная выстава карыкатур Satyrykon адбываецца менавіта ў пружанскім музэі:

«У нас выстаўленыя лепшыя працы ўдзельнікаў леташняга міжнароднага конкурсу Satyrykon, які ладзіцца ў Легніцы ў Польшчы ўжо больш за 30 гадоў. Тут і ляўрэаты розных узнагарод, дыпляманты конкурсу 2015 году. Прадстаўлена амаль 70 твораў на розную тэматыку. Гэта сапраўдная сучасная карыкатура сатырычнага кірунку. Прычым сатыра такая зьедлівая, аж да драматызму даходзіць».

Дырэктар музэю «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч

Як расказаў спадар Зялевіч, выставу запрасіў адзін з удзельнікаў конкурсу зь Беларусі Ігар Паўлаў. Тэмай леташняга конкурсу Satyrykon быў «энтузіязм». Шмат якія працы адлюстроўваюць уяўленьне мастакамі свабоды, некаторыя выкананыя пад уплывам леташняга тэракту ў Парыжы.

На карыкатуры пацукі з аўтаматамі вылазяць з каналізацыі ў Парыжы

«Эўропа-2050» — Эйфэлева вежа з паўмесяцам

«Свабода»

Яшчэ адна «Свабода»: птушка выйшла з клеткі, але клетка засталася ўнутры яе

Выстава будзе экспанавацца ў «Пружанскім палацыку» месяц, потым паедзе ў іншыя гарады Беларусі.

Лягатып міжнароднага конкурсу карыкатур Satyrykon

Карыкатура «Звычай»

Конкурс карыкатураў Satyrykon — вельмі прэстыжны ў сьвеце. Міжнародная Фэдэрацыя арганізацыяў карыкатурыстаў прысудзіла яму высокую адзнаку — пяць зорак. Штогод на конкурс дасылаюцца тысячы прац сотняў аўтараў зь дзясяткаў краін сьвету.

«Сымпатычнае фота» — высьмейваньне папулярнасьці сэлфі

У экспазыцыйнай залі з карыкатурамі

Таксама ў Пружанскім палацыку цэлая заля прысьвечаная творчасьці беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі, які сам родам з Пружаншчыны і нядаўна адзначыў 80-годзьдзе.

Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі

У музэі выстаўленыя шмат рукапісаў славутага перакладчыка, сярод якіх старонкі перакладу Бібліі на беларускую мову, «Фаўст» Гётэ ды іншыя.

Аўтограф Васіля Сёмухі для «Пружанскага палацыка»

Як апавёў Юры Зялевіч, Васіль Сёмуха падараваў музэю частку сваіх рукапісаў:

«Усяго ў фондах захоўваецца 445 адзінак рукапісаў і кніг Васіля Сёмухі. Мы прынялі гэты падарунак зь вялікім гонарам. Гэта будзе захоўвацца ў нашым палацы, гэта будзе экспанавацца, як сёньня. Васіль Сёмуха зрабіў сапраўды тытанічную працу», — кажа дырэктар музэю.

Томас Ман у перакладзе Васіля Сёмухі

Юры Зялевіч адзначыў, што ў «Пружанскім палацыку» адбываліся чытаньні, прысьвечаныя Васілю Сёмуху.

«Пружанскі палацык» прымае наведнікаў з аўторка да нядзелі.