Мітынг інвалідаў-вазочнікаў без прыбіральняў, хуткай і міліцыі

Мітынг інвалідаў-вазочнікаў у Менску

Інваліды-вазочнікі зладзілі мітынг з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў 5 траўня. Акцыя прайшла ў Менску на плошчы Бангалор, арганізавала яе Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў.

Удзел у мітынгу ўзялі некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыехалі з розных гарадоў Беларусі, каб нагадаць аб правах і праблемах інвалідаў уладам і грамадзкасьці краіны. Перадусім гэта праблемы, зьвязаныя зь безбарʼерным асяродзьдзем, лекаваньнем, мэдычнай рэабілітацыяй, транспартнымі сродкамі для інвалідаў, адукацыяй і працаўладкаваньнем. Яшчэ адна праблема, за вырашэньне якой пачынаюць змаганьне інваліды-вазочнікі, — прызначэньне працоўнага стажу для людзей, якія даглядаюць інвалідаў.

Мітынг праходзіў цягам трох гадзін у прысутнасьці журналістаў і з удзелам некалькіх чыноўнікаў Менгарвыканкаму. Але акцыя была цалкам схаваная ад увагі грамадзкасьці, бо праходзіла ў глыбіні парку на плошчы Бангалор.

Для мітынгоўцаў зь фізычнымі асаблівасьцямі не былі прадугледжаныя грамадзкія прыбіральні, не было хуткай дапамогі і супрацоўнікаў органаў правапарадку.

Прадстаўніца Менгарвыканкаму Кацярына Юркевіч з гэтай нагоды сказала журналістам, што арганізатары самі замовілі мітынг на плошчы Бангалор і не выказвалі заўвагаў да месца правядзеньня акцыі. У сваю чаргу, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко назваў мітынг на Бангалоры дыскрымінацыяй інвалідаў-вазочнікаў:

«Распараджэньнем Менгарвыканкаму плошча зьяўляецца месцам правядзеньня мітынгаў. Адказ на заяву пра мітынг даюць за пяць дзён да яе правядзеньня. Калі б мы заявілі ў іншым месцы і нам адмовілі, то ня здолелі б правесьці мітынг нават тут. Гэта насамрэч дыскрымінацыя з прычыны нашай інваліднасьці, бо нам прапанавалі пляцоўку са сцэнай, на якую мы ня можам узысьці. Нас тут ніхто ня бачыць і ня чуе, і я лічу, што гэта ня месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой выказалі свае патрабаваньні да ўладаў. У прыватнасьці, яны патрабуюць прыняць закон аб дыскрымінацыі.

Мітынг інвалідаў-вазочнікаў у Менску

Глядзіце фотарэпартаж зь мітынгу вялікім памерам