МЗС Беларусі адрэагаваў на зьбіцьцё беларусаў у Польшчы: «Удвая непрымальна, калі за мову»

Дзьмітры Мірончык, архіўнае фота

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Дзьмітры Мірончык расказаў журналістам аб рэакцыі яго ведамства на інцыдэнт у польскім Голдапе, дзе грамадзян Беларусі зьбілі за расейскую мову.

«Любыя злачынныя замахі на нашых грамадзянаў непрымальныя, а злачынствы, матываваныя нацыянальнай або моўнай прыналежнасьцю ахвяраў, непрымальныя ўдвая», — заявіў Дзьмітры Мірончык.

Паводле яго, амбасада Беларусі ў Варшаве ўжо накіравала запыты ў акруговую і раённую пракуратуры ў сувязі з інцыдэнтам, разьлічвае на «пасьлядоўнасьць і прынцыповасьць» польскіх праваахоўнікаў, будзе «пільна адсочваць» сытуацыю.

«Дзікасьць поўная». У польскім Голдапе месьцічы жорстка зьбілі беларусаў

Група маладых палякаў 8 красавіка зьбіла сямёх беларусаў у горадзе Голдапе (Вармінска-Мазурскае ваяводзтва) ля самай польска-расейскай мяжы​. Хуліганы выкарысталі сьлезацечны газ, аднаго зь беларусаў стукнулі бутэлькай па галаве. Паводле адной з вэрсіяў, палякам не спадабалася, што беларусы размаўлялі па-расейску. Нападнікам пагражае да 7,5 года пазбаўленьня волі.