Мікалай Улаховіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што як дзейны палітык мусіць пільна сачыць за канфліктнымі сытуацыямі, падобнымі да той, што склалася вакол затрыманьняў прыхільнікаў «русского мира» Юрыя Паўлаўца і Дзьмітрыя Алімкіна.
«Але яны ж грамадзяне Беларусі, сьледзтва будзе разьбірацца, калі яны што зрабілі ня гэтак», — сказаў Мікалай Улаховіч.
А як беларуская дзяржава павінна дзейнічаць адносна «русского мира»: дазваляць дыскусіі, навязаныя адэптамі гэтага сьветапогляду, ці рашуча іх спыняць, у тым ліку праз арышты?
Мікалай Улаховіч найперш спасылаецца на прыклад Аляксандра Лукашэнкі:
— Адносна „русского мира“ кіраўнік беларускай дзяржавы сказаў жа пэўна: што калі нехта лічыць, што не было такой дзяржавы, дык цяпер яна ёсьць, і з гэтым трэба лічыцца. Цалкам згодны. І паводле Канстытуцыі ён ёсьць гарантам незалежнасьці нашай дзяржавы, ёсьць галоўнай сілай, якая стрымлівае тых нашых „старэйшых братоў“, якія мараць зноў вярнуць нас у губэрню. І яшчэ ён сказаў добрыя словы пра патрыётаў Радзімы, што для мяне вельмі важна. Бо як лідэр Патрыятычнай партыі Беларусі я лічу, што патрыётам павінен быць кожны грамадзянін краіны, кожны, хто мае беларускі пашпарт. Я не пра чальцоў нашай партыі, а ўвогуле. Мне зусім абыякава, да якой непасрэдна партыі чалавек сябе адносіць, галоўнае — што ён грамадзянін краіны, яе патрыёт. Але вось гаворачы пра гэтых затрыманых, дык такога нібыта і ня скажаш, трэба разьбірацца. Хоць, магчыма, яны проста заблукалі ў сваіх меркаваньнях — такое ў людзей таксама бывае. І міжнацыянальная варожасьць у нас магчымая па розных кірунках, тут жа жыве шмат нацыянальнасьцяў.
— Гэтыя аўтары, Паўлавец і Алімкін, выказваліся пра адносіны рускіх і беларусаў, гэта была іх тэма...
— Але вы ж ведаеце, што ўплыў гэтага „старэйшага брата“ ў нас вельмі моцны, краіна вялікая, адна з наймацнейшых у сьвеце. Па вялікім рахунку, гэта ж імпэрыя, і мы ўсе гэта мусім разумець. Хоць гэтая імпэрыя цяпер называецца Расейскай Фэдэрацыяй, але нельга не разумець, што зь яе боку магчымыя і праявы вялікадзяржаўнага шавінізму. Такое магчыма, бяз гэтага не бывае. Як чалавек, які заўсёды кажа, што мы мусім сябраваць з Расеяй, я кажу, што мы і гэта мусім улічваць. Гуляцца з гэтым — што гуляцца з агнём. Нельга выступаць на баку некаторых расейскіх палітыкаў, якія глядзяць на Беларусь як на краіну невялікую, залежную. Так, мы залежныя эканамічна, таму ўтварылі саюз з Расеяй.
— Дарэчы, як вы лічыце, а як адабʼюцца гэтыя затрыманьні на расейска-беларускіх адносінах?
— Ды ніяк, гэта занадта дробна для нашых адносін. Кажу як сябра парлямэнту.
— Хіба немагчыма, што расейцы ўмяшаюцца, запатрабуюць, каб вызвалілі іхніх прыхільнікаў?
— Ды яны ж грамадзяне Беларусі, мы самі разьбяромся, і расейцы гэта разумеюць, што ня трэба ўмешвацца. Мушу адзначыць, што ў гэтай галіне, у дыпляматычнай, у нас вельмі ўзважаныя і роўныя адносіны.
— Але было ж у сярэдзіне 90-х, калі Барыс Ельцын патрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі, каб вызвалілі журналіста Паўла Шарамета, і таго вызвалілі. Хіба такое цяпер немагчыма?
— Не, цяпер пра Ельцына давайце ня згадваць. Пра яго цяпер у Расеі кажуць калі не як зусім пра ворага, але як пра таго, хто ўсё ж разваліў СССР. Таму ня ўсё проста. Ельцын у Расеі ўжо не ў пашане. А Лукашэнка — у пашане, яго ўсе ведаюць. Ён таму і можа супрацьстаяць тым праблемам, якія хочуць стварыць паміж намі.
— Лічыце, гэта Лукашэнка загадаў арыштаваць Паўлаўца і Алімкіна?
— Не, думаю, ён не даваў такога загаду. Нават ня думаю, а ведаю. Тут яўна ініцыятыву выявіў нейкі чыноўнік. Ёсьць у нас такая тэндэнцыя — выслужыцца. Іх калі потым прыцягваюць да адказнасьці, дык яны кажуць, што чулі пра нейкі шчаўчок, пра нейкі званок. Сам працаваў там і ведаю, як гэта бывае. Занадта шмат людзей хочуць выслужыцца, і нават калі пачуюць нейкае глупства, думаюць, што гэтак зрабіць будзе пажадана. Вось яны і выслужыліся з гэтымі арыштамі, а цяпер усім давядзецца разьбірацца.