Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што кіраўнік бабруйскага клюбу «Патрыёт» Мікалай Міхалькоў адпушчаны на свабоду.
Раней на волю выйшаў ягоны сын Ян.
Міхалькоў-старэйшы заставаўся апошнім зь фігурантаў справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з ліку сябраў клюбу.
Мікалай Міхалькоў быў затрыманы 24 сакавіка і першапачаткова знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе яму было афіцыйна прад’яўлена абвінавачаньне па частцы 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу, які тычыцца масавых беспарадкаў.
Пасьля Міхалькова перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Ён быў адным з трох фігурантаў справы, якім не прад’яўлялі дадатковага абвінавачаньня, зьвязанага са стварэньнем незаконнага ўзброенага фармаваньня.
Як паведамілі Радыё Свабода знаёмыя Мікалая Міхалькова, у пятніцу яму трэба ехаць у Менск на чарговы допыт.
За кратамі застаюцца яшчэ 17 фігурантаў справы.