Менская міліцыя выставіла на продаж стары аўтазак

ГАЗ-3309, мадыфікаваны пад аўтазак

ГУУС Менгарвыканкаму прарэклямаваў у Twitter магчымасьць купіць ужываную міліцэйскую тэхніку, у тым ліку стары аўтазак.

Аўтамабіль ГАЗ-3309 2006 году выпуску мае прабег 279,4 тысячы км, каштуе 16 500 рублёў. Пра нейкія пашкоджаньні або ранейшую службу машыны не паведамляецца.

Прыблізна за такія ж цэны прадаюць мадэлі 2006 году Volkswagen Passat, у розных мадыфікацыях Audi A4, А6 і A8, BMW 3 і 5 сэрыі, пазадарожнікі Jeep Liberty, Mitsubishi Outlander, Nissan X-trail ды іншыя.

Акрамя аўтазаку, міліцыя прадае расейскія аўто ВАЗ, ГАЗ і УАЗ, аўтобусы ПАЗ (у якіх дагэтуль возяць міліцыянтаў і АМАП), некалькі машын Opel і Samand, два грузавікі ЗІЛ.

Розная тэхніка міліцыі і АМАПу перад акцыяй на Дзень Волі 2015 году

Новыя аўтазакі вытворчасьці МАЗ не прадаюцца, гэтаксама як і мікрааўтобусы Volkswagen, якія ў 2016–2017 гадах атрымалі народную назву «сінія бусы» — у такіх аўтобусах (нярэдка без нумароў) «людзі ў цывільным» звозілі дэмакратычных актывістаў і мірных дэманстрантаў.

Канадзкія вадамёты, расейскія браневікі, сінія мікрааўтобусы. Якую тэхніку паказалі на Дні Волі-2016