Першы і апошні прэзыдэнт СССР у нядаўнім інтэрвію ўхваліў далучэньне Крыму да Расеі.
Экс-прэзыдэнту СССР Міхаілу Гарбачову забаронены ўезд ва Ўкраіну, паведамляе Служба бясьпекі Ўкраіны праз Twitter.
У нядаўнім інтэрвію The Sunday Times Гарбачоў назваў рашэньне пра далучэньне Крыму да Расеі правільным і дадаў, што большасьць жыхароў Крыму таго хацелі. Ён заявіў, што на месцы Пуціна зрабіў бы гэтаксама.
«Адзіная сапраўдная прычына, чаму я ня стаў бы гэтага рабіць, — гэта калі б я ўсё яшчэ быў ва ўладзе, Савецкі Саюз існаваў і Крым быў бы яго часткай», — казаў Гарбачоў.
Пасьля публікацыі інтэрвію дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Антон Герашчанка заявіў, што Кіеў будзе дамагацца забароны для Гарбачова на ўезд у Эўропу. На гэта Гарбачоў адказаў, што «на ўсе гэтыя звадкі не зважае нават», а пра магчымую забарону на ўезд ва Ўкраіну сказаў, што туды ня езьдзіць і езьдзіць ня будзе. Гарбачоў дадаў, што ня мае плянаў наведваць Крым.