Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала статыстыку аб ахове здароўя ў краіне ў 2016 годзе.
Паводле гэтай статыстыкі, на 2016 год пацыентаў з алькагалізмам, алькагольным псыхозам, наркаманіяй і таксыкаманіяй на ўліку ва ўстановах Мінздароўя было 190,9 тысячы (на 16 тысяч меней за 2010 год), зь іх 179,6 тысячы — з алькагалізмам і алькагольным псыхозам (таксама на 16 тысяч меней за 2010 год). Праўда, колькасьць пацыентаў з «алькагольнымі» дыягназамі, выяўленымі ўпершыню, скарацілася амаль на траціну з 2010 году.
Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі
За апошнія 10 год значна скарацілася колькасьць хворых на сухоты ўсіх формаў: у 2006 годзе іх налічвалася 4345 чалавек, у 2016-м — 2684. Найбольш часта хварэюць на сухоты ў Гомельскай вобласьці — 409 хворых на 100 тысяч насельніцтва супраць сярэдніх па краіне 282. Сьмяротнасьць ад сухотаў скарацілася з 12 чалавек на 100 тысяч насельніцтва на год да 3,5.
З 2010 году ў Беларусі на 19% вырасла колькасьць выяўленых у беларусаў злаякасных утварэньняў — на 2016 год зафіксавана 38 тысяч такіх пацыентаў (і іх колькасьць стабільна расьце пасьля 1985 году). Але амаль удвая скарацілася колькасьць хворых на вэнэрычныя захворваньні — сыфіліс, ганакокавую інфэкцыю і хлямідыевыя хваробы. Зьвесткі пра ВІЧ-інфэктаваных даюцца толькі за 2015 і 2016 гады — зарэгістравана адпаведна 2305 і 2391 інфэктаваных.
Таксама з 2010 году значна вырасла колькасьць пацыентаў з псыхічнымі расстройствамі, не зьвязанымі з алькаголем і наркотыкамі: 12,9 тысячы пацыентаў у 2010-м супраць 19,6 тысячы ў 2016-м (найбольш за кошт дыягназаў «псыхоз» і «розумавая адсталасьць»).
Колькасьць бальнічных ложкаў тым часам скарачаецца: калі ў 2010 годзе ўсяго па краіне іх было 108,7 тысячы, то ў 2016-м стала 100,7 тысячы (было 1146 на 100 тысяч чалавек, стала 1060). Таксама за 6 год скарацілася колькасьць бальнічных арганізацыяў: было 646, стала 619 (падала пераважна за кошт сельскіх лякарняў).
Але колькасьць лекараў вырасла з 2010 па 2016 год з 39,2 тысячы да 48,2 тысячы (з 413 лекараў на 100 тысяч чалавек да 507). Праўда, мэдыцынскія ўстановы «ўкамплектаваныя» лекарамі толькі на 95,6%, мэдыкамі сярэдніх пасадаў на 97%.