Беларусь і Расея ніяк ня могуць дамовіцца наконт цаны на расейскі газ. Пытаньне абмяркоўваецца на ўзроўні прэм’ераў, што, паводле нафта-газавага экспэрта Тацяны Манёнак, сьведчыць пра высокую ступень яго палітызацыі.
«Зрухі ў гэтым пытаньні будуць залежаць ад палітычных момантаў. Напрыклад, тых, што тычацца вайсковага супрацоўніцтва. Я так разумею, што калі будуць дамоўленасьці ў гэтай сфэры, будуць зрухі і ў зьніжэньні цаны на газ. А для Беларусі гэтая цана, як і цана на нафту, — надзвычай важнае пытаньне. Цяпер зьявілася магчымасьць патаргавацца, тым больш што зьніжэньне цаны на энэрганосьбіты — гэта рэальная магчымасьць зьнізіць сабекошт і павысіць канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў», — сказала Тацяна Манёнак Свабодзе.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 26 лютага ў Менску міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык, перамовы пра зьмену формулы цаны на расейскі газ, які пастаўляецца Беларусі, працягваюцца:
«Забягаць наперад ня буду. Скажу, што ідзе сур’ёзная праца з расейскім бокам па гэтым пытаньні. Літаральна ўчора на сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Прынята рашэньне даручыць профільным міністэрствам энэргетыкі сабрацца, разгледзець аргумэнты ўсіх бакоў і ўнесьці прапановы прэм’ер-міністрам для прыняцьця рашэньня», — сказаў Патупчык.
Як паведаміў журналістам 24 студзеня міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак, Беларусь разьлічвае на перагляд формулы платы за газ, прадугледжанай пагадненьнем, аднак рашэньне пакуль не прынятае.
Тацяна Манёнак лічыць, што ў беларускага боку на перамовах ёсьць моцныя аргумэнты за ніжэйшую цану на газ:
«Я лічу, што зрухі павінны быць на карысьць Беларусі. Тым больш што ў беларускага боку ёсьць сур’ёзныя аргумэнты для таго, каб кошт зьнізіць. Вядома, што формула кошту для Беларусі прывязаная да курсу расейскага рубля — а расейскі рубель вельмі рэзка дэвальваваўся. Другі аргумэнт — тое, што з улікам падзеньня цаны на нафту, якая ўплывае на цану газу, „Газпром“ ідзе на сур’ёзныя саступкі для эўрапейскіх кампаніяў. Трэці момант — тое, што на расейскім рынку зьявіліся канкурэнты „Газпрому“, у Расеі стала больш пастаўшчыкоў энэрганосьбітаў. Аргумэнты ж расейскага боку зводзяцца да таго факту, што кошт для Беларусі і так самы нізкі. Насамрэч гэта не аргумэнт, таму што трэба аналізаваць складнікі формулы, паводле якой вызначаецца цана».