Малы памежны рух: з польскага боку ўсе дакумэнты гатовыя

Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Якуб Скіба (зьлева) і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў

29 верасьня ў Менску адбылося чарговае пасяджэньне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансьмежавага супрацоўніцтва.

На гэтае пасяджэньне ў Менск прыбыла польская дэлегацыя на чале зь першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Якубам Скібам.

Падчас сустрэчы Якуб Скіба заявіў, што ўвядзеньне беларускім бокам бязьвізавага рэжыму для турыстаў, якія наведваюць «Аўгустоўскі канал», Гародню і Белавескую пушчу, паспрыяе больш эфэктыўнаму выкарыстаньню гэтых турыстычных раёнаў і ўносіць новую якасьць у польска-беларускія дачыненьні.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, які ўзначальвае камісію зь беларускага боку, паведаміў, што бакі маюць намер да 2017 году падпісаць «як мінімум пяць міжнародных дамоваў у сфэры трансьмежавага супрацоўніцтва».

Мяркуецца ўнесьці зьмены ў беларуска-польскую дамову аб памежных пераходах.

Паводле Шастакова, на пасяджэньні прааналізавалі беларуска-польскае ўзаемадзеяньне па мадэрнізацыі і рамонце прыгранічнай інфраструктуры, у тым ліку з дапамогай Эўразьвязу.

Бакі таксама абмеркавалі пэрспэктывы аднаўленьня руху праз памежны пераход Дамачава-Славацічы, які быў прыпынены з прычыны аварыйнага стану моста праз Заходні Буг. А таксама абмяняліся інфармацыяй па рэалізацыі буйнамаштабнага інфраструктурнага праекту «Будаўніцтва дадатковага аўтамабільнага моста праз раку Сьвіслач паміж пунктамі пропуску «Бераставіца» і «Баброўнікі».

Прадстаўнікі Беларусі і Польшчы выказаліся за ўмацаваньне кантактаў у справе барацьбы з нарказлачыннасьцю. Будзе створана падкамісія па выратаваньні і абароне насельніцтва ва ўмовах надзвычайных сытуацыяў.

Ці ішла на сёньняшніх перамовах гаворка пра малы памежны рух паміж Беларусьсю і Польшчай?

На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды адказаў першы дарадца польскай амбасады ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.

«Гэта таксама абмяркоўвалася, але гэтыя перамовы былі больш глябальнымі — супрацоўніцтва на мяжы, супрацоўніцтва нашых памежных службаў, мытнікаў, памежная інфраструктура. Гэта найперш абмяркоўвалася на сёньняшняй сустрэчы».

Што да малога памежнага руху, то паводле Марціна Вайцяхоўскага, «тут пакуль нічога не мяняецца».

«Польшча, канечне ж, у гэтым зацікаўленая, і з нашага боку ўсе дакумэнты гатовыя. Ну, а пазыцыя Беларусі таксама вядомая. То бок яны нібыта таксама падтрымліваюць ідэю, але кажуць, што запусьціць гэтую праграму пакуль не дазваляе інфраструктура».