Каталікі Беларусі апублікавалі тэкст малітвы да #БНР100

Касьцёл у Барунах, ілюстрацыйнае фота

У касьцёлах Беларусі 25 сакавіка будуць маліцца за краіну і народ — заклік да гэтага раней агучыў афіцыйны прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько.

На сайце Catholic.by 19 сакавіка зьявіўся поўны тэкст малітвы. Біскупы заклікаюць сьвятароў памаліцца разам зь вернікамі словамі гэтай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка.

Будзе малітва асобнай па завяршэньні эўхарыстыі ці адным з заклікаў да вернікаў, пакуль ня вырашана. У некаторых парафіях заплянаваная асобная імша за Беларусь. Паводле Санько, кожны сьвятар, верагодна, будзе сам прымаць рашэньні ў сваёй парафіі.

Тэкст малітвы:

«Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень» (Пс 25(24), 5)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыньнікі, усе людзі добрай волі!

Сёньня, калі нашая Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязьмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі.

Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасьці.

Мінулае стагодзьдзе — гэта час шматлікіх выпрабаваньняў, войнаў, перасьледу веры. Гэта таксама час адраджэньня нашай дзяржаўнасьці і духоўнасьці.

Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагодзьдзе была пазначаная шматлікімі сьведчаньнямі і пакутніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысьць Радзімы, іхную славу, мужнасьць, ахвярнасьць і дасягненьні.

Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецьця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёньня, у часы крызісу духоўных каштоўнасьцяў, Ты праз свой Касьцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.

Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасьці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасьці і ўзаемаразуменьні паміж рознымі палітычнымі і грамадзкімі супольнасьцямі, а таксама аб велікадушнасьці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасьць, узаемная любоў і згода.

Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і дабраслаўленьнем, каб супольнымі намаганьнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчасьлівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.

Божа, дабраславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».

***

Як беларускія хрысьціяне адзначаць #БНР100

Праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату ня будзе адзначаць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР афіцыйна, але некаторыя праваслаўныя адзначаць сьвята самастойна; шэраг мерапрыемстваў плянуюць каталікі і ўніяты. Зьвестак пра сьвяткаваньне ў рэлігійных установах юдэяў, мусульманаў і іншых пакуль няма. На пачатку «Сьвята незалежнасьці» ля менскага Опэрнага тэатру прагучыць хрысьціянскі гімн «Магутны Божа».