Польская пісьменьніца Малгажата Шэйнэрт (Małgorzata Szejnert) напісала кнігу, у якой параўнала беларускае Палесьсе 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя і цяперашняе. Як сьцьвярджае аўтарка, у польскай літаратуры вобраз Палесься вельмі ідэалізаваны. Яна падае новы погляд на край у жанры літаратурнага рэпартажу, у якім распавядаецца і пра даўнія традыцыі, і пра сёньняшнія праблемы, і пра магнатаў, і пра калгасы.
Свабода пагутарыла з аўтаркай з нагоды выхаду яе кнігі «Насыпаць горы. Гісторыі з Палесься».
— Спадарыня Малгажата, віншуем вас з новай кнігай. Скажыце, што яна значыць для вас?
— Для мяне гэтая кніга надзвычай важная. Па-першае, таму што я старалася паказаць вобраз Палесься не такім, які існуе ў польскай літаратуры. Вобраз Палесься ў польскай літаратуры застаўся на ўзроўні сэнтымэнтальным. А я ў сваёй кнізе хацела наблізіцца да праўды — паказаць, якім было Палесьсе даўней і якое яно цяпер. Пра сучаснае Палесьсе мы ведаем вельмі мала. Палякі ім цікавяцца з-за таго, што калісьці гэтае Палесьсе было пад польскай адміністрацыяй, і тое, які цяпер сучасны стан Палесься, у нейкай ступені вынік таго, што там рабілася ў мінулым. Гэтая гісторыя мне вельмі цікавая і важная. Апрача таго, Палесьсе цікавіла мяне таму, што наш вялікі рэпартэр Рышард Капусьцінскі, які нарадзіўся ў Пінску, заўсёды сумаваў аб Палесьсі, думаў пра яго і заўсёды хацеў пра Палесьсе напісаць. Але ня змог гэтага зрабіць, бо ўвесь час езьдзіў па сьвеце і займаўся іншымі важнымі тэмамі і напісаў шмат выдатных кніг, перакладзеных на дзясяткі моваў сьвету. І Палесьсе ён увесь час пакідаў на пазьней, і ў выніку не пасьпеў пра яго напісаць. Праўда, ён напісаў аб Пінску пару фрагмэнтаў, якія ўвайшлі ў яго кнігу Imperium і ў тамы Lapidarium, дзе ён зьмясьціў філязофскія думкі пра сьвет. Але ён так і не напісаў вялікай кнігі пра Палесьсе.
— Можна сказаць, што вы выканалі тую задачу, якую ставіў перад сабой Рышард Капусьцінскі?
— Вельмі хацела гэта зрабіць, відавочна, у рамках маіх магчымасьцяў. Тым больш што ён быў мой сябар, рэпартэр, я ім захаплялася і мела да яго вялікую павагу і прызнаньне яго таленту. Будучы выдатным рэпартэрам, маючы вялізны талент, ён так і не пасьпеў напісаць пра Палесьсе. Таму я адчувала нейкі абавязак перад ім — напісаць гэтую кнігу. Гэта напэўна паўплывала на рашэньне стварыць кнігу.
— Ці можна сказаць, што кніга «Насыпаць горы» — гэта энцыкляпэдыя жыцьця Палесься?
— Не, я б яе так не назвала. Гэтая кніга складаецца з фрагмэнтаў апісаньня рэчаіснасьці, гэта ня поўны вобраз. Я не была ў стане напісаць поўны вобраз Палесься, але ж гэта і ня ёсьць заданьнем рэпартэра. Рэпартэр заўсёды выбірае пэўныя гісторыі, зьвязаныя зь людзьмі, з жывымі героямі кнігі. Часам і тымі, якія ўжо не жывыя, але ўсьцяж нас цікавяць. Тут няма гутаркі пра поўны вобраз Палесься, таму гэтая кніга не энцыкляпэдыя, казаць так было б нясьціпла.
— У кнізе вы малюеце Палесьсе 30-х гадоў і Палесьсе сучаснае. Што ў гэтых двух вобразах вас найбольш уразіла ў часе працы над кнігай?
— Перадусім у вобразе Палесься 30-х гадоў, які мы ведаем з дакумэнтаў і літаратуры, я бачыла шмат галечы. Апрача таго, вельмі шмат у той літаратуры ідэалізацыі Палесься. Літаратура наагул не прадстаўляла праўдзівага вобразу гэтага краю. Праўдзівейшы вобраз Палесься ёсьць у працах этноляга Юзафа Абрэмбскага, у сацыялягічных працах, якія трапляюць у рукі толькі навукоўцам, сацыёлягам ці гісторыкам. Але пры тым звычайны паляк ня ведае тых прац і мае ідэалізаваны вобраз Палесься. Што да сучаснага вобразу Палесься, то ён вельмі далёкі ад таго, якім бы я хацела яго бачыць. Сучаснае Палесьсе — гэта ўцёкі людзей зь вёсак у гарады, дыспрапорцыя паміж вёскай і горадам. Таксама няма натуральнай пераемнасьці. Ранейшая прыгожая палеская вёска, якая магла б быць магнітам для турыстаў, гіне. Пэйзаж становіцца бясплодным, манатонным. Вядома, да гэтага спрычынілася мэліярацыя, якая, напэўна, была патрэбная і нават неабходная, але адначасова яна зьнішчыла частку таго краявіду палескага краю, жыцьця расьліннага, жыцьця жывёльнага. Але таксама мэліярацыя зьнішчыла пэўны тып асадніцтва, звычаі, традыцыі. Відавочна, што трэба было асучасьніць вёскі, але яна магла б захаваць нашмат больш культурных асаблівасьцяў, зьнішчаных тымі ж калгасамі, якія адарвалі людзей ад традыцыяў, звычаяў, ад спрадвечнага спосабу жыцьця.
Ранейшая прыгожая палеская вёска, якая магла б быць магнітам для турыстаў, гіне
— Ваша кніга — сьвежы прыклад літаратуры нон-фікшн. Наколькі гэты жанр цяпер папулярны ў Польшчы?
— Я зьдзіўленая, што гэтая кніжка два тыдні на рынку, але ўжо ўзьнікла патрэба дадатковага накладу. Кніга выйшла першым накладам 5 тысяч асобнікаў, і выдавецтва хутка зарыентавалася і адразу вырашыла зрабіць дадатковы наклад — 7 тысяч. Я атрымліваю станоўчыя водгукі. Людзі ў асноўным купляюць кнігу падчас аўтарскіх сустрэчаў у кнігарнях, клюбах, бібліятэках. Выглядае, што шмат людзей зацікавіліся гэтай тэмай. Але вядомы і той факт, што ў Польшчы цяпер вельмі папулярная дакумэнталістыка, ці, як яе называюць, нон-фікшн. Таму тут атрымалася спалучэньне зацікаўленасьці тэмай і формай, у якую гэтая тэма была ўвасобленая.
— Беларусам было б варта прачытаць гэтую кнігу?
— Думаю, так. Тым больш, што большасьць маіх суразмоўнікаў, сучасных герояў маёй кнігі — гэта беларусы. Я старалася прадставіць у гэтай кнізе менавіта беларускі пункт гледжаньня, паказаць вобраз Палесься, якім яго бачаць цяперашнія яго жыхары.
— Як вы пісалі кнігу? Ці прыяжджалі ў Беларусь? Як шукалі герояў?
— У мяне былі два доўгія побыты на беларускім Палесьсі. Адзін раз я была ў Менску, але толькі для таго, каб сустрэцца зь людзьмі, зьвязанымі з Палесьсем, — з прафэсарам Фёдарам Клімчуком, з Вольгай Лабачэўскай, з Валерам Каліноўскім, якія далі мне шмат вельмі цікавых зьвестак пра Палесьсе. Таксама я была ў Вільні на сустрэчы, дзе сустрэліся беларускія і швэдзкія пісьменьнікі і паэты. Спатканьне адбылося ў Вільні, бо швэды не атрымалі беларускіх візаў. Гэтай сустрэчы прысьвечаны апошні разьдзел маёй кнігі.
Я б хацела згадаць з удзячнасьцю беларускіх інтэлігентаў, зьвязаных з Палесьсем. Я была зьдзіўленая іх вялікай цікавасьцю да старажытнай гісторыі, культуры, звычаяў тых мясьцін, у якіх яны жывуць. Сярод іх былі людзі, якія не вывучалі гуманітарных навук — напрыклад, матэматык, настаўнік фізкультуры, былы афіцэр-падводнік. Некаторыя зь іх прынесьлі мне цікавыя дакумэнты, знойдзеныя ў архівах. Яны пішуць цікавыя гістарычныя тэксты ў недзяржаўныя часопісы. У гэтым іхнім зацікаўленьні няма празьмернай заангажаванасьці або прэтэнзіі. Яны хочуць, каб мінулае зямлі, на якой яны жывуць, дапамагло ім зразумець сваё жыцьцё і становішча. У нацыянальным канглямэраце Палесься яны шукаюць не канфлікту, а агульных каштоўнасьцяў, згодных з эўрапейскай ідэяй, такіх, якія даюць надзею ўсім, хто гатовы падзяліцца сваёй каштоўнай спадчынай. Мая кніга бязь іх дапамогі была б значна бяднейшай, і, магчыма, яе б не адбылося наагул.
— Ці думалі вы пра пераклад кнігі на беларускую мову?
— Я не пісала гэтую кнігу з такім намерам, што яе трэба будзе перакладаць, але думаю, што гэта было б цудоўна. Вельмі б хацела, каб быў пераклад менавіта на беларускую мову, таму што я не хачу, каб беларуская мова цалкам здавала пазыцыі ў Беларусі перад расейскай. Разам з тым было б добра, каб пасьля беларускага перакладу выйшаў і пераклад на расейскую мову. Але, падкрэсьлю, беларускую мову лічу важнейшай для перакладу гэтай кнігі. Але ня ведаю, што з гэтага атрымаецца.
— Аляксандру Лукашэнку вы падарылі б гэтую кнігу?
— А чаму не? Відавочна. Калі ён мог прыслаць вянок на пахаваньне кардынала Сьвёнтка, то чаму я не магу падарыць яму кнігу пра Беларусь? Бо кніга ў вялікай ступені ўсё ж пра Беларусь. Але яна і пра Польшчу, і пра габрэяў, і пра палякаў, і пра беларусаў, і пра палешукоў. Таму я магла б падарыць кнігу Лукашэнку, была б рада, каб ён яе пачытаў, хоць у ёй і ёсьць рэчы, якія яму не спадабаюцца.
— Якія, напрыклад?
— Яму б не спадабаліся мае камэнтары пра абмежаваньне свабоды слова ў Беларусі, а таксама абмежаваньне свабоды для мастакоў, пісьменьнікаў. Я старалася не займацца ў гэтай кнізе палітыкай, бо лічу, што палітыкай займаецца шмат публіцыстаў і гэтага дастаткова. Але там ёсьць думкі пра русыфікацыю, якая наступіла пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, пра зьмену нацыянальных сымбаляў, пра пагаршэньне сытуацыі зь беларускай мовай, які саступае расейскай мове, пра тое, што прэзыдэнт не зрабіў ніякіх высілкаў, каб беларуская мова мела хаця б аднолькавы фактычны стан з расейскай. Вось гэта б яму дакладна не спадабалася.
Назва кнігі «Насыпаць горы. Гісторыі з Палесься» ўзятая зь верша Ўладзя Лянкевіча «Ffynnon Garw» з такімі радкамі:
«у нейкі момант пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў
егіпцян і г.д.
вось што нам трэба: трэба насыпаць горы
каб нашы дзеці нарэшце пачалі нараджацца з арлінымі насамі а не з кірпатымі й пляскатымі
насыпаць горы насыпаць
прадаць маёмасьць купіць машыны абавязкова з кузавам рыдлёўкі
лапаты шуфлі мяхі усё для таго каб
насыпаць горы насыпаць горы...»
Малгажата Шэйнэрт (1936) працавала ў польскім тыднёвіку «Literatura», пасьля абвяшчэньня ваеннага стану ў Польшчы супрацоўнічала з нелегальнай прэсай, была сузнаснавальніцай «Gazety Wyborczej», дзе больш за 15 гадоў кіравала адзьдзелам рэпартажу. Першая яе кніга выйшла ў 1972 годзе, «Насыпаць горы. Гісторыі з Палесься» — дванаццатая кніга аўтаркі. Малгажата Шэйнэрт чатыры гады кіравала журы міжнароднага конкурсу дакумэнтальнай прозы імя Рышарда Капусьцінскага.