«Праблема беларусаў, што яны рэдка езьдзяць у Расею», — кажа расейскі філёзаф Максім Гаруноў. Чалавек, які зьведаў сьвет расейскіх нацыяналістаў знутры, працаваўшы ў рэдакцыі шавіністычнага расейскага выданьня «Спутник и Погром», Максім цяпер — вялікі сябар Беларусі ды Ўкраіны і піша ў «Новую газету».
Максім распавёў Радыё Свабода пра тое, як жыць з «русским миром».
— У нас жыва абмяркоўваецца стварэньне Камітэту 25 студзеня. Розныя людзі там сабраліся, але ўсім тут цікава, якую будучыню рыхтуюць гэтыя «камітэтчыкі» Беларусі і на каго яны могуць тут абаперціся, каб рэалізаваць свае пляны. Давайце пачнём з галоўнага: ці сапраўды гэта людзі, якія гатовыя далучаць Беларусь да Расеі?
— Ідэя далучыць Беларусь да Расеі зьявілася адразу пасьля 1991 году, існуе дагэтуль і будзе існаваць бясконца доўга.
Адпаведна, людзі, якія стварылі Камітэт 25 студзеня, яны такія заўжды былі. Вы можаце заехаць у любы вайсковы гарадок, там заўжды будзе некалькі чалавек накшталт палкоўніка Квачкова (Васіль Квачкоў, палкоўнік ГРУ, адбывае пакараньне ў Расеі за падрыхтоўку да збройнага паўстаньня. — РС), якія будуць сьцьвярджаць, што неабходна нешта захопліваць і на Ўсходзе, і на Захадзе, і нам адусюль пагражаюць ворагі. Для Расеі гэта нармальна.
Калі вас цікавіць, наколькі гэтыя ідэі могуць быць рэалізаваныя насамрэч — то, найхутчэй, аніяк.
Пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне, далей ужо нічога ня будзе, як мне цяпер падаецца. Усе будуць шукаць нейкага замірэньня.
Для Беларусі такія «камітэты» небясьпекі не нясуць. Калі тут у Расеі чарговыя 20 публіцыстаў, якія пішуць на чарнасоценныя тэмы, сабраліся і разам сталі пісаць чарговыя ідыёцкія тэксты пра тое, што неабходна захопліваць землі на захад ад Смаленску, гэта ня значыць, што варта зьвяртаць на іх увагу, прынамсі на дадзены момант.
— Што за фігура цяпер у Расеі Ігар Гіркін? Наколькі ён папулярны і чаму ён стаў цэнтрам гэтага руху?
— «Русский мир» як ідэя заўжды існаваў сярод людзей у нізах. Сярод тых, у каго ёсьць праблема з кар’ерай, з грашыма, зь сям’ёй. Людзі, якія вымушаныя біцца за капейку недзе на заводзе, у дзіўных чорных бізнэсах, у дэпрэсіўных раёнах ці ў цэлых дэпрэсіўных гарадах.
Гэта чароўны сымбіёз зь «Бізантыі», Дастаеўскага, мараў пра захоп космасу і гэтак далей. Усё гэта вялікі міт, які вызнаюць людзі, што жывуць на самых нізах.
Калі вы падсядзеце да расейскага дальнабойшчыка ці да кандуктара ў электрычцы Сергіеў-Пасад — Аляксандраў, вы напэўна пачуеце ад іх гісторыі ў духу «русского мира». І ў гэтым міце заўжды ёсьць пэўная колькасьць жывых герояў. Там быў, напрыклад, Канстанцін Душэнаў. Гэта такі антысэміт зь бясконцай колькасьцю кніг і фільмаў пра тое, як габрэі мучаюць рускіх людзей. Ён нават умудрыўся адседзець за антысэмітызм (Душэнаў быў асуджаны ў 2010-м на тры гады пазбаўленьня волі і датэрмінова вызвалены ў 2012-м. — РС). Пасьля няшчасны палкоўнік Квачкоў, Праханаў (Аляксандар Праханаў, галоўны рэдактар нацыяналістычнай газэты «Завтра». — РС.), Прылепін (Захар Прылепін — расейскі пісьменьнік, актыўна падтрымлівае палітыку Ўладзімера Пуціна. — РС) і ўсе астатнія аўтары, якія жывуць у гэтым міце і прадукуюць тэксты, набор вераваньняў, стылістыкі, эстэтыкі.
Гіркін — гэта ідэальная істота з гэтага міту. Вы бераце Калевалу (карэла-фінскі эпас. — РС) і ажыўляеце адтуль любога пэрсанажа. Тое, як Гіркін выглядае, пазыцыянуе сябе ў мэдыях, гэты ўзьнёслы бела-афіцэрскі стыль пісьма, яго вечна незадаволены гістэрычны белы твар, вось гэтыя вусікі і нос — па вялікім рахунку, гэта не зусім ужо і чалавек. Гэта хадзячая праекцыя зь міту. Нібыта ён выйшаў са старонак бясконцых чарнасоценных расейскіх газэт і пачаў хадзіць.
І такіх шмат. Цэлы маленькі пантэон. Калі вы прыйдзеце на нейкі футбольны матч у Маскве, час ад часу заўзятары адной з камандаў, якія вераць у гэты міт, вывешваюць набор партрэтаў — казакоў, вэтэранаў чачэнскіх войнаў... Адна зь любімых крычалак на стадыёнах і падчас «Русского марша» — «Палкоўнік Буданаў — герой Расеі».
Калі б не зьявіўся Гіркін, зьявіўся б нехта іншы. Гэты міт заўжды патрабуе пэўнай колькасьці жывых носьбітаў, пакутнікаў. Усе яны недзе сядзелі, недзе ваявалі, кагосьці забілі...
У апошнія два гады пасьля таго, як адбыліся падзеі, зьвязаныя з «Русской весной», зьявіліся цэлыя каналы на ютубе. Да іх можна падлучацца, і «русский мир» будзе трансьлявацца ў рэжыме 24 гадзіны. Маленькія «гіркіны», чвэрцьгіркіны будуць весьці бясконцыя страшныя размовы пра захоп земляў, аднаўленьне духоўнасьці, рэканструкцыю манастыроў, зьнішчэньне пятай калёны, ворагаў унутры Расеі, ворагаў звонку Расеі.. Гэтае цякучае расейскае трызьненьне цяпер жыве на гэтых каналах і даступнае.
І ня трэба да гэтага ставіцца сур’ёзна. Да гэтага трэба ставіцца як да субкультуры. Толькі гэта субкультура не для моладзі, як «панкі», «мэталісты» ці што там цяпер бывае... Гэта субкультура дарослых людзей са складаным лёсам.
— Небезьвядомы вам Ягор Прасьвірнін (галоўны рэдактар «Спутник и Погром» — РС.) нядаўна намаляваў карціну таго, як гадоў празь дзесяць згвалчаных беларускімі нацыяналістамі дзяцей будуць перадаваць на рэабілітацыю ў расейскія сем’і. Гэта што? Як да гэтага ставіцца?
— Цудоўна (сьмяецца)... Праблема беларусаў, што яны мала езьдзяць у Расею і мала тут жывуць. Трэба езьдзіць у Ніжні Ноўгарад, у Самару, і вы зразумееце, што карціны пра тое, як беларускія нацыяналісты гвалцяць беларускіх дзяцей, — гэта фальклёр. Ён заўжды быў і ёсьць. Любы расеец будзе распавядаць вам гэта кілямэтрамі і прыдумляць на хаду. Аніякай сэнсацыі тут няма. Звычайная плынь трызьненьня чарнасоценных расейскіх пэрсанажаў.
Ня трэба ставіцца да гэтага сур’ёзна. Гэта можа стаць сур’ёзным, калі ў Крамлі прымуць рашэньне, што Беларусь сапраўды трэба заваёўваць. Тады гэта стане часткай афіцыйнай прапаганды. Дзякуючы гэтым коміксам і ідыёцкім гісторыям людзей будуць мабілізаваць на вайну зь Беларусьсю. А пакуль гэта існуе ў форме фальклёру.
Прасьвірнін нічога надзвычайнага не напісаў. Можа, п’яны быў, а можа, жарт дурны. Гэта рускія, яны так трызьняць.
Ня трэба ім перашкаджаць так бачыць сьвет і спрабаваць іх перавучыць. Навучыцеся глядзець на гэта з адлегласьці і любавацца. Калі вашы эстэтычныя густы дазваляюць.