Беларускі сьпявак Макс Корж анансаваў у Instagram канцэрт у Кіеве 23 сьнежня — першы канцэрт ва Ўкраіне пасьля паўтарагадовай забароны на ўезд. Як сьцьвярджае сьпявак, дазвол на ўезд яму дала Служба бясьпекі Ўкраіны.
«Здыманьне забароны было для мяне нечаканасьцю, — піша Корж. — Асабліва на правасудзьдзе я не разьлічваў, але ня мог сядзець склаўшы рукі. І праз пэўны час я ўсё ж быў пачуты. Ня ведаю, навошта СБУ прыняла гэтае рашэньне, у іх была прычына не рабіць гэтага, але я зусім ня супраць такой „амністыі“. Нягледзячы на тое, што я зь Беларусi, ва Ўкраіне людзі мяне ведаюць ня першы год, я ніколі наўмысна не чыніў ніякай пагрозы бясьпецы гэтай краіны, наадварот, заўсёды зь усёй душой і цяпер жадаю хутчэйшага міру і дабрабыту».
СБУ дазвол на ўезд Каржу не камэнтавала. Ва Ўкраіну ён прыяжджаў яшчэ прынамсі ў чэрвені, але тады канцэртаў не даваў.
Максу Каржу забаранілі ўезд ва Ўкраіну ў лютым 2016 году — верагодна, пасьля таго, як СБУ стала вядома пра ягоныя канцэрты ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме ў 2015 годзе. На сайце сьпевака сьцьвярджалася, што канцэрты не адбыліся, але слухачы публікавалі ў сацсетках фота і відэа з выступаў.
З такой забаронай можа сутыкнуцца і шараговы беларус, калі наведае акупаваны Крым міма ўкраінскай мяжы і без дазволу ўладаў Украіны — у тым ліку празь легальныя ў Расеі шляхі.
28-гадовы Макс Корж родам з Лунінца, сьпявае па-расейску ў стылі на мяжы хіп-хопу і электрапопу (раней сьпяваў па-беларуску ў складзе Lunclan). Выдаў 4 студыйныя альбомы (адзін падвойны) і амаль два дзясяткі кліпаў. Пэрыядычна трапляе ў топавыя пазыцыі ў расейскіх чартах, зьбірае поўныя залі на канцэртах, у тыі ліку «Менск-Арэну».