Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў «незразумелымі папрокі» літоўскіх партнэраў адносна бясьпекі Астравецкай АЭС. Ён адзначыў, што ў апошні час вакол эканамічнага праекту АЭС «пачалася нейкая палітычная вакханалія»:
«Адной рукой нашы літоўскія партнэры галасуюць за адмену санкцый, другой рукой — за тое, каб фінансавыя эўрапейскія інстытуты не супрацоўнічалі зь Беларусьсю», — сказаў Макей журналістам.
Паводле Макея, пазыцыя Літвы ў тым, што гэтыя інстытуты будуць фінансаваць праекты, якія могуць быць зьвязаныя з будаўніцтвам АЭС.
«Чытай, калі мы займаемся разьвіцьцём нашай інфраструктуры, зьбіраемся будаваць дарогі за кошт крэдытаў эўрапейскіх фінансавых інстытутаў, то гэтая дарога можа быць выкарыстана для падвозу будматэрыялаў для АЭС. Нам такая пазыцыя незразумелая. Гэта азначае фактычна новыя завуаляваныя санкцыі», — цытуе Макея tut.by.
Макей скрытыкаваў заявы пра магчымую небясьпеку расейскага рэактара:
«Беларусь як краіна, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, ніколі ня будзе будаваць небясьпечную станцыю. Мы не хацелі б зноў мець „атамную бомбу запаволенага дзеяньня“, як вобразна выказаўся адзін зь літоўскіх палітыкаў. Мы не такія, прабачце, ідыёты».
Макей таксама назваў «абсалютнай хлусьнёй і няпраўдай» цьверджаньні пра тое, што Беларусь ня хоча супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі па тэме АЭС. Паводле міністра, «антыбеларуская гістэрыя, якая нагнятаецца цяпер у літоўскім грамадзтве, не спрыяе разьвіцьцю добрасуседзкіх, сяброўскіх адносін».
24 траўня падчас тэлефоннай размовы з намесьнікам старшыні Эўракамісіі Марашам Шэфчовічам кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што ў пытаньні ядзернай бясьпекі ня можа быць кампрамісаў. Таму Літва заклікае Беларусь стварыць міжнародную экспэртную камісію, якая ацэніць працэс ажыцьцяўленьня праекту Астравецкай АЭС.
«Мы таксама патрабуем, каб Беларусь запрасіла міжнародных экспэртаў прыняць удзел у тэставаньні АЭС у неспрыяльных умовах, цалкам ажыцьцявіла міжнародныя патрабаваньні бясьпекі і ўлічыла рэкамэндацыі Камітэту Канвэнцыі Эспаа», — цытуе літоўскага міністра DELFI.
Шэфчовіч сказаў, што Эўракамісія гатовая накіраваць сваіх экспэртаў у Беларусь.