Сёлета на Плошчу выйшла няшмат людзей. Хоць многія былі сталымі ўдзельнікамі акцыяў пратэсту, знайшліся і тыя, для каго акцыя 11 кастрычніка стала першай.
Як паказваюць падзеі з кадэтамі ў Ястрэмблі і акцыя салідарнасьці зь імі, нацыянальная сымболіка папулярная і сярод маладога пакаленьня. Кадэт, які выклаў здымак у сеціва, распавядаў Свабодзе, што хацеў паехаць на Плошчу, ды з вучэльні не выпускалі яшчэ за дзень да выбараў. Але былі і маладыя людзі, якія дайшлі да Плошчы.
Ці ня самым вядомым героем сёлетняй Плошчы стаў Ягор Скрабнеўскі — 17-гадовага хлопца затрымала міліцыя, але ў хуткім часе яго адпусьцілі, не далі нават падпісаць пратакол. Чаго б хлопцу ў такім узросьце браць удзел у нешматлюднай і рызыкоўнай акцыі, дый наагул цікавіцца палітыкай?
«Я цікаўлюся ня столькі палітыкай, колькі больш лёсам краіны, ды ён, адпаведна. залежыць і ад палітыкі, — кажа Свабодзе Ягор. — Мне было цікава падтрымаць нацыянальную думку, яна не ўва ўсім залежыць ад палітыкі. А ўвогуле гэтым усім я стаў цікавіцца прыкладна тры гады таму.
Маё затрыманьне адбылося... напэўна, як звычайнае затрыманьне. Мяне першы раз затрымалі, я ня ведаю. Падышлі міліцыянты, прадставіліся, артыкул мой назвалі. Пачалі складаць пратакол, імя-прозьвішча, дзе вучуся, чым займаюся. Потым адвялі ў мікрааўтобус, ужо ў аўтобусе пачалі перапісваць дадзеныя, ужо пратакол у афіцыйнай форме. Празь некаторы час іх сталі падганяць — яны мяне проста адпусьцілі, не далі падпісаць нічога.
Your browser doesn’t support HTML5
Пасьля я размаўляў з дырэктаркай школы. Зь ёй была такая напаўсяброўская размова, што я зьбіўся з курсу, кудысьці не туды іду, што ўсё гэта ня мае ніякага сэнсу — гэтая палітыка. У цэлым больш нічога. Яшчэ выказаліся некаторыя настаўнікі, але не станоўча і не адмоўна. Проста выказаліся, што ведаюць, чулі пра гэта. У астатнім у мой бок не гучала ніякіх адмоўных водгукаў, ніякіх абразаў. Словы падтрымкі гучалі ад аднаклясьнікаў, шмат ад каго. Бацькі мяне падтрымліваюць, пра затрыманьне яны даведаліся з трансьляцыі.
Было крыху больш за 100 чалавек на Плошчы, але гэтага было мала. Ад гэтага крыху сумна: шкада, што людзі такія малаактыўныя. Хоць я ўпэўнены, што ёсьць шмат людзей, якія падтрымліваюць сапраўды незалежную Беларусь, пад нашым сьцягам бел-чырвона-белым, пад «Пагоняй». Ня ведаю, чаму яны ня выйшлі, і спадзяюся, што гэтая сытуацыя ў хуткім часе зьменіцца ў розумах людзей. А чаму апазыцыйных лідэраў не было? Сказаць не магу дакладна, але хацелася б, каб яны там прысутнічалі. Напэўна, гэта зьвязана з тым, што апазыцыя апошнім часам увогуле малаактыўна дзейнічала. А не затрымлівалі масава, напэўна, бо людзей было мала. Пэўна, у гэтым міліцыянты ня бачылі сэнсу, бо мы пагрозы ніякай не ўяўлялі.
Я сам хацеў бы ведаць адказ на пытаньне, ці зьявіцца ў нас моцны кандыдат на наступных выбарах. На мой погляд, самы моцны і сапраўды незалежны ад усіх астатніх — гэта Зянон Пазьняк, але яго няма ў Беларусі, і наўрад ці ён вернецца. А наконт астатніх і не магу сказаць. Статкевіч, на мой погляд, някепскі кандыдат, але на гэтых выбарах у яго было мала часу, каб разгарнуцца. Тым больш яму не далі зарэгістраваць сваю асобу ў выбарчай гонцы. А ці зьявяцца яны ўвогуле да наступных выбараў, нават ня ведаю».
Студэнтка Віялета Саўчыц распавядае, што першапачаткова і не зьбіралася ісьці на Плошчу, ды незнарок «закрыла гештальт»:
«На Плошчу я трапіла амаль што выпадкова: пайшла ў Свабодны тэатар на пастаноўку „Ліст да Кэці Акер. Менск’11“, а апынулася літаральна на сцэне — на Кастрычніцкай плошчы. У пэўным сэнсе я „закрывала гештальт“ 10-га году: мінулым разам на Плошчу ня трапіла і вельмі шкадавала пра гэта апошнія пяць гадоў. Аднак рэвалюцыйны запал за гэты час амаль што сышоў, і, здаецца, ня толькі ў мяне, як мы пабачылі вечарам адзінаццатага кастрычніка.
Пратэставалі зразумела супраць чаго, але збольшага гэта быў такі стыхійны сымбалічны акт, бо ўсё было прадказальна і безнадзейна. На Плошчы я абрала ролю хутчэй назіральніка, чым удзельніка, але, вядома, энэргетыка натоўпу ўзбуджае. У паветры было адчуваньне, нібы перад навальніцай: яшчэ хвіліна — і гісторыя паўторыцца. Кандыдатаў не было, што лягічна ды зразумела, таму народ „забаўляўся“ як мог: сьпяваў, маліўся, гутарыў між сабой ды з журналістамі, а потым разышоўся».
Мікіта ня хоча называць сваё прозьвішча — маўляў, у школе праходзяць непрыемныя размовы з вучнямі, якіх бачылі на мітынгах ці іншых акцыях, таму на рызыку ісьці ня хочацца. Ды пацьвярджае: на Плошчы быў, выкладваў адтуль здымкі ў інтэрнэт.
«Я зь Менску, жыў тут усё свае жыцьцё, — распавядае пра сябе Мікіта. — Вучуся ў школе, 11 кляс. Стажыраваўся ў тэхнічнай дапамозе ўлетку, пішу простыя сайты і праграмы ў вольны час. За палітычнымі навінамі сачу зусім нядаўна, большую частку жыцьця быў увогуле індыфэрэнтны да гэтага. Але беларускай культурай і гісторыяй цікавіўся нашмат больш, мабыць, зь дзявятага клясу. У беларускай мове я зусім аматар, нават зараз некаторыя словы прыходзіцца шукаць.
На Плошчу пайшоў, бо незадаволены амаль што ўсім, што робіцца ў нашай краіне. Гэта і эканамічная сытуацыя, якая есьць мае грошы, зарплаты і ашчаджэньні, і недавер да выбаркаму, бо лічбы ў папярэдніх выніках занадта вялікія...
Акцыю лічу правальнай, бо народу сабралася мала, дый выглядала звонку ўсё альбо як адна ўбогая выпадковасьць, альбо як паўпастаноўка для якога Euronews. На мой погляд, кандыдаты і лідэры не прыйшлі, бо нехта адкрыта заявіў, што зь імі будзе.
Адносна мяне нічога незаконнага не было, але такія выпадкі сярод маіх знаёмых я ведаю. Скажам, прымус ісьці на выбары з пагрозай выгнаць з інстытуту. Але ж я адчуў на сабе, зь якім падазрэньнем АМАП і міліцыя ставяцца да ўсіх. Напрыклад, мяне тры разы затрымлівалі розныя кадры і пыталіся: „Адкуль ідзеш, куды ідзеш, колькі гадоў?“ і іншае.
З кандыдатаў у гэтым годзе мне не спадабаўся ніхто. Бо мы маем толькі Лукашэнку, двух „саўкоў“ і, хоць і з прыгожымі прамовамі, але без канкрэтнага пляну, Караткевіч. На маю думку, штосьці зьмяніць можа толькі больш актыўная апазыцыя, бо на Эўропу надзеі няма... Але, мне здаецца, з палітыкай усё будзе, як і было: нестабільная сытуацыя ў эканоміцы — і амаль што поўная цішыня з боку апазыцыі».